«Лазілі па сацсетках». Як цяпер правяраюць на беларуска-польскай мяжы
Чытач «Нашай Нівы» расказаў пра выпадак, калі з рэйсавага аўтобуса на дадатковую праверку адправілі адразу каля дзесяці пасажыраў.
Паводле слоў пасажыра, які днямі вяртаўся з Польшчы рэйсавым аўтобусам праз пункт пропуску «Брэст», на дадатковую праверку выклікалі каля дзесяці чалавек. Цікавілі беларускіх сілавікоў толькі мужчыны.
«Адным загадалі прайсці для дадатковай праверкі, а іншым сказалі проста чакаць. Публіка была рознаўзроставая: калі самым маладым хлопцам было каля 20-25, то найстарэйшаму мужчыну — каля 60 гадоў», — згадвае суразмоўца.
Паводле яго слоў, на праверку кожнага сыходзіла каля 20-30 хвілін. Правяральнікаў у тым кабінеце было двое.
«Падчас гутаркі правяралі змест тэлефонаў. Фатаграфавалі IMEI-нумар прылады. Правяралі падпіскі ў тэлеграме і сацсетках, прагортвалі перапіску. Часам правяральнік фатаграфаваў экран, калі лазіў па сацсетках», — распавядае суразмоўца.
Мужчына кажа, што паралельна з праверкай сілавікі вядуць нібыта нязмушаную гутарку. Сярод іншага пытаюцца, навошта чалавек ездзіў у Польшчу.
Суразмоўца выдання адзначае, што гэта першы выпадак, калі пры перасячэнні мяжы да яго ўзніклі дадатковыя пытанні.
«У мяне няма судзімасцяў ці затрыманняў па палітычных артыкулах. Як я зразумеў, многія з дапытаных таксама былі палітычна «чыстымі». Часам кіроўца аўтобуса сам просіць першымі праходзіць кантроль тых, хто раней быў затрыманы па палітычных артыкулах, каб не затрымліваць увесь аўтобус».
Мужчына прызнаецца, што, нягледзячы на тое, што ўсе пасажыры пасля праверкі вярнуліся ў аўтобус, у іх засталіся засцярогі.
«Той факт, што яны фатаграфавалі IMEI і рабілі здымкі падчас прагортвання сацсетак, наводзіць на думкі, што праверка на мяжы можа мець наступствы пазней», — лічыць суразмоўца.
Праверкі пасажыраў на мяжы Беларусі з краінамі Еўрасаюза
даўно сталі звыклай справай. Звычайна правяраюць тэлефоны, пасля чаго бываюць
затрыманні і нават крымінальныя справы. Праваабаронцы раяць беларусам, якія
нейкім чынам датычныя да пратэснай актыўнасці, не наведваць радзіму, бо гэта нясе
рызыку затрымання і палітычных рэпрэсій.