Праціўнікаў смяротнага пакарання ў Беларусі стала больш, чым прыхільнікаў

Колькасць праціўнікаў смяротнага пакарання перавысіла колькасць прыхільнікаў, пра што сведчаць дадзеныя даследавання сацыялагічнай кампаніі САТІО. 



01_01.jpg

Адмяніць смяротнае пакаранне, выконваць мараторый, ісці да адмены хочуць 43,3% апытаных беларусаў; пакінуць прымяненне ў цяперашніх рамках або пашырыць — 41,9%. У мінулым годзе такіх было 44,9% і 46% адпаведна, пішуць «Белорусские новости».

Пры гэтым узровень інфармаванасці насельніцтва скрайне нізкі і працягвае падаць. 37,3% не ведаюць, што ў краіне дзейнічае смяротнае пакаранне.

Колькасць праціўнікаў смяротнага пакарання павялічваецца, нягледзячы тое, што памяншаецца колькасць тых, хто думае, што нашы суды часта памыляюцца. У гэтым годзе 39,5% беларусаў думаюць, што судовыя памылкі рэдкія — у мінулым годзе такіх было 30%. 66,5% вераць, што радавы беларус можа спадзявацца на справядлівы суд (у мінулым годзе такіх было 61,8%).

Пры гэтым, стаўленне да суду і праваахоўных органаў, як гаворыцца, «ад жыцця». Так, 35,4% людзей думаюць, што суддзі бяруць хабар, 41,3% — што суддзі выносяць рашэнні пад ціскам уладаў.

Злачыннасць не моцна хвалюе беларусаў. Амаль трэць лічаць, што за апошнія 5 гадоў узровень злачыннасці знізіўся. З ліку асноўных праблем, якія хвалююць людзей, тэма злачыннасці знаходзіцца на 13 месцы (6,2%). Абмяркоўваючы тэму злачыннасці летам 2014 года, рэспандэнты часцей за ўсё (24,8%) казалі пра сітуацыю ў Украіне.

Таксама беларусы дыстанцуюцца ад адказнасці за смяротнае пакаранне. Толькі 9,3% грамадзян лічаць, што народ прымае рашэнне аб захаванні смяротнага пакарання. І толькі 5,6% апытаных думаюць, што народ нясе адказнасць за выкананне пакаранняў, хоць кожны расстрэльны прысуд выносіцца «імём Рэспублікі Беларусь».