Прадстаўнікі грамадскасці ўшанавалі памяць ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага

24 снежня ў Трасцянцы пад Мінскам прадстаўнікі грамадскасці ўшанавалі памяць дзеяча беларускага нацыянальнага адраджэння, палітыка і публіцыста, перакладчыка і выдаўца, падпольшчыка і палітычнага вязня, ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага (16.11.1888, мястэчка Поразава Ваўкавыскага павету Гродзенскай губерніі—24.12.1942).



91ba4a4478a66bee9812b0804b6f9d1b.jpg

24 снежня ў Трасцянцы пад Мінскам прадстаўнікі грамадскасці ўшанавалі памяць дзеяча беларускага нацыянальнага адраджэння, палітыка і публіцыста, перакладчыка і выдаўца, падпольшчыка і палітычнага вязня, ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага (16.11.1888, мястэчка Поразава Ваўкавыскага павету Гродзенскай губерніі—24.12.1942). Арганізатарамі акцыі выступілі аргкамітэты па стварэнню партыі БХД і руху салідарнасці «Разам», Мінская гарадская секцыя міжнароднага гісторыка-асветніцкага, дабрачыннага і праваабарончага таварыства «Мемарыял», а таксама ініцыятары малебнаў за вызваленне беларускіх палітзняволеных.
Удзельнікі ўшанавання, якое праводзілася пад бел-чырвона-белым сцягам, усклалі кветкі, запалілі знічкі, праспявалі песні нацыянальнага адраджэння каля памятнага крыжа на месцы забойства Вінцэнта Гадлеўскага. Шасціканцовы драўляны крыж Ефрасінні Полацкай вышынёй 3,5 метры быў усталяваны год таму па ініцыятыве старшыні Мінскага гарадскога культурна-асветніцкага клуба "Спадчына" Анатоля Белага. 
Як адзначыла грамадскі актывіст Ганна Шапуцька, штогод прадстаўнікі беларускага грамадства ўшаноўваюць памяць вялікага беларуса Вінцэнта Гадлеўскага – нязломнага змагара за незалежнасць Беларусі і рыцара свабоды. Паводле яе слоў, мемарыяльны крыж усталяваны менавіта там, дзе акупанты растралялі ксяндза. А гэтае месца было знойдзена Яўгенам Цумаравым з дакументаў, якія захаваліся пасля вайны, сказала Шапуцька.              
На думку грамадскага актывіста Галіны Сіўчык, неабходна дабівацца ўшанавання памяці Гадлеўскага ў сталічным Чырвоным касцёле (касцёле святых Сымона і Алены), пробашчам якога ксёндз з'яўляўся да забойства. Паводле яе слоў, казанні ў храме Гадлеўскі веў па-беларуску, дзякуючы яго высілкам пад час акупацыі былі адчыненыя тысячы беларускіх школ.  
Грамадскі актывіст Валерыя Чарнаморцава звярнула ўвагу на тое, што ў Трасцянцы побач ляжаць ахвяры савецкага і нацыстоўскага таталітарных рэжымаў, у тым ліку так званыя «ворагі народа», яўрэі і ваеннапалонныя Другой сусветнай вайны.   
Грамадскі актывіст Юля Фралова падкрэсліла ролю рымска-каталіцкай царквы ў адраджэнні беларускай мовы і культуры, а таксама чалавечай годнасці. Яна звярнулася да Бога, каб касцёл стаў месцам салідарнасці беларусаў. 

Гадлеўскі далучыўся да руху нацыянальнага адраджэння напярэдадні Першай сусветнай вайны. У снежні 1917 года ён браў удзел у I Усебеларускім кангрэсе, а ў 1918 годзе ўваходзіў у склад Рады БНР і браў удзел у абвяшчэнні дзяржаўнай незалежнасці Беларусі, быў адным з заснавальнікаў партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя". Быў настаяцелем рымска-каталіцкай абшчыны ў мястэчку Жодзішкі (зараз Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці). За патрыятычную дзейнасць неаднаразова арыштоўваўся польскімі ўладамі і два гады правёў у Варшаўскай турме. Пераклаў на беларускую мову "Новы запавет", выдаваў газету "Беларускі фронт", рыхтаваў глебу для стварэння "Беларускай незалежніцкай партыі". У гады Другой сусветнай вайны Гадлеўскі арганізаваў беларускі нацыянальны антыфашысцкі супраціў і быў яго духоўным лідарам. 24 снежня 1942 года яго арыштавалі супрацоўнікі службы бяспекі і ў той жа вечар расстралялі ва ўрочышчы Благоўшчына каля вёскі Трасцянец. Усё жыццё Гадлеўскі прысвяціў рэалізацыі беларускай нацыянальнай ідэі, якая, на яго думку, аб`ядноўвае мінулыя, цяперашнія і будучыя пакаленні, а таксама людзей, раздзеленых адлегласцямі і межамі.