Прайшоў месяц пасля смерці Эміля Чэчкі. Дагэтуль невядома, што з целам польскага жаўнера-перабежчыка
«Народная Воля» пацікавілася, ці адбылося пахаванне Эміля Чэчкі, бо ніякай афіцыйнай інфармацыі на гэты конт не было. Нагадаем, 18 сакавіка польскі жаўнер быў знойдзены павешаным у Мінску.
У снежні 2021 года польскі салдат Эміль Чэчка папрасіў прытулку ў Беларусі. Пазней на спецыяльна арганізаванай прэс-канферэнцыі ён расказаў аб забойствах мігрантаў на польскай мяжы. Пры гэтым быццам ён сам страляў у бежанцаў.
Следчы камітэт Беларусі тут жа распачаў крымінальную справу
аб гібелі мігрантаў на беларуска-польскай мяжы, па якой Эміль Чэчка
праходзіў сведкам. Неўзабаве яму дапамаглі падаць іск «Аб генацыдзе і
злачынствах супраць чалавечнасці на тэрыторыі Польшчы» ў Міжнародны крымінальны
суд у Гаазе, які, дарэчы, прынялі да разгляду.
Тым часам пракуратура Беластока ўзбудзіла крымінальную
справу ў дачыненні да Чэчкі за дэзерцірства.
«Народная Воля» запыталася, ці мае нейкія навіны пра справу
Эміля Чэчкі намеснік Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Польшчы ў Рэспубліцы
Беларусь Марцін Вайцяхоўскі. Можа, цела польскага салдата аддалі на пахаванне
сваякам альбо вядомы вынікі экспертызы?
«Нічога не ведаю, — адказаў дыпламат. — Звяртайцеся да
беларускіх улад, бо ён памёр у Беларусі. У мяне няма ніякай інфармацыі на гэты
конт».
Вядома, што Эмілем Чэчкам апекаваўся дырэктар праўладнага цэнтра
«Сістэмная праваабарона» Дзмітрый Белякоў, які ўзяў яго на працу і нават здымаў
яму кватэру. Між іншым, ён першы забіў трывогу, калі Чэчка не з’явіўся ў іхнім
офісе на працы. Белякоў пайшоў у кватэру, дзе жыў Чэчка, і знайшоў яго ўжо
нежывым. «Я выклікаў міліцыю, — распавядаў Дзмітрый Белякоў журналістам. — Следчыя вызначаюць абставіны смерці».
Дзмітрый Белякоў не выключаў і гвалтоўны характар смерці
паляка: «Эміль Чэчка з’яўляецца сведкам па ключавых справах у Польшчы, на яго
адрас паступалі пагрозы».
У Следчым камітэце заявілі, што разглядаюцца ўсе магчымыя
версіі таго, што адбылося, у тым ліку гвалтоўная смерць.
Магчыма, сёння Дзмітрый Белякоў валодае падрабязнасцямі пра
пахаванне польскага салдата?
— Наколькі мне вядома, пахавання не было, следства ідзе, — адказаў Дзмітрый. — Яшчэ вядуцца следчыя мерапрыемствы. Думаю,
мяне паставілі б у вядомасць наконт пахавання. Мы вырашалі б пытанні і з
амбасадай, і з ягонай маці. Мяркую, што следчыя органы звязваліся з пасольствам
і ягонай маці.
— Вы кантактавалі з ягонай маці?
— Не. Ён з ёй не падтрымліваў адносін.
— Калі яго будуць хаваць, то дзе?
— Дакладна не ведаю. Думаю, будзем вырашаць гэтае пытанне з
пасольствам. Мяркую, што яго тут крэміруюць і прах перададуць праз амбасаду на
радзіму, калі ў нас атрымаецца знайсці агульную мову з польскім пасольствам.
Што тычыцца адносінаў Эміля Чэчкі з маці, то ў польскіх
сродках масавай інфармацыі паведамлялася пра тое, што акруговы суд Ольштына (Польшча)
асудзіў салдата Эміля Чэчку да шасці месяцаў турэмнага зняволення за здзекі з
уласнай маці. Але ён не адбыў пакаранне, бо ўцёк у Беларусь.
«Абвінавачаны злоўжываў алкаголем і ўчыняў дзеянні, якія
набылі характар фізічных і псіхалагічных здзекаў з маці», — гаварылася ў
паведамленні, якое распаўсюдзіла Польскае агенцтва друку. Згодна з прысудам,
Чэчку было забаронена набліжацца да маці менш як на 50 метраў і звязвацца з ёй
напрамую на працягу года.
Дагэтуль не вядома, як жанчына адрэагавала на смерць сына:
ні польскія, ні беларускія сродкі масавай інфармацыі не пісалі пра гэта.