Правы для кожнага: людзі з інваліднасцю павінны мець магчымасць жыць самастойна

Як Столін імкнецца выкараніць дыскрымінацыю і дасягнуць роўных правоў для людзей з інваліднасцю.

2168.jpg

Столін — адзін з пяці гарадоў, у якім вядзецца маштабны праект па рэалізацыі правоў людзей з інваліднасцю ў межах кампаніі «Павестка 50». Офіс па правах людзей з інваліднасцю сумесна з партнёрамі польскага фонду TUS і з калегамі з Даніі, а таксама беларускімі арганізацыямі распрацавалі кампанію па ўкараненні Канвенцыі ААН па правах інвалідаў у беларускіх рэгіёнах. Падрыхтоўка заняла цэлых восем гадоў, і нарэшце ў 2015-м Беларусь ратыфікавала Канвенцыю.
Скарыстаўшы ўнікальную польскую метадалогію «22 крокі» па працы з мясцовымі супольнасцямі, Офіс вырашыў працаваць з нізавымі ініцыятывамі, каб увасабленне Канвенцыі ў жыццё адбылося не толькі на паперах дзяржаўных органаў.
Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі правеў даследаванне, прысвечанае гатоўнасці беларускіх гарадоў да рэалізацыі палажэнняў Канвенцыі, і адабраў 20 беларускіх гарадоў, з якіх былі вылучаныя пяць: Валожын, Столін, Бабруйск, Шчучын і Лепель (праз год Лепель быў заменены Стоўбцамі). Гарады ацэньваліся па гатоўнасці мясцовых уладаў пераняць еўрапейскі досвед і метадалогію, а таксама па наяўнасці інфраструктуры ў горадзе.
Ва ўсіх абраных гарадах былі сабраны круглыя сталы, каб высветліць, ці гатовыя людзі ўдзельнічаць у рэалізацыі кампаніі. Для знаёмства з міжнародным досведам актывісты трапілі ў Польшчу і Данію ў межах навучальных візітаў. А на месцах з дапамогай польскага фонду TUS разам з мясцовымі НДА, уладамі і сацыяльнымі службамі (ТЦСАН) распрацавалі ўласную стратэгію па ўкараненні Канвенцыі, а таксама мелі магчымасць праводзіць уласныя праекты.
Вынікам працы стала падпісанне стратэгій. Далей толькі — іх рэалізацыя.


Трусы, цяжкія падлеткі і пандусы ў аўтобусах

Да Століна ад Мінска — восем гадзін з перасадкамі. А потым памежная станцыя, адтуль давядзецца дабірацца на гарадскім аўтобусе. Ён ходзіць раз на паўгадзіны, мясцовыя нам кажуць: «Зусім маленькі перапынак». Паміж Гарынню і самім Столінам — наш прыпынак. Там домік з сонечнымі батарэямі, трусы, дэкаратыўны млын, на вокнах маленькія туі, на дзвярах напісана «Цэнтр падтрымкі маладых інвалідаў».
Міхаіл Скрабейка, кіраўнік Цэнтра — мужчына з сівізной у валасах і добрымі вачыма. Ён сустракае нас ля ўвахода і кажа, што зусім не герой, каб пра яго пісаць, бо тут працуе шмат людзей і іх дасягненні — гэта супольная праца: «У нас ёсць шэсць арганізацый, якія працуюць з людзьмі з інваліднасцю. Мы і раней, канешне, працавалі, але калі наш горад выбралі ў межах Павесткі, справа пайшла лепей».

