Прайсці мяжу стала даўжэй і даражэй. Што адбываецца на адным з нешматлікіх дзейных памежных пунктаў
Для каго шматгадзінныя чэргі — гэта марнаванне часу, а для каго — крыніца неблагога даходу. «Deutsche Welle» зрабіла рэпартаж з беларускай мяжы.
Пасля закрыцця з 1 сакавіка 2024 года двух пунктаў пропуску на беларуска-літоўскай мяжы заўважна пагоршылася становішча і на адзіным пасажырскім памежным пераходзе паміж Польшчай і Беларуссю, які размешчаны ў Брэсце. Акрамя вялікай колькасці легкавых аўтамабіляў каля пункта пропуску зноў з'явіліся чэргі для аўтобусаў — як рэйсавых, так і турыстычных. Што кажуць пра сітуацыю беларусы, якія марнуюць шмат часу на перасячэнне мяжы?
«Сітуацыя напаленая, даходзіць справа да канфліктаў»
Тое, што становішча на выездзе з Беларусі ў Польшчу рэзка змянілася на пачатку сакавіка, у Брэсце заўважылі многія. Мясцовы жыхар Сяргей расказвае, што рэгулярна па працоўных справах ездзіць міма пункта пропуску і заўважае навалу аўтамабіляў.
«Праз дадатковы выходны дзень, які выпаў на 8 сакавіка, чарга да памежнага пераходу вырасла імкліва, — кажа мужчына. — Адчувалася, што людзі вырашылі скарыстацца доўгімі выхаднымі і паспець з'ездзіць "за рэчку" (так у Брэсце называюць перасячэнне мяжы праз раку Заходні Буг. — Заўв. рэд.). Што больш за ўсё кідалася ў вочы: шмат машын было на гродзенскіх нумарах, раней падобнага не назіралася. Мабыць, такія наступствы для гэтага горада, дзе цяпер закрытыя памежныя пераходы і з Польшчай, і з Літвой».
Пра ажыятаж у першыя дні сакавіка паведаміла і брэстаўчанка Марыя, якой для праходжання мяжы спатрэбіліся амаль суткі. «З мужам загадзя адсочвалі сітуацыю, выбіралі зручны час, каб прыехаць да пункта пропуску, — згадвае Марыя. — Але чарга пасля 1 сакавіка не знікала, а станавілася толькі больш. Тады і зразумелі, што няма сэнсу чакаць і трэба займаць чаргу».
Жанчына расказвае, што разам з імі стаялі аўтамабілі з розных рэгіёнаў Беларусі. Людзі дзяліліся, што свае ранейшыя паездкі ў Еўропу рабілі праз пункт пропуску «Прывалка» на літоўскім кірунку, але цяпер вымушаныя былі карэктаваць маршрут.
«Многія засмучаныя ад таго, што цяпер адбываецца на мяжы: бо людзям трэба ездзіць не толькі па пакупкі, але і па працы, адведаць сваякоў, — дзеліцца Марыя. — Натуральна, што сітуацыя напаленая, даходзіць справа да канфліктаў, калі з'яўляюцца жадаючыя праехаць без чаргі».
Хто і як зарабляе на чэргах каля мяжы?
Бізнес па продажы месцаў у чарзе да пункта пропуску з'явіўся ў Брэсце даўно. Знікаў ён хіба што ў перыяд каронавіруса, але тады ў цэлым перасячэнне мяжы было сур'ёзна абцяжарана санітарнымі абмежаваннямі. Пасля іх зняцця сітуацыя вярнулася ў ранейшае рэчышча: жадаючым прайсці мяжу хутчэй пасярэднікі прапануюць адразу некалькі варыянтаў.
Самы распаўсюджаны спосаб — за пэўную плату набыць месца ў чарзе. Схема працуе наступным чынам: хтосьці з кіроўцаў на сваім аўтамабілі займае чаргу і па меры набліжэння да пункта пропуску паведамляе ў спецыяльных чатах у мэсэнджарах аб жаданні саступіць месца.
Кошты на паслугу адрозніваюцца ў залежнасці ад таго, наколькі вялікая чарга. У самыя загружаныя дні месцы прадаваліся па цане 80 еўра і нават больш. Ёсць варыянт, калі жадаючыя зарабіць гатовыя падмяніць кіроўцу ў яго машыне, калі даводзіцца стаяць вельмі доўга. Аднак такая прапанова падыходзіць у асноўным жыхарам Брэста: яны могуць ад'ехаць дадому і адпачыць у нармальных умовах.
Паводле слоў мясцовай жыхаркі Марыі, існуе і іншы, куды больш крымінальны спосаб. «Да аўтамабіляў, якія знаходзяцца ў канцы чаргі, падыходзяць маладыя людзі і абяцаюць сваю дапамогу, каб машына змагла стаць бліжэй да памежнага пераходу, — раскрывае схему жанчына. — Калі кіроўца згаджаецца аплаціць такую" паслугу", то яго суправаджаюць уздоўж чаргі і спрабуюць уклініцца ў струмень іншых аўтамабіляў. Часам гэта заканчваецца не толькі слоўнымі сваркамі, бо прапускаць "чужых" ніхто не жадае».
Жыхарка Брэста адзначае, што падобным чынам спрабуюць «рэгуляваць» чаргу і на польскім баку — пры ўездзе ў Беларусь. Але там за парадкам каля памежнага перахода часцей сочаць нарады паліцыі.
