Легкавікі замест фураў. На мяжы з Польшчай і Літвой вярнуліся чэргі з прыватных аўто

Пакуль тысячы фур застаюцца ў чэргах на выезд з Літвы ў Беларусь, на мяжы з ЕС пачалі ўтварацца таксама вялікія чэргі з легкавых аўто. Такога патоку не было з часоў увядзення кавідных абмежаванняў.

bruzgi_poland_9jx0h.jpg


Па стане на 10 раніцы 19 красавіка, у чарзе на выезд з Беларусі ў Польшчу на пагранічным пераходзе «Бераставіца — Баброўнікі» сабралася больш за 200 легкавых аўто. Такая сітуацыя назіраецца з другой паловы дня панядзелка.

Беларусы, якія жывуць у Беластоку, таксама адзначаюць, што апошнім часам у горадзе значна пабольшала аўто на беларускіх нумарах. Іх найбольшая канцэнтрацыя назіраецца побач з рынкамі і гандлёвымі цэнтрамі, піша прызнаная ў Беларусі «экстрэмісцкай» найстарэйшая «газета з карцінкамі».

Верагодна, што велізарныя чэргі на «Бераставіцы» збіраюцца, бо пагранічны пераход «Брузгі — Кузніца» дагэтуль застаецца закрытым па ініцыятыве польскага боку. Закрыцце пагранпераходу было рэакцыяй на спробу мігрантаў штурмаваць мяжу.

З польскага боку таксама збіраюцца вялікія чэргі. У 12 гадзін панядзелка чарга на выезд з Польшчы ў Беларусь расцягнулася на 1,5 кіламетра. Людзі ў чатах пішуць, што ў нядзелю і панядзелак праводзілі на мяжы па 14-18 гадзін, каб вярнуцца ў Беларусь.

«Стаім ужо чатыры гадзіны на выезд з Польшчы і нават да шлагбаума не даехалі», — пісалі ў чаце ўчора каля 18 гадзін.

Па стане на раніцу 19 красавіка, на пераходзе «Брэст — Цярэспаль» у чарзе на выезд стаіць больш за сто легкавых аўто. На гэтым пераходзе гэта ўжо не першы выпадак, калі пасля зняцца кавідных абмежаванняў дзвюма краінамі збіраецца вялізная чарга на выезд з Беларусі.

А вось на беларуска-літоўскай мяжы чэргі з легкавых аўто ў бок Літвы пачалі з’яўляцца толькі з панядзелка — праз два дні пасля таго, як Беларусь часова ўвяла бязвізавы ўезд для грамадзян Латвіі і Літвы. Найбольшыя чэргі назіраюцца ў пунктах пропуску «Каменны Лог» і «Беняконі». У пікавыя гадзіны там на выезд з Беларусі ў Літву чакаюць больш за 70 легкавікоў.

На мяжы з Латвіяй чэргаў не назіраецца.