Затрыманы ўласнік «Тапаса» Павел Белы, які гуляў у хакей з Лукашэнкам?
Павел Белы, уласнік «Тапаса» і мільянер, затрыманы ў Мінску, паведаміла «Наша Ніва» са спасылкай на некалькі не звязаных паміж сабой крыніц. Меркавана, ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
Затрыманне адбылося на гэтым тыдні і звязана з прэтэнзіяй фінансавых органаў, паведамляе «Нашай Ніва». Дакладны крымінальны артыкул пакуль невядомы. У агульных рысах сцвярджаецца, што Белы нібыта не пагадзіўся з памерам выстаўленага адной з ягоных кампаній падатковага штрафу і адмовіўся плаціць дзяржаве налічанае. Гэта і стала падставай для затрымання.
«Можа быць, упёрся, можа быць, сапраўды няма грошай, бо часы цяпер іншыя», — каментуе гісторыю адзін з прадстаўнікоў мінскай бізнэс-супольнасці.
Меркавана, Павел Белы знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
Гэта ўжо не першае затрыманне Белага. У 2012-м яго ўжо затрымліваў КДБ, абвінавацілі ў крадзяжы і вывадзе шасці мільёнаў долараў за мяжу. Але неўзабаве выпусцілі па распараджэнні Лукашэнкі.
Павел Белы — хакеіст каманды Аляксандра Лукашэнкі. У нейкі час ён быў найлепшым бамбардзірам і найлепшым галявым асістэнтам Лукашэнкі. Доўгі час Павел Белы быў у фаворы.
Бацька Белага — Аляксандр Белы (Левенштэйн) — у 2000-я быў кіраўніком мінскага хакейнага «Дынама».
Першапачаткова Павел Белы быў ганцом ад асобных бізнэсменаў да Аляксандра Лукашэнкі. Карыстаючыся блізкасцю да цела, ён атрымліваў для іншых прэміяльныя ўчасткі зямлі пад забудовы за долю ў кампаніях, якія рэалізоўвалі праект. У выніку з цягам часу кампанія партнёраў — «Тапас» — стала цалкам ягонай.
Цяпер Белы — адзін з асноўных забудоўшчыкаў Мінска. Яму належыць шмат нерухомай маёмасці ў розных раёнах сталіцы, пераважна ў цэнтры і вакол Драздоў, дзе месціцца адна з рэзідэнцый Аляксандра Лукашэнкі і катэджавыя кварталы вышэйшага чыноўнікаў. «Тапас» Паўла Белага будаваў квартал «Алімпік парк» у Драздах, кватэры ў якім па зніжаных цэнах куплялі прадстаўнікі найвышэйшай лукашэнкаўскай наменклатуры.
А ў ягоным рэстаране «Лебядзіны», пабудаваным на беразе вадасховішча, рэгулярна адбываюцца мерапрыемствы для лукашэнкаўскай эліты, у тым ліку з удзелам самога Лукашэнкі.