Прадстаўнік АГП пра новы закон: Выхад толькі адзін — ліквідацыя

За кратамі на сёння знаходзяцца 12 членаў Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Што будзе з АГП далей? Пра гэта ды іншае «Народнай Волі» распавёў выконваючы абавязкі старшыні АГП Уладзімір Шанцаў.

Уладзімір Шанцаў

Уладзімір Шанцаў

Старшыня АГП Мікалай Казлоў быў асуджаны ў мінулым годзе на два з паловай гады пазбаўлення волі за ўдзел разам з калегамі па партыі ў адным з маршаў пратэсту.

На судзе Казлоў назваў абвінавачанне «сумессю дзіўнай логікі і нястрымнай фантазіі». А на пытанне суда, ці прызнае сваю віну, Казлоў адказаў: «Я прызнаю сябе больш пацярпелым, чым вінаватым».

Усяго на гэты момант за кратамі знаходзяцца дванаццаць членаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Акрамя Мікалая Казлова, гэта Антаніна Кавалёва, Аксана Аляксеева, Дзіяна Чанушына, Андрусь Асмалоўскі, Артур Смалякоў, Леанід Судаленка, Аляксандр Нагела, Уладзімір Няпомняшчых, Андрэй Кудзік, Антон Баброў і Рамуальд Улан.

— Шчыра кажучы, ніякіх навін пра Мікалая Казлова мы не маем, — кажа выконваючы абавязкі старшыні АГП Уладзімір Шанцаў. — Лісты яму пішам, але ў адказ нічога не атрымліваем. Не ведаем, ці даходзяць яму нашы пасланні, як не ведаем і тое, ці піша што-небудзь ён нам у адказ.

Раней ад Мікалая атрымлівала лісты яго сястра, але апошнім часам яна проста не выходзіць на сувязь. Магчыма, не хоча даваць нейкую інфармацыю ў публічную прастору, каб не нашкодзіць брату.

— Аднапартыйцы нейкім чынам падтрымліваюць свайго лідара?

— Тэлевізар яму арганізавалі ў камеру, асабіста я перадаў Мікалаю некалькі перадач. У перадачах былі апельсіны, ігрушы, каўбаса і гарбата, некалькі блокаў цыгарэт, бо Казлоў любіць падыміць.

Таксама ў яго ёсць грошы на адмысловым рахунку, якія можна выкарыстаць на тое, каб нешта купіць з прадуктаў у турэмным буфеце.

Мікалай Казлоў

Мікалай Казлоў

— На якім свеце зараз знаходзіцца ваша арганізацыя? Ужо мёртвая ці яшчэ варушыцца?

— Пакуль варушымся, працуем, наколькі гэта магчыма ў сённяшніх рэаліях. Праводзім палітсаветы, прымаем рэзалюцыі…

Напрыклад, не так даўно мы праводзілі круглы стол па абмеркаванні законапраекта «Аб зменах законаў па пытаннях дзейнасці палітычных партый і іншых грамадскіх арганізацый», які, як вядома, ужо прыняты палатай прадстаўнікоў у двух чытаннях.

З нашага боку, была спроба цывілізавана вырашаць гэтае пытанне, таму на мерапрыемства запрашалі дэпутата Генадзя Давыдзьку, намесніка міністра юстыцыі Алега Ката, Віктара Лісковіча з Савета Рэспублікі. Хацелася, каб быў цывілізаваны дыялог з прадстаўнікамі ўлады, каб можна было абмеркаваць законапраект, які датычны непасрэдна нас.

На жаль, ніхто з запрошаных на гэты круглы стол не з'явіўся, таму абмеркаванне прайшло толькі з прадстаўнікамі зарэгістраваных апазіцыйных партый.

У выніку прынялі рэзалюцыю, у якой канстатавалі: калі вышэйзгаданы закон пачне дзейнічаць, то адбудзецца ліквідацыя многіх дзеючых палітычных партый.

— Аб'яднаная грамадзянская партыя гатова да ліквідацыі?

— Давядзецца ліквідаваць, бо не зможам выканаць тыя новыя ўмовы, якія будуць рэгламентаваць дзейнасць партый. Напрыклад, зараз у АГП каля 3500 членаў партыі, а ў будучым мінімальны колькасны парог для стварэння партыі — 5 тысяч чалавек.

Я рэаліст, а таму дакладна кажу: у сённяшніх умовах такую колькасць сябраў партыі мы не збяром і перарэгістрацыю не пройдзем. У такім выпадку які выхад? Толькі адзін — ліквідацыя. Таму мы гатовы да любога развіцця падзей.

І гэта, упэўнены, чакае не толькі Аб'яднаную грамадзянскую партыю, але і шэраг іншых палітычных структур, якія лічацца апазіцыйнымі.

Усё гэта вельмі сумна, бо ў краіне зусім не будзе палітычнай канкурэнцыі. Не будзе канкурэнцыі — не будзе прагрэсу. Мы гэта яшчэ са школьнай праграмы ведаем.