Алег Агееў: Выказванні на сайце МУС абуральныя

Заява, апублікаваная на сайце Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі з нагоды вывешвання 17 траўня, на Сусветны дзень барацьбы з гамафобіяй, транфобіяй і фобіяй, на будынку амбасады Вялікабрытаніі ў Мінску вясёлкавага сцягу, недапушчальная.

1_stiag_lgbt.jpg


Такое меркаванне НЧ выказаў юрыст, намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў.

— З майго пункту гледжання, гэта проста абуральны факт. Гэта такая гамафобія і такія дыскрымінацыйныя выказванні, якія дазваляе сабе, як я падазраю, прэс-служба МУС, бо сумняваюся, што сам міністр у нядзелю, праз тры дні, ці нехта з высокіх пасадаўцаў міністэрства вырашыў заняцца гэтым. Найхутчэй, гэта глупства аднаго асобна ўзятага чыноўніка, які не да канца разумее спецыфіку і функцыю МУС у нармальным грамадстве.

У іх у палажэнні аб органах унутраных справаў напісана, што яны абараняюць правы ўсіх грамадзян. А тут утрымліваюцца выказванні, якія фактычна падзяляюць людзей на катэгорыі. “Мы і яны” — гэта адна з яскравых ксенафобскіх формаў выказванняў, і гэта проста абуральна.

Гэта сведчыць пра пэўны ўзровень ксенафобіі па меншай меры ў супрацоўнікаў сайта. Дарэчы, гэты тэкст нікім канкрэтна не падпісаны, таму падазраю, што гэта ўсё ж прэс-служба міністэрства.