«Вельмі нават нядрэнна». Беларуска распавяла, колькі ў Польшчы можна зарабіць таксуючы
У Беларусі Анастасія працавала бухгалтарам і ўзначальвала аддзел па мінеральных угнаеннях, а потым займалася прасоўваннем брэндаў у сацсетках. У эміграцыі ёй давялося часткова памяняць сферу дзейнасці: яна пачала таксаваць. «MOST» пагаварыў з дзяўчынай аб заробках і выдатках, рызыках для бяспекі і ўмовах працы.
Апошнія пяць месяцаў 26-гадовая Анастасія працуе кіроўцам таксі. У Беларусі яна таксама вадзіла машыну, але жадання зарабляць на гэтым не было. У эміграцыі, паводле слоў дзяўчыны, у яе з'явілася шмат вольнага часу, таму вырашыла не марнаваць яго дарма, а паспрабаваць сябе ў новай ролі.
Як стаць таксісткай
— Мой стаж кіравання машынай — восем гадоў, па гэтым патрабаванні я праходзіла без пытанняў. Для працаўладкавання неабходна мець пасрэдніка, таму што працаваць наўпрост з агрэгатарам, напрыклад, Freenow або Bolt, нельга. На шчасце, у Беластоку іх шмат, і знайсці можна без адмысловай працы, — тлумачыць дзяўчына.
Працаўладкаванне заняло нямала часу. Для працы ў таксі трэба легальна знаходзіцца ў Польшчы і прайсці дзве медкамісіі.
Спачатку Анастасія прайшла псіхатэрапеўта. Там трэба было здаць пісьмовы тэст і выканаць дзеянні з малюнкамі і крыніцамі асвятлення: па тым, як чалавек рэагуе на змену яркага святла на цьмяны, лекар правярае рэакцыю. Уся праверка заняла каля дзвюх з паловай гадзін.
Пасля гэтага чалавек ідзе да сямейнага лекара — там правяраюць зрок, слых і іншыя паказчыкі здароўя. Калі абедзве медкамісіі пройдзены паспяхова, прэтэндэнту выдаюць даведку аб тым, што ён прыдатны для працы ў таксі.
Потым з медыцынскімі дакументамі трэба прыйсці ў суд (у Беластоку Анастасія адносіла дакументы ў Sąd Okręgowy), каб атрымаць даведку аб несудзімасці.
— Праўда, калі ў вас беларускае пасведчанне кіроўцы, то з ім можна ездзіць толькі 185 дзён бесперапыннага знаходжання ў Польшчы, потым яго трэба памяняць на польскае. А пакуль ездзіш па беларскім пасведчанні, трэба зрабіць яго прысяжны пераклад на польскую мову, — дадае Наста.
Калі пытанні з дакументамі вырашаны, можна звярнуцца ў кампанію-пасрэднік, каб афіцыйна працаўладкавацца і падпісаць дамову.
— Мяне зарэгістравалі як кіроўцу таксі і выдалі адпаведную ліцэнзію. Затым я верыфікавалася ў агрэгатары Bolt, падала дакументы і на працягу дня чакала, калі прыйдзе пацвярджэнне. Кампанія-пасрэднік прапануе кіроўцам машыны ў арэнду. Але, наколькі мне вядома, яна патрабуе ад кіроўцаў поўную занятасць, а ў мяне гэта толькі падпрацоўка. Па гэтай прычыне я знайшла іншую кампанію, з якой працую па дамове арэнды. Так не забаронена рабіць — галоўнае, каб аўтамабіль быў зарэгістраваны, не быў старэйшым за 20 гадоў і меў ліцэнзію для працы ў таксі.
«Дзяўчатам у таксі нашмат лепш працаваць, чым мужчынам»
Анастасія прызнаецца, што за пяць месяцаў працы ні разу не сутыкалася з грэблівым стаўленнем да жанчыны за рулём: ні ад пасажыраў, ні ад калег ёй не даводзілася чуць сэксісцкіх жартаў або непахвальных каментароў. Хутчэй, наадварот — часта чуе словы захаплення, а пасажыры пакідаюць станоўчыя водгукі. Яна паказвае адзін: «Ой, дзякуй за паездку, так хутка даехалі. Прыемная атмасфера. Адразу відаць, што машына дзяўчыны — усё чыста, акуратна і смачна пахне».