На мяжы робяць грошы і на страхоўках
Яшчэ адзін бізнэс на мяжы паўстаў адносна нядаўна і звязаны з уведзенымі ў дачыненні да Беларусі і Расіі санкцыямі. З 1 чэрвеня 2023 года абедзве краіны выключаныя з сістэмы міжнароднага страхавання «Зялёная карта», а раней выдадзеныя страхавыя полісы былі ануляваныя.
Купляць страхоўку цяпер даводзіцца на мяжы, але на польскай мяжы гэта зрабіць пакуль немагчыма. Адзіны варыянт для тых, хто выязджае ў Еўропу праз Брэст, калі няма доўгатэрміновага дагавора страхавання, — гэта купіць страхоўку праз агента ў Польшчы. У такім выпадку «Зялёная карта» будзе каштаваць каля 150 злотых (прыкладна 35 еўра). Калі купляць страхоўку на мяжы з Літвой або Латвіяй, яна абыдзецца ў 50 еўра.
Як стала вядома DW, з нядаўніх часоў канкурэнцыю легальным страхавым агентам сталі рабіць грамадзяне, якія часта ездзяць у Польшчу. Цяпер у тэматычных групах і чат-ботах можна сустрэць аб'явы такога зместу: «Куплю страхоўку на ваш аўтамабіль у Польшчы». Падобная паслуга каштуе 20-30 беларускіх рублёў у дадатак да кошту самога страхавога поліса.
Як расказвае кіроўца Сяргей, паслуга аказалася запатрабаванай. «Фармальна рабіць гэта забаронена, але ў Польшчы не прадугледжаная адказнасць за падобнае парушэнне, — адзначае жыхар Брэста. — Таму знаходзіліся прадпрымальныя людзі, якія ехалі ў суседнюю краіну і па заяўках афармлялі страхоўкі на машыны, якім неўзабаве трэба адправіцца ў шлях праз мяжу».
Змагацца з такой дзейнасцю вырашылі беларускія сілавікі. На пачатку сакавіка Эканамічны суд Брэсцкай вобласці разгледзеў справу мясцовага прадпрымальніка, абвінаваціўшы яго ў незаконным атрыманні даходаў. Паводле версіі суда, з ліпеня па кастрычнік 2023 года мужчына зарабіў на афармленні страховак больш за 300 тысяч беларускіх рублёў (прыкладна 85 тысяч еўра).
У прадпрымальніка канфіскавалі 30% атрыманага даходу і аштрафавалі на 4000 рублёў (1130 еўра). Але, мяркуючы па аб'явах у чатах, жадаючых зарабіць такім чынам менш не становіцца.
Паездка на аўтобусе стала павольней і даражэй
Чэргі на беларуска-польскай мяжы цяпер утвараюцца не толькі сярод легкавых аўтамабіляў, але і аўтобусаў. У мінулыя выхадныя яны займалі каля памежнага перахода ў Брэсце адразу дзве паласы, а чаканне і праходжанне кантролю расцягвалася на шматлікія гадзіны.
Кіроўца рэйсавага аўтобуса Андрэй (імя зменена) рэгулярна ездзіць з Брэста ў Варшаву і Бялу-Падляску. Паводле яго слоў, закрыццё літоўскіх памежных пераходаў адразу адбілася на польскім кірунку. «Пакуль працаваў пункт пропуску "Прывалка", некаторыя аўтобусы з Гродна і Мінска накіроўваліся транзітам праз Літву ў польскія гарады, — кажа Андрэй. — Цяпер гэта рабіць бессэнсоўна: пакінутыя літоўскія памежныя пераходы размешчаныя далёка ад Польшчы і ўсе рэйсы ідуць праз Брэст».
Андрэй расказвае, што не ўсе перавозчыкі хутка зарыентаваліся ў змененай сітуацыі: некаторыя ехалі на мяжу ў Брэст, не паведаміўшы пра гэта польскім службам. «Калі аўтобус выконвае рэгулярны рэйс, то неабходна атрыманне спецыяльнага дазволу, — тлумачыць кіроўца. — Інакш аўтобус будзе лічыцца турыстычным і на польскай мяжы ён правядзе значна больш часу».
Але і рэйсавыя аўтобусы знаходзяцца цяпер на памежных пераходах доўга, а выконваць графік паездкі практычна не рэальна. «Бывае, і за тры гадзіны праедзеш абедзве мяжы, а часам захраснеш на 12 гадзін — прадбачыць, якой будзе абстаноўка ў той ці іншы дзень, немагчыма», — расказвае суразмоўца DW.
Андрэй чакае, што сітуацыя можа пагоршыцца з набліжэннем травеньскіх святаў і летняга сезону. На яго думку, гэта адаб'ецца і на кошце паездак, якія ўжо даражэюць. Цяпер кошт квітка на аўтобус з Мінска ў Варшаву стартуе ад 125 беларускіх рублёў (прыкладна 35 еўра), але большасць перавозчыкаў выстаўляюць 150 рублёў. Прыкладна ў такую ж цану (каля 40 еўра) абыходзіцца і зваротны маршрут — з Варшавы ў Мінск, але ў гэтым выпадку квіткі трэба купляць загадзя.