54521567_313758319325123_7428035725276217344_n.jpg


Акрамя стварэння стратэгіі ўкаранення Канвенцыі на Століншчыне, разам з Офісам «Цэнтр падтрымкі людзей з інваліднасцю» ладзіў маніторынг праверкі ўсіх будынкаў на безбар’ернае асяроддзе.
«Думалі, што ўсё атрымаецца за тыдзень-два, але апынулася, што гэта даволі складана. Уся праца заняла каля двух месяцаў. Мы праверылі 90 аб’ектаў і па выніках выпусцілі даведнік па безбар’ерным асяроддзі». Даведнік раздавалі бясплатна. Ён ёсць і ў электронным выглядзе, а зараз будзе перакладацца на англійскую мову.
Між іншым, пасля выдання даведніка шмат хто выправіўся. Пандусы паставіць не так хутка, але жоўтыя знакі, абазначэнні пачатка і канца лесвіцы зараз амаль усюды. Сярод безумоўных дасягненняў — тое, што «Цэнтр падтрымкі людзей з інваліднасцю» нават уключаны ў камісію па прыёмцы будынкаў. Ужо паўтары гады без іх подпісу не здаецца ніводны аб’ект.
Міхаіл звяртае ўвагу, што аўтапарк мае некалькі аўтобусаў з пандусамі. Пра гэта доўга дамаўляліся, але вырашылі пытанне. Калі чалавек з інваліднасцю збіраецца кудысьці ехаць, ён тэлефануе ў аўтапарк і папярэджвае загадзя, калі і на якім прыпынку ён будзе садзіцца. Тады па гэтаму маршруту ў пэўны час запускаюць такі аўтобус.
«Мы нават правяралі, — кажа Міхаіл. — Па тэлефоне паведамлялі інфармацыю і глядзелі, які аўтобус пад’едзе. Чалавека на прыпынку, канешне, не было, але аўтобус быў».
З усімі арганізацыямі Цэнтр працуе вельмі шчыльна. У памяшканні Цэнтра, які таксама аддаў выканкам, прадстаўнікі ўсіх арганізацый і мясцовых уладаў спрабуюць збірацца раз на месяц. А калі працавалі над Павесткай, сустракаліся раз на тыдзень. «Я не разумею, чаму ў іншых раёнах не так?» — здзіўляецца Міхаіл.
Калі Цэнтр першы раз ладзіў летнік для складаных падлеткаў, якія стаяць на ўліку ў міліцыі, прывезлі 25 маладзёнаў. Праз тыдзень прыехаў намеснік старшыні райвыканкама. «Сказаў, што на 15 хвілін, а з’ехаў позна ўвечары. Проста гуляў у футбол! На наступны дзень прыехалі ўсе намеснікі. А пад канец лагера агулам прапанавалі фінансаваць харчаванне. Так гэта было 7—8 гадоў таму! Зараз такія летнікі праходзяць штогод і займаецца гэтым райвыканкам», — з захапленнем распавядае Міхаіл.

54256256_409353099852651_6989786084255203328_n.jpg


Дарэчы, вёску, у якой ладзяцца летнікі, і дзе Цэнтр збіраецца рэалізоўваць свой галоўны праект па незалежнаму пражыванню, аддалі ў карыстанне бясплатна.
«Усе калегі здзіўляюцца. А мяне здзіўляе, чаму ў іншых не так? Я лічу гэта нармальна, па-чалавечы», — кажа Міхаіл з усмешкай.
Столін — горад маленькі, усе адзін аднаго ведаюць. Людзі самі знаходзяць Цэнтр і звяртаюцца па дапамогу. Да іх прыязджаюць карэкцыйныя класы, бо Цэнтр мае трэкеры па кіраванню камп’ютэрам вачыма. «Мы працуем з усімі, але робім акцэнт на людзях з інтэлектуальнымі парушэннямі. У гэтым накірунку шмат працы», — каментуе Міхаіл.
Нядаўна скончылася народнае галасаванне ў конкурсе праектаў Social Weekend, дзе праект Цэнтра «Тэатр пад адкрытым небам» для людзей з інтэлектуальнымі парушэннямі заняў другое месца. Праект існуе ўжо 10 гадоў. І ўвесь гэты час ён працуе на ахвяраванні. Раней яго праводзілі ў закінутым лагеры, а потым лагер зачынілі. Зараз людзі хочуць пабудаваць свой амфітэатр у вёсцы.
«Да нас адусюль прыязджаюць — Мінск, Брэст, Пінск, Львоў, Кіеў. З групамі працуюць прафесійныя рэжысёры. Вось ужо 6 гадоў прыязджае настаўнік універсітэта культуры з Кіева Віталій Любота. І жыве ў намётах, і спіць на падлозе. У нас усе валанцёры», — дзеліцца Міхаіл.