Не было і сітуацый, калі Анастасія адчула б пагрозу бяспецы.
— Па-першае, у дадатку Bolt ёсць функцыя Women for women (дазваляе жанчынам-кіроўцам атрымліваць заказы толькі ад жанчын). Па-другое, наколькі мне вядома, у Беластоку ў цэлым няма праблем з бяспекай кіроўцаў таксі. Мне здаецца, рызыкі ўзрастаюць у больш буйных гарадах.
Наста заўважыла, што палякі вельмі гаваркія:
— Ім заўсёды цікава, чаму я працую ў таксі, і яны вельмі шчодрыя на кампліменты. Заўсёды кажуць, маўляў, малайчына, што працуеш, зарабляеш, не баішся такой працы. На самай справе дзяўчатам у таксі, мне здаецца, нашмат лепш працаваць, чым мужчынам, таму што пасажыры нашмат больш лаяльныя і заўсёды пакідаюць чаявыя. Не магу сказаць, што я ўсім раю ісці працаваць у таксі, але лічу, што гэта не самы дрэнны варыянт працы ці падпрацоўкі менавіта для дзяўчат.
Сярод плюсаў Анастасія выдзяляе пастаянную моўную практыку.
— Да працы ў таксі ў мяне хапала ведаў для падтрымання гутаркі, але праз пяць месяцаў працы слоўнікавы запас стаў нашмат больш разнастайным і багатым. Калі б я зусім не ведала мову, то, напэўна, было б нашмат складаней: часта здараецца, што навігатар паказвае няправільную дарогу ці я не ведаю, з якога боку лепш пад'ехаць. Даводзіцца тэлефанаваць пасажырам. Як гэта зробіць кіроўца без ведання польскай?
«У месяц можна выйсці на чысты прыбытак у 6 тыс. злотых»
На падпрацоўку ў таксі Анастасія марнуе прыкладна 3-4 гадзіны ў некаторыя буднія дні і ўсе выхадныя — па 10 гадзін у дзень.
Умовы супрацоўніцтва Анастасію задавальняюць. Агрэгатар забірае прыкладна 23% выручкі і яшчэ 18% трэба аддаваць кампаніі-партнёру, з дапамогай якога дзяўчына змагла працаўладкавацца. Да гэтых выдаткаў трэба дадаць яшчэ кошт арэнды аўтамабіля, але, паводле слоў дзяўчыны, яна невялікая, калі параўноўваць з цэнамі на рынку.
— У сярэднім цэны арэнды вар'іруюцца ад 400 да 900 злотых на тыдзень. Я плачу 400 злотых за машыну 2010 года на механіцы. Ведаю дакладна, што за Toyota Prius трэба плаціць 700 злотых на тыдзень, а агулам чым лепшая машына, тым больш за яе трэба плаціць. Я думаю, што зарабляць можна вельмі нават нядрэнна, калі гэта пастаянная праца. З улікам арандаванай машыны ў месяц можна выйсці на чысты прыбытак у 6 тыс. злотых (каля 1,5 тысячы долараў).
На выхадных больш п'яных пасажыраў, але Анастасія кажа пра іх спакойна.
— П'яныя
пасажыры па выхадных — гэта
класіка. Заўважыла такую заканамернасць: п'яныя мужчыны проста вырубаюцца ў
машыне, і іх потым трэба будзіць. На шчасце, ніхто з іх ніколі не абзываў і не
абражаў мяне. А п'яных дзяўчат, як правіла, ванітуе, але я заўсёды ім кажу, што
магу спыніцца, калі стане дрэнна. Часцей за ўсё гэта адбываецца ноччу ў
выхадныя дні, калі дарогі пустыя. Таму мне нескладана спыніцца
на аварыйцы ў любым месцы, каб дзяўчына выйшла з машыны і зрабіла, скажам так,
усё, што ёй неабходна. Рада, што пакуль што мне ніхто не пэцкаў машыну, і,
спадзяюся, гэтага і не адбудзецца.