Праваабаронцы супраць міфаў: семінар «Міграцыя на пальцах»
Ці здолее Еўропа пракарміць мігрантаў? Ці можна называць бежанцаў дармаедамі? Human Constanta разбурае міфы, якія існуюць вакол праблемы вымушанай міграцыі.

Ілюстрацыйнае фота, pixabay.com
У 2016 годзе некалькі беларускіх праваабаронцаў аб’ядналіся ў арганізацыю Human Constanta, абраўшы аб’ектам сваёй дзейнасці сучасныя выклікі для правоў чалавека. Па меркаванні заснавальнікаў, у Беларусі зараз ім не надаюць належнай увагі. Былі вызначыныя тры асноўныя накірункі: антыдыскрымінацыя, рух за digital freedoms і праца з праблематыкай міграцыі, пра якую далей мы і распавядзем.

Human Constanta спрабуе камунікаваць з дзяржаўнымі ўстановамі: працэс доўгі і непаваротлівы, але праваабаронцы кажуць, што настроены аптымістычна. Не менш істотная дзейнасць — асветніцкая: нядаўна ў рэгіёнах прайшоў шэраг семінараў «Міграцыя на пальцах». Больш актуальнае пытанне сёння цяжка знайсці.

Напэўна, у кожнага ёсць уласнае меркаванне па гэтай тэме, хутчэй за ўсё, сфармаванае пад уплывам СМІ. І нават зрабіўшы караценькае даследаванне, вельмі проста выявіць засілле стэрэатыпаў сярод беларусаў. Многія пагаджаюцца з тэзісам: «Еўропа не здолее пракарміць мігрантаў». Human Constanta дэманструе статыстыку: недахоп рэсурсаў пакуль не пагражае, да і з пазіцыі эканомікі прымаючай краіне толькі лепш. Распаўсюджанае перакананне пра бежанцаў як пра дармаедаў таксама несправядлівае. І ў развітых краінах дзяржаўнай падтрымкі недастаткова для пазбаўлення ад усіх турбот, а ў Беларусі выплата адначасовая, і лічбы, дарэчы, не тое каб уражвалі.
Human Constanta даносіць просты мэсэдж: правы мігрантаў — гэта базавыя чалавечыя правы. Трэба разумець гэты статус як вымушаны і ставіцца адпаведна, з узаемнай павагай і суперажываннем. Калі чакаць стварэння дэ-факта гасціннага клімату ў грамадстве? Ніхто не адкажа адназначна, але праваабаронцы лічаць (і мы салідарныя з імі), што асвета — мацнейшая за закамянелую ментальнасць.
Фота аўтаркі і са старонкі https://vk.com/humanconstanta