54522819_768028033596506_7198455734596534272_n.jpg


Летась на дзень інвалідаў Цэнтр правёў першы ў Беларусі «Спецыяльны Палескі міжнародны турнір», дзе было пяць каманд. Тры з Беларусі (Столінская, Пінская і Лунінецкая), адна латвійская і адна ўкраінская. Спаборнічалі ў плаванні, гулялі ў футбол, стралялі з вінтоўкі і не толькі.
«Барацьба, эмоцыі, медалі — усё было сапраўднае. Кармілі мы 80 чалавек. У выніку перамагла каманда з Латвіі, — кажа Міхаіл. — Усё было вельмі цікава».
Зараз галоўная мэта Цэнтра — гэта праект па незалежнаму пражыванню, стварэнне месца, дзе маладзёны будуць жыць і працаваць самастойна.
«Наша грамадства чамусьці гэтага палохаецца, але нічога, усё прыйдзе з часам. Не істотна, што чалавек не ўмее чытаць і пісаць, ён можа сябе абслужыць. Я нават больш скажу: такія людзі больш адказныя, чым «здаровыя», яны працуюць на сто адсоткаў сваіх магчымасцей. І наша ідэя ў тым, каб людзі з інваліднасцю мелі магчымасць жыць самастойна, — распавядае кіраўнік Цэнтра. — Гэта значыць незалежна ні ад каго працаваць, хадзіць у кіно і куды заўгодна».
На сакавіцкія святы ў Цэнтра было мерапрыемства — злёт людзей з інваліднасцю, дзе яны сумесна з партнёрамі працавалі над праектам. А гарбату ды каву ўдзельнікам прыносілі дзяўчаты з інтэлектуальнымі парушэннямі.
«Мы хацелі паглядзець, як у іх атрымаецца. І ведаеце, усё прайшло выдатна! — кажа Міхаіл. — Да нас летам прывозяць шмат дзяцей на трусоў паглядзець, а зараз яшчэ фазанаў запусцім, пляцоўку зробім, арэлі для вазочнікаў. Мы ўжо закупілі абсталяванне для выпякання імбірнага печыва, зараз шукаем майстра, які будзе дапамагаць у гэтым. І вось гэтыя дзве дзяўчаты будуць працаваць. Потым плануем запусціць невялікую сталярную майстэрню для хлопцаў, дзе яны будуць вырабляць сувеніры».
Усё гэта — крокі да таго, каб паказаць грамадству, што мы ўсе аднолькавыя, не трэба стыгматызаваць людзей з інваліднасцю. Па Павестцы быў навучальны візіт у Данію, дзе ўдзельнікі кампаніі здолелі паглядзець, як там зладжана сістэма для людзей з інваліднасцю і як укаранялася Канвенцыя.  
«Ведаеце, там нават слова «інваліднасць» няма. Вось гэта тое, да чаго нам трэба імкнуцца. Мы ўсё здолеем здзейсніць, калі захочам, — разважае Міхаіл. — А натхняе мяне тое, што ўсе мы — адна вялікая сям’я. У любога чалавека яна ёсць. І калі цябе разумеюць, то ўсё добра. Вось зараз 18 гадзін, а я прыехаў да 9:00. І калі б мне не падабалася, ці быў бы я тут? Гэта ўжо жыццё».
*****Кампанія «Павестка 50» рэалізуецца пры падтрымцы Еўрапейскага саюза ў партнёрстве з Fundacja TUS (Польшча) і грамадскай арганізацыяй «Еўрапейскі дом» (Данія). У рэалізацыі кампаніі ў Беларусі ўдзельнічаюць Офіс па правах людзей з інваліднасцю, Міжнародны кансорцыум «ЕўраБеларусь» і Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі.