Праваабаронцы атрымалі па 3 мільёны штрафу

Суд Савецкага раёна Мінска абвінаваціў праваабаронцаў Таццяну Равяка і Уладзіміра Лабковіча ў парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў і аштрафаваў кожнага на 3 мільёны.  



labkovich.jpg

Уладзімір Лабковіч

Напярэдадні беларускія праваабаронцы каля сталічнага ГУМа распаўсюджвалі паштоўкі з выяваю кіраўніка Праваабарончага цэнтра “Вясна”, віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH), намінанта на Нобелеўскую прэмію міра Алеся Бяляцкага, які быў арыштаваны спецслужбамі 4 жніўня 2011 года. А потым асуджаны на чатыры з паловаю гады пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Акцыі ў падтрымку Бяляцкага гэтымі днямі адбываюцца па ўсім свеце.

Днём раней дастаўленых пасля затрымання праваабаронцаў у суд суддзі былі вымушаныя іх адпусціць, бо пратаколы аб затрыманні супрацоўнікі праваахоўных органаў склалі неналежным чынам. І вось надоечы позна ўвечары Лабковіч і Равяка атрымалі чарговы выклік у суд.

Справу Таццяны Равякі разглядала суддзя Марына Фёдарава, а лёс Уладзі Лабковіча вырашаў Дзмітрый Паўлючэнка. Праваабаронцаў абвінавацілі ў парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў (частка 1 артыкула 23.34 КаАП РБ) і аштрафавалі на 30 базавых адзінак. “Новы час” звязаўся з сябрам Рады і юрыстам “Вясны” Уладзімірам Лабковічам.

— Як вы ацэньваеце рашэнне суда адносна вашае справы?

— Я лічу рашэнне суда аштрафаваць нас на 30 базавых адзінак, як і ўвогуле рашэнне прызнаць нас вінаватымі ў парушэнні парадку правядзення масавых мерапрыемстваў, незаконным. Гэта абсалютна заганная практыка, калі за раздачу друкаванае прадукцыі людзей прыцягваюць за артыкул аб масавых мерапрыемствах. Гэта небяспечная практыка, яна дыскрымінацыйная і незаконная. Таму гэтае рашэнне я разглядаю як палітычна матываванае і, безумоўна, буду абскарджваць у самы бліжэйшы час.

— Ці была ў вашых дзеяннях хоць адна прыкмета парушэння часткі 1 артыкула 23.34 КаАП?

— Не было ніводнай прыкметы. Нам інкрымінавалі, што формаю гэтага мерапрыемства было пікетаванне, але ж калі пачытаць артыкул 2 закона аб масавых мерапрыемствах, які дае тлумачэнне таго, што ёсць пікетаваннем, то абсалютна відавочна, што раздача друкаванай прадукцыі, паштовак, у якіх няма ніякіх заклікаў ці зваротаў да грамадзян, а ёсць толькі інфармаванне пра сітуацыю з правамі чалавека, з адным чалавекам, у прыватнасці, з Алесем Бяляцкім, не падпадае пад гэты закон.

— Штодня мы сутыкаемся з тым, што каля пераходаў, каля крамаў нам сунуць у рукі нейкую друкаваную прадукцыю з запрашэннямі на канцэрты, альбо наведаць казіно, альбо што-небудзь яшчэ. Мо, і гэта можна пры жаданні падпісаць пад парушэнне артыкула 23.34 КаАП?

— Мы звярталі на гэта ўвагу, таму што тут абсалютна відавочная аналогія з раздачай друкаванай прадукцыі ў пераходах, на вуліцах. Безумоўна, раней затрыманняў за гэта не было. Але цяпер, зыходзячы з гэтага рашэння суда, такія дзеянні робяцца незаконнымі, таму з рэкламнай прадукцыяй людзей таксама можна затрымліваць.

— Што вы з Таццянай Равяка будзеце рабіць далей пасля такога судовага рашэння?  

— Найбліжэйшым часам я накірую скаргу ў Мінскі гарадскі суд. Калі нас не задаволіць рашэнне Мінскага гарадскога суда, будзем падаваць у Вярхоўны суд. А пасля таго, як пройдзем усе механізмы нацыянальнага заканадаўства, будзем звяртацца ў Камітэт ААН па правах чалавека, таму што тут, безумоўна, мае месца парушэнне Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.