Праўнука Якуба Коласа асудзілі за ўдзел у «экстрэмісцкім» фарміраванні

Два тыдні таму 17-гадовага Мікіту Бруя, праўнука Якуба Коласа, асудзілі за рэабілітацыю нацызму, а насамрэч — за ўдзел у «экстрэмісцкім» фарміраванні, паведамляюць праваабаронцы.

Мікіта Бруй

Мікіта Бруй


Мікіта Бруй — стрыечны праўнук народнага пісьменніка Беларусі Якуба Коласа,  вучыўся ў сярэдняй школе ў вёсцы Мікалаеўшчына, пішуць праваабаронцы.

У Мінскім абласным судзе 5 ліпеня вынесены прысуд 17-гадоваму жыхару Стаўбцоўскага раёна Мікіту Брую, якога абвінавацілі ў наўмысных дзеяннях па рэабілітацыі нацызму і садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч.1 арт. 130-1, ч.1 і ч.2 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса).

Справу разглядала суддзя Вікторыя Паляшчук.

Паводле матэрыялаў следства, Мікіта Бруй, з траўня да лістапада 2022 года «з мэтай распаўсюджвання ідэалогіі нацызму, адабрэння і адмаўлення злачынстваў супраць міру і бяспекі чалавецтва, ваенных і іншых злачынстваў, з дапамогай мабільнага тэлефона неаднаразова размяшчаў у розных Telegram-каналах выявы і каментары, накіраваныя на рэабілітацыю нацызму.

Ён жа ў ліпені і жніўні 2022 года для забеспячэння дзейнасці дэструктыўных Telegram-канала і Telegram-групы, дакладна ведаючы пра тое, што іх інфармацыйная прадукцыя прызнана судом экстрэмісцкімі матэрыяламі, пераслаў публікацыі з названых рэсурсаў у іншыя Telegram-супольнасці».

У лістападзе 2022 года дзяржканалы паведамілі пра затрыманне пяцярых удзельнікаў закрытага чата «Саюз беларускага нацыянальнага шчыта» (СБНШ), прызнанага «экстрэмісцкім фарміраваннем».


Глядзіце таксама

Адзін з затрыманых — Мікіта Бруй — распавёў на камеру, што ўступіў у чат па запрашэнні знаёмага, а задачай групы была падрыхтоўка да «будучай партызанскай вайны».

«Я неаднойчы заклікаў да дзеянняў, накіраваных супраць улады, супраць законных дзеянняў», – вымушаны быў казаць ён на камеру.

Разам з тым сілавікі паказалі фота запоўненага дзіцячым почыркам «пасведчання галоўнакамандуючага СС» на імя Бруя Мікіты Аляксандравіча.

Суд па сукупнасці злачынстваў прызначыў Мікіту пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін тры гады з адбываннем у выхаваўчай калоніі.

Што такое «Саюз беларускага нацыянальнага шчыта»?

«Медыязона» яшчэ адразу пасля арыштаў, у канцы 2022 года, паспрабавала высветліць, што за дзіўнае ўтварэнне — «Саюз беларускага нацыянальнага шчыта»?

Паводле версіі МУС, у «экстрэмісцкае фарміраванне» ўваходзяць тэлеграм-каналы «СБНШ» і «Biełaruski_Partyzan», а таксама чатыры акаўнты ў ЦікТоку.

«Медыязоне» тады не ўдалося знайсці канал СБНШ. Выданне адзначае, што спасылкі на яго няма і ў спісе МУС. 

Як распавёў ужо пасля публікацыі адзін з адміністратараў чата Ігар, такога канала наогул ніколі не існавала.

У пасце «Зводак цэнтра» гаворка ішла пра аднайменны тэлеграм-чат на 35 чалавек. Як сцвярджаецца, там «радыкалы вялі актыўную экстрэмісцкую дзейнасць у кожным рэгіёне, абмяркоўвалі і планавалі дыверсіі і тэракты, у тым ліку на чыгунцы і з выкарыстаннем кактэйляў Молатава».

Ігар прыгадвае, што чат СБНТ быў створаны неўзабаве пасля расійскага ўварвання ва Украіну; уступіць у чат яго запрасіў адзін з затрыманых. Па словах адміністратара, удзельнікі чата не бачылі твараў і не ведалі імёнаў адзін аднаго. Выключэнне было зроблена для аднаго чалавека, які займаўся верыфікацыяй удзельнікаў.

У прэс-службе МУС распавялі, што супрацоўнікі САХРа, АМАПа і «Алмаза» затрымалі пяцярых маладых людзей ва ўзросце ад 16 да 26 гадоў, двое з іх былі раней судзімыя.

Па словах аўтараў «Зводак цэнтра», затрыманыя датычныя да некалькіх падпалаў — у тым ліку «рамкі BelToll у раёне Сеніцы больш за месяц таму».

Ігар кажа, што не разумее, як сілавікам удалося выйсці адразу на пяцярых удзельнікаў чата.

— Можа, нейкі кадэбэшнік мог да нас зайсці, хоць праверка была максімальная. Верыфікацыяй займаўся адзін чалавек — задаваў розныя пытанні і прасіў дакументы, якія пацвярджаюць удзел у пратэстах, калі такія былі, — распавёў ён.

Ігар выключае затрыманне чалавека, які займаўся верыфікацыяй удзельнікаў чата. «Калі б яго злавілі, то затрымалі б усіх», — перакананы ён.

МУС пра падпалы не згадвае, але піша, што маладыя людзі павінны былі «знаходзіць выканаўцаў для знішчэння аб'ектаў інфраструктуры і арганізацыі нападаў на праваахоўнікаў».

І «Зводкі цэнтра», і прэс-служба МУС апублікавалі амаль ідэнтычныя відэа з затрыманнем хлопцаў: у першым кадры мы бачым сілавікоў у поўнай экіпіроўцы на лесвічнай клетцы. Адзін з сілавікоў затуляе рукой дзвярное вочка, а калі дзверы адчыняюцца, у кватэру заходзяць як мінімум чатыры байцы ў поўнай экіпіроўцы. Яны заломваюць рукі маладому чалавеку, які ляжыць на ложку, яго твару не відаць. Пасля адзін за адным ідуць «пакаянныя» відэа пяцярых затрыманых.