Прайсці ўсе колы пекла: як стварыць стрыт-арт у родным горадзе

Яўген Меркіс распавядае, як спрабаваў стварыць цікавы аб'ект стрыт-арту ў Гомелі.

Эскізы мурала

Эскізы мурала

Ідэя стварыць аб'ект мастацтва з'явілася летам 2017 года. Актывісты гарадской ініцыятывы «Smart Homel» звярнуліся за дазволам у адміністрацыю горада. Новых арт-аб'ектаў з 2013 года, з часу правядзення буйнога мастацкага фестывалю ў Гомелі не з'яўлялася, акрамя ініцыяваных самім гарвыканкамам. Актывісты знайшлі неабходнае фінансаванне для працы над новай выявай, а таксама  добрую для размяшчэння мурала бакавіну дома на ўездзе ў горад. З распрацоўкай эскізу дапамог гомельскі мастак Філіп Какоша.
«Мы паспрабавалі абыграць папулярную зараз «цмачыную» тэму. Мы намалявалі цмока, на спіне якога мірна вырас горад Гомель. Пад яго нагамі размясцілася рака Сож, уверсе знаходзяцца гістарычныя гербы Гомеля», — распавядае Яўген Меркіс. Другім варыянтам выявы стаў стары волат, на спіне якога вырастае горад. Пры распрацоўцы эскізаў ініцыятары ідэі імкнуліся звязаць выявы або з рэгіянальнай культурай, або з традыцыямі і гісторыяй краіны. Але мясцовыя ўлады не пайшлі насустрач актывістам і ў выніку доўгіх перамоваў прапанавалі размясціць на сцяне дома віншавальны лагатып да юбілею раёна. Не дапамог і галоўны архітэктар горада Юрый Літвінаў.
Пасля няўдалай спробы стварэння стрыт-арту ў Навабеліцкім раёне Гомеля актывісты звярнуліся ў адміністрацыю Цэнтральнага раёна, адкуль іх скіравалі на размову з прадстаўнікамі мясцовай царквы, што знаходзіцца каля будынка, абранага актывістамі для стварэння малюнка.
«З аднаго боку, яны не могуць даць дазвол, таму што кансерватыўная частка вернікаў абвінаваціць іх у тым, што побач са святым месцам нешта малююць. З іншага боку, і малюнак ім не падабаецца, бо ў некаторых праваслаўных энцыклапедыях адназначна напісана, што волат — гэта паганскае боства», — распавядае Яўген.
Тым не менш актывісты змаглі атрымаць подпіс галоўнай архітэктаркі раёна і звярнуліся за выніковым дазволам да ўласніка будынка, кіраўніка «Гарэлектратранспарта». Але атрымалі адмову, у выніку чаго не змаглі рэалізаваць ідэю стварэння стрыт-арту ў 2017 годзе. У 2018 годзе спробы перамоваў былі адноўленыя.
Яўген дзеліцца асноўнымі цяжкасцямі, якія ўзнікаюць у працэсе перамоваў: надзвычай складана сустрэцца з галоўным архітэктарам, які мае толькі адзін прыёмны дзень у тыдзень; шмат часу сыходзіць на пошукі патрэбных будынкаў; чыноўнікі зацягваюць перамовы і адкладаюць рашэнне. «Усё гэта моцна выбівае глебу з-пад ног, падрывае давер да ўладаў і абмяжоўвае любыя ініцыятывы і спробы зрабіць гэты горад лепш», — кажа Яўген. Ён таксама прыводзіць у прыклад іншыя беларускія гарады — Мінск, Магілёў, — у якіх мясцовае чынавенства нашмат больш лаяльнае да з'яўлення прыгожых стрыт-артаў і арт-фестываляў.
Яўген паведамляе, што барацьба за з'яўленне новага муралу ў Гомелі будзе працягвацца.