Праваабаронцы заявілі пра ціск на палітвязня Міхаіла Жамчужнага ў калоніі
Палітвязень Міхаіл Жамчужны з пачатку жніўня ўжо другі раз змешчаны ў ШЫЗА. Адміністрацыя Горацкай калоніі № 9 двойчы спрабавала перавесці яго ў атрад, які сфармаваны з асуджаных з «нізкім статусам», Жамчужны адмаўляецца.
Правакацыі супраць Жамчужнага пачаліся яшчэ ў Ваўкавыскай калоніі і працягваюцца ў Горацкай, куды яго ў тэрміновым парадку перавялі 10 ліпеня, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Правакацыі звязаныя з устанаўленнем у асяроддзі зняволеных нефармальных адносін, якія дазваляюць, пры патуранні адміністрацый папраўчых устаноў, ствараць умовы для жорсткага, зневажальнага абыходжання з асобнымі асуджанымі.
3 жніўня Міхаіла Жамчужнага адміністрацыя калоніі спрабавала перавесці ў атрад, які сфармаваны з асуджаных з «нізкім статусам». Калі палітвязень адмовіўся, то яго пасадзілі на 5 сутак у ШЫЗА, склаўшы рапарт аб парушэнні ўмоваў адбыцця пакарання.
8 жніўня, пасля выхаду з ізалятара, яго зноў паспрабавалі адвесці ў той жа атрад, аднак палітвязень зноў адмовіўся. 9 жніўня яго другі раз пасадзілі ў ШЫЗА — ужо на 10 сутак. Адміністрацыя калёніі расцэньвае адмовы зняволенага як непадпарадкаванне.
Праваабаронцы лічаць, што адміністрацыя калоніі чыніць ціск на Міхаіла Жамчужнага і арганізуе супроць яго правакацыі.
Міхаіл Жамчужны — былы дацэнт Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўнівэрсытэту, кандыдат тэхнічных навук, вынаходнік. Першым у Беларусі зарэгістраваў самаробны аўтамабіль на альтэрнатыўным паліве. Жамчужны перадаваў звесткі пра ўмовы ўтрымання зняволеных у месцах пазбаўлення волі праваабарончай арганізацыі «Платформа».
Жамчужны быў затрыманы ў 2014 годзе. У ліпені 2015 году Віцебскі абласны суд прызнаў яго вінаватым у падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу, у незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, а таксама ў даванні хабару. Яго асудзілі на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суду, разгледзеўшы ў кастрычніку 2015 году касацыйную скаргу на прысуд, прызначыла яму больш строгае пакаранне — 6 з паловай гадоў пазбаўлення волі. Адбываў пакаранне спачатку ў Навасадскай калоніі, потым у Ваўкавыскай. 10 ліпеня палітзняволенага перавялі ў Горкі.
Паводле svaboda.org