Пракладанне кабельных ліній праз ахоўную зону Курапатаў стварае небяспечны прэцэдэнт
У Доме культуры пасёлка Лясны (Бараўляны, Мінскі раён) 29 лістапада прайшло грамадскае абмеркаванне справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе па аб'екце «Будаўніцтва жылога раёна з інжынерна-транспартнай інфраструктурай і аб'ектамі сацыяльна-гарантаванага абслугоўвання насельніцтва ў раёне в.Копішча Мінскага раёна». Замоўца — А-100. Размова ішла аб пракладцы электракабеля.
Абмеркаванне складалася з агучвання справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе і пытанняў прысутных. Справаздачу зачытвала навуковы супрацоўнік Інстытута прыродакарыстання Акадэміі навук Наталля Томіна. Паседжанне вёў загадчык упраўлення архітэктуры і будаўніцтва Мінскага райвыканкама Раман Вараўка.
Пытанні ўзніклі ўжо да арганізацыі мерапрыемства, не кажучы пра змест абмеркавання. Камунікацыі, пракладанне якіх абмяркоўвалі, пройдуць па тэрыторыі Мінскага раёна і Савецкага раёна Мінска. Але абмеркаванне праходзіць толькі ў Мінскім раёне. Адміністрацыя Савецкага раёна палічыла абмеркаванне ў сябе немэтазгодным. Абмеркаванне пачалося а 17.00 у будынку Дома культуры. На яго было адведзена паўтары гадзіны, бо потым па графіку стаяла рэпетыцыя дзіцячага гурта. Як зацікаўленым грамадзянам было патрапіць у працоўны дзень у Бараўляны а 17.00? Нават працуючы да пятай, трэба закласці час на дарогу. Выходзіць, ад пачатку маглі прысутнічаць толькі нешматлікія жыхары пасёлка Лясны, якія там жа і працуюць. Навошта было ставіць рэпетыцыю ўсутык да абмеркавання? Вядома, што такія мерапрыемствы выклікаюць дэбаты, якія ў паўтары гадзіны ўкладаюцца даволі рэдка… Толькі пасля пытання з залы намеснік загадчыка Бараўлянскага сельвыканкама Сяргей Кандрашын правёў рэгістрацыю прысутных. Выходзіць, яна не планавалася? Гэта, да слова, парушэнне рэгламента правядзення грамадскіх абмеркаванняў.
Справаздача аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе — дакумент, які ствараецца калектыўна. Разглядаецца патэнцыйны ўплыў на паветра, глебу, павярхнёвыя і падземныя воды, раслінны і жывёльны свет. Кожны спецыяліст ацэньвае ўздзеянне на сферу свайго профілю даследаванняў. Аднак у варыянце паперы, змешчаным на сайце Мінрайвыканкама, няма складу камісіі. Не здолела яго назваць і дакладчыца Наталля Томіна. Па ходзе абмеркавання высветлілася, што быў агучаны не той варыянт справаздачы, які дасяжны на сайце Мінрайвыканкама. Яго дапрацоўвалі, таму і перанеслі абмеркаванне з 13 на 29 лістапада. Такім чынам, некаторыя з падрыхтаваных грамадзянамі заўваг аказаліся неактуальнымі.
Незразумелы момант разгляду варыянтаў шляху пракладання кабеля электраперадач. Разглядалі сем варыянтаў, абралі адзін, і яго ацэньвалі ў зачытанай справаздачы. Па якім прынцыпе абралі менавіта гэты варыянт, ні Наталля Томіна, ні прадстаўнікі забудоўцы Максім Чатырбок і Анатоль Шэнглер уцямна не патлумачылі. Гучалі аргументы пра эканамічную і экалагічную мэтазгоднасць. Адзін з варыянтаў прадугледжваў пракладку кабеля маршрутам на 10 кіламетраў даўжэйшым, але праз поле на левым беразе Цнянскага водасховішча. Гэты шлях не закрануў бы ні ахоўную зону Курапатаў, ні рэкрэацыйную зону Цнянкі. Але прайшоў бы па ворных землях і патрабаваў бы ўзнаўлення расліннага пакрову. У той жа час, план, які абмяркоўвалі, прадугледжвае высечку 24 дрэў і перасадку 57. Потым Зеленбуд зробіць кампенсацыйныя пасадкі з 240 дрэў дыяметрам ствалоў не менш за 10 см.
Месцамі размова ідзе не аб пракладцы новых камунікацый, а пра рэканструкцыю старых, як сказала Наталля Томіна, «пракладаецца ва ўжо існым калідоры сетак». Калі ўзнік гэты калідор? Па словах кіраўніка грамадскай дырэкцыі Народнага мемарыялу Курапаты Алеся Чахольскага, прынамсі, у ахоўнай зоне Курапатаў — у 2016-м: «За два дні яны (А-100) гэта зрабілі хуценька. Мы толькі хвост пабачылі. Ні з кім нічога не ўзгаднялі, нават з Мінкультам. Як яны зрабілі тэхнічную дакументацыю, я не ведаю. Цяперашняе будаўніцтва не нясе тэхналагічнай пагрозы Курапатам. Але нясе пагрозу як прэцэдэнт: кожны можа сказаць, маўляў, хачу там яшчэ адну лінію правесці. Калі прытрымлівацца юрыдычных нормаў, гэта незаконна».
У прысутных на абмеркаванні таксама ўзніклі пытанні: калі стары кабель не мяняюць, а побач з ім цягнуць новы, хіба гэта правільна называць рэканструкцыяй? Пракладанне новых камунікацый, не звязаных з функцыянаваннем гісторыка-культурных каштоўнасцей, у іх ахоўных зонах заканадаўства забараняе.
Заўвагі, што прагучалі на абмеркаванні, увойдуць у канчатковы варыянт справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. Кабель дыяметрам 16 сантыметраў плануецца пракласці на глыбіні 0,7 метра. Траса будзе паўтараць рэльеф мясцовасці. Планаваная працягласць прац — 8 месяцаў, з іх у ахоўных межах Курапатаў — 2 дні, пад наглядам археолагаў. Траса пройдзе ад электрападстанцыі «Даўгінаўская» да пляцоўкі ля мікрараёна «Новая Баравая» ў вёсцы Копішча. Там плануецца будаўніцтва новага мікрараёна.
Фота Алены Ляшкевіч