Пракуратура: пракладка кабелю ля Курапатаў не пашкодзіла інтарэсам дзяржавы і правам грамадзян

Пракладка кабелю ля Курапатаў не пашкодзіла дзяржаўным інтарэсам і правам грамадзян. Пра гэта гаворыцца ў адказе першага намесніка пракурора Мінскай вобласці Барыса Пятроўскага на ліст грамадзян генеральнаму пракурору Беларусі Андрэю Шведу.

kurapaty_pjatrouski.jpg

У лісце да Андрэя Шведа ўзгадвалася, што ў звароце ад 4 верасня 2020 года да прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанкі прадстаўнікі грамадскасці прасілі спыніць пракладку ля Курапатаў сілавога кабелю ад электрападстанцыі «Даўгінаўская» да пляцоўкі ля мікрараёну «Новая Баравая» ў вёсцы Копішча Мінскага раёна.

Грамадзян непакоіла, што частка трасы гэтага кабелю пройдзе праз ахоўную зону Курапатаў, дзе забаронена ўсялякае новае будаўніцтва, апроч патрэбаў самой гістарычна-культурнай каштоўнасці.

Аўтары лісту палічылі пракладку новага кабелю незаконнай і прасілі Рамана Галоўчанку:

1. Прыпыніць працы па пракладцы кабелю да распрацоўкі новага праекта яго трасы па-за межамі ахоўнай зоны Курапатаў.

2. Распрацаваць новы праект трасы пракладкі кабелю па-за межамі ахоўнай зоны Курапатаў.

3. Прыцягнуць да адказнасці тых, хто мае дачыненне да парушэння айчыннага заканадаўства ў праектаванні, атрыманні ўзгадненняў і дазволаў на праектаванне і пракладку кабелю ў ахоўнай зоне Курапатаў.

Паколькі сілавы кабель ля Курапатаў усё ж быў пракладзены ў адпаведнасці з распрацаваным праектам, грамадзяне прасілі Андрэя Шведа прыняць меры пракурорскага рэагавання ў адпаведнасці з айчынным заканадаўствам аб ахове спадчыны.

Сярод падпісантаў ліста — старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч, археолаг Валянціна Вяргей, мовазнаўца Вінцук Вячорка, бард Аляксей Галіч і аўтар гэтага артыкулу.

У сваім адказе на ліст грамадзян Барыс Пятроўскі паведаміў, што, паводле высноваў Інстытуту прыродакарыстання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, асноўны варыянт размяшчэння інжынерных камунікацый у ахоўнай зоне Курапатаў меў лепшыя тэхніка-эканамічныя паказчыкі і забяспечваў мінімальнае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе і аб’ект гістарычна-культурнага значэння, а планаваная гаспадарчая дзейнасць не супярэчыла рэжыму ўтрымання зонаў аховы аб’екта.  

Дзеючы праект зонаў аховы Курапатаў дазваляе рэканструкцыю пракладзеных інжынерных сетак і не дазваляе будаўніцтва новых. Аднак сукупнасць праектных рашэнняў і пракладка кабелю ў існуючым калідоры інжынерных камунікацый дазволілі забяспечыць мінімальны ўзровень уздзеяння на навакольнае асяроддзе, гістарычна-культурную каштоўнасць і зоны яе аховы, падкрэсліваецца ў адказе Барыса Пятроўскага.

Паводле яго, падставаў для прыняцця мераў пракурорскага рэагавання не выяўлена, паколькі пракладка кабелю ля Курапатаў не пашкодзіла інтарэсам дзяржавы і правам грамадзян.