Праваабаронцы на волі да наступнага суда

У панядзелак, 5 жніўня, у цэнтры Мінску супрацоўнікі міліцыі  затрымалі сяброў Рады Праваабарончага цэнтра «Вясна» Таццяну Равяку і Уладзіміра Лабковіча. Яны раздавалі каля сталічнага ГУМа паштоўкі з выяваю кіраўніка «Вясны» Алеся Бяляцкага, які 04.08.2011 быў арыштаваны і пазней асуджаны на чатыры з паловаю гады пазбаўлення волі. Зараз Алесь знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі.    



100_5236.jpg

Таццяна Рэвяка. Фота Генадзя Кеснера

Праваабаронцаў затрымалі супрацоўнікі міліцыі прыкладна ў 12.20. Таццяну Равяку і Уладзіміра Лабковіча даставілі ў РУУС Савецкага раёна Мінска. Першапачаткова была інфармацыя, што ім інкрымінуюць парушэнне артыкула 23.34 Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях. Аднак, як высветлілася пазней, ужо ў судзе Савецкага раёна, міліцыянты не абцяжарылі сябе належным складаннем пратаколаў аб затрыманні. Таму суддзі Ірына Фёдарава і Дзмітрый Паўлючэнка былі змушаныя часова адпусціць затрыманых праваабаронцаў і перадаць пратаколы на дапрацоўку.

Вось што распавяла Таццяна Равяка «Новаму часу»:

— Мы самі не чакалі, што нас затрымаюць. Не было ніякіх плакатаў, мы з калегамі спадзяваліся, што проста раздадзім паштоўкі, нагадаем людзям, што ў нас у краіне ёсць вось такая праблема, якая нас вельмі хвалюе. Атрымалася так, што недзе паўгадзіны нам удалося раздаваць паштоўкі, але аказалася, што нехта выклікаў міліцыю, якая прыехала і нас затрымала. Дарэчы, супрацоўнік міліцыі быў у цывільным, ён падышоў, я дала яму паштоўку, пасля чаго ён паказаў пасведчанне і сказаў: «Вы затрыманыя».

Міліцэйскія пратаколы суд накіраваў на дапрацоўку. Што там напартачылі аўтары гэтых дакументаў?

— Там не было спасылкі на заканадаўства і не быў указаны артыкул, які мы нібыта парушылі. Вось, мы хадзілі, нешта рабілі, але як кваліфікаваны нашыя дзеянні, у адміністрацыйным пратаколе ўказана не было.

І колькі, на вашу думку, будзе цягнуцца гэтая гісторыя?

— Да таго часу, пакуль супрацоўнік міліцыі не выправіць памылкі ў пратаколе. Ён сказаў быць з ім на сувязі, яны выклічуць нас у РАУС, памылкі будуць выпраўленыя, і справа будзе зноў перададзеная ў суд. Але колькі гэта будзе доўжыцца па часе, мне зараз цяжка сказаць.

Ці не здарыцца так, што вы з Уладзімірам Лабковічам апыняцеся на Акрэсціна на пэўную колькасць сутак?

— Не мы першыя, не мы апошнія. Праваабаронцы нічым не адрозніваюцца ад тых жа актывістаў, якія выходзяць на вуліцы і распаўсюджваюць інфармацыю пра палітвязняў, вывешваюць іх партрэты, атрымліваюць «суткі». То бок, мы ўсе ў аднолькавай сітуацыі. Таму я б тут не вылучала наша затрыманне з шэрагу затрыманняў іншых актывістаў.