Праваабаронцы: БРСМ вярбуе пікетчыкаў па 15 рублёў
Паводле інфармацыі назіральнікаў за выбарамі, сакратары БРСМ груба парушаюць выбарчае заканадаўства.
На сайце ініцыятывы «Праваабаронцы за свабодныя выбары» з'явілася публікацыя з абвінавачваннямі на адрас некаторых сакратароў БРСМ Белдзяржуніверсітэта.
Сцвярджаецца, што назіральнікам кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” з ананімных крыніц стала вядомая перапіска на закрытым чаце студэнтаў эканамічнага факультэта БДУ. З паведамленняў у чаце вынікае, што студэнтаў актыўна запрашаюць браць удзел у перадвыбарчых пікетах па вылучэнні асобных кандыдатаў у дэпутаты. Прычым, менавіта ў якасці членаў ініцыятыўных груп.
Праваабаронцы сцвярджаюць, што ідэнтыфікавалі аўтараў паведамленняў як Юлю Муштукову (сакратара камітэта БРСМ эканамiчнага факультэта БДУ) і Івана Шчэрбіна – начальніка штаба працоўных спраў БРСМ БДУ.
Эксперты кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» адзначаюць, што дадзеная інфармацыя сведчыць аб грубых парушэннях дзеючага выбарчага заканадаўства.
Выкарыстанне асобай, якая вылучаецца ў якасці кандыдата ў дэпутаты грашовых сродкаў ці іншай матэрыяльнай дапамогі ў парушэнне дзеючага заканадаўства цягне адпаведна адмову ў рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў дэпутаты ці адмену рашэння аб рэгістрацыі.
Трэба адзначыць, што згодна з арт. 48.1 Выбарчага кодэкса выбарчыя фонды кандыдатаў у дэпутаты могуць стварацца толькі пасля рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў дэпутаты адпаведнай тэрытарыяльнай выбарчай камісіяй. Магчымаць аплаты выдаткаў па зборы подпісаў прадугледжваецца дзеючым заканадаўствам толькі пры вылучэнні ў якасці кандыдата ў прэзідэнты.
Акрамя таго ў дадзенай сітуацыі мае значэнне паходжанне абяцаных грошай для тых, каго запрашаюць «проста пастаяць у якасці сябраў ініцыятыўнай групы». Калі гэта сродкі арганізацыі БРСМ, можна казаць аб забароненым выкарыстанні адміністратыўнага рэсурсу. Арганізацыям, якія часткова ці цалкам фінансуюцца з дзяржаўнага бюджэта (БРСМ у дадзеным выпадку) наогул забаронена ўдзельнічаць у фінансаванні кандыдатаў.
Таксама парушэннем арт.61 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь будзе з’яўляцца і ажыцяўленне збору подпісаў асобамі, якія не з’яўляюцца сябрамі ініцыятыўных груп.
Па меркаваных фактах парушэнняў дзеючага заканадаўства будзе пададзеная адпаведная заява ў органы пракуратуры для дачы прававой ацэнкі і далейшага пракурорскага рэагавання.