Праціўнікі ўшчыльнення забудовы ініцыююць мясцовы рэферэндум
Што больш важна для мінчан: тысячы новых квадратных метраў жылля або прасторныя двары, спартыўныя пляцоўкі, зялёныя зоны? Такое пытанне хочуць вынесці на мясцовы рэферэндум лідэры ініцыятыўных груп Першамайскага раёна сталіцы. «Хай не чыноўнікі, а самі мінчане вырашаць, ці трэба далейшае ўшчыльненне забудовы», — кажуць аўтары ініцыятывы.
— Праблемы ўшчыльнення забудовы сёння хвалююць мінчан, людзі хочуць, каб іх меркаванне
было пачута, — патлумачыў на прэс-канферэнцыі неабходнасць рэферэндуму грамадскі
актывіст Віктар Янчурэвіч. — Найбольш канфліктным ў гэтым сэнсе
з'яўляецца Першамайскі раён. Адначасова мы назіраем тут каля пяці ачагоў сацыяльнага напружання, якія звязаны з ушчыльненнем забудовы, высечкай зялёных зон. Тэрытарыяльны рэсурс раёна
абмежаваны, і колькасць гэтых ачагоў з часам будзе толькі ўзрастаць. Зыходзячы з гэтага, прапануем канструктыўнае, на наш погляд, рашэнне — вынесці пытанне развіцця раёна на мясцовы рэферэндум.
На прэс-канферэнцыі сабраліся прадстаўнікі розных ініцыятыўных груп раёна. Па словах Валянціны Малюцінай, якая супрацьстаіць ушчыльненню ў Уручча-2, корань канфліктаў у тым, што
ўлада перастала прыслухоўвацца да меркавання мінчан, нават калі людзі паказваюць на канкрэтныя парушэнні закона.
Удзельнікі прэс-конферэнцыі ўспомнілі фразы, якія часта кажуць забудоўшчыкі і архітэктары: зямля ў двары належыць не жыхарам дома, а ўтрымоўваецца на балансе горада за кошт бюджэту, таму
распараджацца ёй людзі не маюць права.
На думку грамадскіх актывістаў, мясцовы рэферэндум дазволіць зразумець, наколькі праблема ўшчыльнення забудовы хвалюе жыхароў раёна. Бо чыноўнікі спрабуюць даказаць адваротнае, маўляў,
бударажыць грамадства толькі група правакатараў, якія вандруюць з аднаго грамадскага абмеркавання на іншае.
Мінчанін Вячаслаў Піліпчук падняў праблему высечкі дрэў у мікрараёне Уручча дзеля будаўніцтва аўтацэнтра «Audi». З яго слоў, ініцыятыўная група звярнулася ў
Акадэмію навук для правядзення экспертызы. Навукоўцы даслалі адказ: дрэвы паміж аўтатрасай і жылымі дамамі выконваюць ролю ахоўнага экрана, на 89,7% гэта здаровы лес, а асобныя дрэвы неабходна ўнесці
ў базу асабліва каштоўных аб'ектаў расліннага свету Мінска.
— У адміністрацыі ёсць сваё бачанне развіцця Першамайскага раёна — праз ўшчыльняльную забудову і высечку зялёных насаджэнняў, — кажа актывіст. — Грамадзяне Першамайскага раёна і, у прыватнасці, жыхары Усходняга маюць іншы пункт гледжання. Яны
прапануюць: давайце развіваць раён праз пашырэнне яго тэрыторыі не ў шкоду цяперашнім жыхарам і будучым пакаленням. Мы бачым два пункты гледжання на шалі вагаў. Звычайна ў побыце такія пытанні
вырашаюць кіданьні жэрабя. Дык няхай такім жэрабем стане мясцовы рэферэндум, права на які гарантавана канстытуцыяй.
У бліжэйшыя паўтара месяца грамадскія актывісты плануюць разгарнуць інфармацыйную працу, затым пры дапамозе юрыстаў сфармулююць пытанне або пытанні, якія могуць быць вынесены на рэферэндум.
Запланаваны сустрэчы з дэпутатамі Мінгарсавета.
У мінулым годзе жыхары Першамайскага раёна ўжо спрабавалі правесці мясцовы рэферэндум, на якім хацелі вызначыць лёс Севастопальскага парку. Тады адміністрацыя Першамайскага раёна нават не
захацела рэгістраваць ініцыятыўную групу: маўляў, пытанне неактуальнае. Ці не паўторыцца сітуацыя на гэты раз?
— У нас няма ілюзій, але мы хочам, каб улады пачулі меркаванне
людзей, — тлумачыць Дзяніс Кобрусеў, удзельнік многіх акцый супраць
ушчыльнення забудовы. — Калі большасць скажа «так» ушчыльненню, то
пытанне здымаецца: мінчукі вызначацца, што ім важныя квадратныя метры, а ня зеляніна, і тады ўлада атрымае карт-бланш. Калі ж людзі выкажуцца за пашырэнне раёна, тады гэта ясны пасыл, як трэба
дзейнічаць.
realt.onliner.by