Вольга Мікалайчык: Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў наогул трэба зачыняць

Рэжысёрка і грамадская актывістка Вольга Мікалайчык, якая рэгулярна выходзіць на акцыі пратэсту, распавяла сайту palitviazni.info пра тое, як у Беларусі адпраўляюць на «суткі».

Вольга Нікалайчык у цэнтры. Фота Дзіяны Пінчук

Вольга Нікалайчык у цэнтры. Фота Дзіяны Пінчук

“Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў – гэта нейкі перажытак мінулага”, – кажа суразмоўца.
Апошні раз Вольга Мікалайчык атрымала 7 сутак арышту за тое, што на пікеце разгарнула плакат з партрэтамі палітычных зняволеных. Яе і яшчэ аднаго актывіста Максіма Вінярскага абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
– Звычайна мне выпісваюць штрафы, але і ў тым, што адправілі на “суткі” ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў, нічога дзіўнага не было, – кажа Вольга. – Нечаканасцю было, што затрымлівалі дастаткова жорстка. Можна ж было больш ціха ўсё гэта зрабіць.
Я была да арышту падрыхтаваная, бо ўдзельнічала ў некалькі акцыях пратэсту. Таму нават з Цэнтра выканання пакаранняў адвезлі на суд і аштрафавалі на 30 базавых велічынь. І калі міліцыянты везлі мяне ў машыне, сказала ім: “Нікога не запалохаеце ўсё роўна і нікога не спыніце, таму што я змагаюся за свае правы. І не лічу сябе вінаватай. Буду змагацца да таго часу, пакуль не ўбачу перамены”.
– Вы сказалі, што затрыманне была дастаткова жорсткім…
– Сілавікі прыйшлі да мяне дадому, моцна пачалі грукаць у вокны і дзверы. Убачыла, што было некалькі людзей у цывільным і зразумела, што гэта за мной. Натуральна, дзверы не адчыняла. Мікрааўтобус з міліцыянерамі быццам бы з’ехаў, да мяне прыехаў сябра Леанід Кулакоў. І якраз у той час сілавікі ўварваліся ў хату.
Скруцілі мяне на кухні, павалаклі на вуліцы да машыны і пры гэтым ледзь не парвалі адзенне. Я нават сабрацца не паспела. Прасіла хаця б хату зачыніць, камп’ютар выключыць ды ўзяць неабходныя рэчы, якія ўжо сабрала, але ж не дазволілі. Закінулі ў мікрааўтобус і павезлі на суд, а затым у Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў.
– Умовы ўтрымання не здзівілі?
– Было дастаткова холадна, начамі ішлі дажджы. Смярдзючая коўдра, нецвярозыя суседкі па камеры… Але аказаліся нармальнымі людзьмі, адна, дарэчы, былая фігурыстка. Ішла з мужам здаваць метал, яе схапілі адмыслова напярэдадні 9 мая, каб не “псавала гарадскую карціну”.
Да слова, жанчына была больш адукаванай і інтылігентнай, чым многія супрацоўнікі Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў.
– Адным словам, умовы ўтрымання, мякка будзе сказана, былі не самыя лепшыя…
– Холад, поўная ізаляцыя, не пап’еш нават гарбаты. Калі напісала заяву, што мне праз сяброў дазволілі перадаць нейкія рэчы, адмовілі ў гэтым. Адным словам, умовы такія, што часам падавалася: гэта не Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў, а камера, дзе зняволеныя чакаюць смяротнага пакарання.
Дарэчы, там я застудзіла нырку, але мяне выводзілі на скразнякі, і я вымушана была пагаджацца. Бо правілы такія, што альбо ўсе ідуць на прагулку, альбо ніхто. Такія факты бесчалавечнага стаўлення да людзей пакідаць нельга, буду пісаць скаргі аж у Камітэт па правах чалавека ААН. Гэта ж самы сапраўдны здзек! Раней я спадзявалася, што ўсё-такі, магчыма, будуць перамены да лепшага, але, як бачым, мала што змянілася. На мой погляд, Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў наогул трэба зачыняць. Гэта ўжо нейкі перажытак мінулага.
palitviazni.info