Створана петыцыя ў адказ на гамафобны артыкул МУС

Апошняя фраза ў артыкуле МУС: «Мы — за сапраўднае, яны не пройдуць!» можа выступаць як пагроза і заклік да гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да ЛГБТК+ людзей, звяртаюць увагу стваральнікі петыцыі .



cam08378_logo_1_logo.jpg

На сайце “Зручны горад” з’явілася петыцыя “За сапраўдную міліцыю — для ўсіх” супраць гамафобнага артыкула, размешчанага 20 траўня на афіцыйным сайце Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі “Мы — за сапраўднае!”.

У ім МУС непрыязна выказвалася пра людзей ЛГБТК+ і вясёлкавы сцяг, які амбасада Вялікабрытанія размясціла над сваім уваходам у Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, трансфобіяй і біфобіяй —  17 траўня.

У сваю чаргу, стваральнікі петыцыі адзначаюць, што згодна з Канстытуцыяй “чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы”, а сексуальная арыентацыя з’яўляецца ўласнай справай кожнага чалавека, за якую не прадугледжана ніякай прававой адказнасці.

“Органы ўнутраных спраў працуюць за падаткі грамадзян і ў іх інтарэсах, нідзе ў заканадаўстве не замацавана права МУС выступаць з ідэалагічнымі каментарамі і даваць неправавыя адзнакі асобных сітуацыяў, замест выконвання сваіх асноўных абавязкаў па папярэджанні і раскрыцці злачынстваў”, — падкрэсліваецца ў петыцыі.

Акрамя гэтага, стваральнікі петыцыі звяртаюць увагу на тое, што ў артыкуле МУС апошняя фраза “Мы — за сапраўднае, яны не пройдуць!” можа выступаць як пагроза і заклік да гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да ЛГБТК+ людзей.

Пасля збору подпісаў петыцыя будзе накіраваная ў Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь і МУС з просьбай праверыць законнасць такіх выказванняў з боку МУС, прыбраць дадзены артыкул з афіцыйнага сайта дзяржоргана і надалей устрымацца ад каментараў, у якіх адмаўляецца абавязак органаў унутраных спраў абараняць жыццё, здароўе, гонар, годнасць, правы, свабоды і законныя інтарэсы грамадзян ад злачынных і іншых супрацьпраўных замахаў незалежна ад іх грамадзянства, сацыяльнага, маёмаснага і іншага становішча, расавай і нацыянальнай прыналежнасці, полу, узросту, адукацыі і мовы, адносіны да рэлігіі, палітычных і іншых перакананняў, а таксама ад іншых абставінаў.

Нагадаем, 17 траўня прызначана Міжнародным днём барацьбы з гамафобіяй. Менавіта ў гэты дзень у 1990 годзе гомасексуальнасць была выключана з Міжнароднай класіфікацыі захворванняў.

У гэтым годзе амбасада Вялікабрытаніі ў Мінску вывесіла вясёлкавы сцяг, каб прыцягнуць увагу грамадскасці да праблемаў ЛГБТК+ людзей і дыскрымінацыі, з якой яны сутыкаюцца, а таксама з мэтай прасоўвання правоў ЛГБТ-супольнасці.

Беларусь, згодна з даследаваннем міжнароднай арганізацыі ILGA-Europe, знаходзіцца на 42 месцы з 49 краінаў Еўропы па ўзроўню гамафобіі.

cam083782_logo__1_.jpg


 Паводле spring96.org