Прэмія за мужнасць

Аляксандр Камароўскі — арганізатар руху па абароне правоў ветэранаў вайны ў Афганістане — атрымаў прэмію імя Юрыя Захаранкі ад заснавальнікаў руху «Абароны Айчыны».

Прэмію ўручалі праваабаронца Алег Волчак і палкоўнік запасу, блізкі сябра зніклага палітыка — Уладзімір Барадач.



5d6646aad9bcc0be55b2c82f69750387.jpg

Аляксандр Камароўскі — арганізатар руху па абароне правоў ветэранаў вайны ў Афганістане — атрымаў прэмію імя Юрыя Захаранкі ад заснавальнікаў руху «Абароны Айчыны».
Прэмію ўручалі праваабаронца Алег Волчак і палкоўнік запасу, блізкі сябра зніклага палітыка — Уладзімір Барадач.
Адзін з сябраў журы, якое вызначала прэтэндэнтаў на прэмію, праваабаронца Алег Волчак падкрэслівае, што Аляксандр Камароўскі — годны лаўрэат прэміі. «Нягледзячы на тое, што ён на пенсіі і мог бы жыць спакойна, Аляксандр актыўна падтрымлівае дэмакратычны рух краіны, не баіцца выказваць сваю пазіцыю па розных парушэннях правоў чалавека і называе рэчы сваімі імёнамі, — тлумачыць Волчак. — Сумленнасць, мужнасць — усё гэта ёсць у ім».
Аляксандр Камароўскі — падпалкоўнік запасу, служыў у Афганістане, быў узнагароджаны ордэнам трэцяй ступені за службу Радзіме. Пасля вяртання ў Беларусь і звальнення з войска Аляксандр Камароўскі актыўна прымае ўдзел у дзейнасці і кіраўніцтве грамадскага руху, што займаецца абаронай правоў ветэранаў вайны ў Афганістане, сем’яў афганцаў, ладзіць ваенна-патрыятычныя летнікі для падлеткаў.
Дарэчы, на днях у Жодзіна адбылася тыповая для нашага часу гісторыя: у школе, дзе вучыўся Дзмітрый Лебядзеўскі — вайсковец, які загінуў у Афганістане, мусіла адбыцца сустрэча вучняў з Камароўскім і пісьменнікам Уладзімерам Някляевым. Нягледзячы на добрыя стасункі з кіраўніцтвам навучальнай установы, у апошні момант сустрэчу забаранілі. У свой час рух па абароне правоў ветэранаў вайны ў Афганістане дамогся, каб вуліцу, на якой меціцца гэта школа, з Камуністычнай перайменавалі ў Лебядзеўскага. Цяпер з-за сваёй дзейнасці Камароўскі стаў непажаданым госцем у гэтай установе.
Цікавая сямейная гісторыя былога вайскоўца. Яго карані паходзяць з Польшчы. Пасля сем’і жылі ў Мінскай вобласці. Дзядоў і па кудзелі, і па мячы за Саветамі выслалі з Беларусі. Першага, вайскоўца — у Салавецкія лагеры за антыкамуністычную дзейнасць, другога — як кулака на адмысловыя пасяленні ў Пермскую губерню. Ужо там, у высылцы, і пазнаёміліся бацькі Камароўскага.
Аляксандр Камароўскі гаворыць, што для яго прэмія — знак маральнай падтрымкі. «Я ненавіджу самаўпраўнасць, таму для мяне такая адзнака — стымул не здавацца», — зазначыў лаўрэат.
Падчас цырымоніі ўзнагароды праваабаронца Раіса Міхайлоўская ўзгадала і асобу, якая прэміі не атрымлівала, але падзяліла яе са сваім мужам ды і сама вартая была б такой узнагароды. Размова ідзе пра Ірыну Казуліну, якая пайшла з жыцця два гады таму — 23 лютага. «Кожны раз, калі мы рыхтуемся да гэтай цырымоніі, я думаю, як багата нашая краіна на людзей прынцыповых, смелых і мужных», — зазначыла праваабаронца.
Прэмію імя Юрыя Захаранкі ўручаюць штогод 23 лютага. Яе лаўрэатамі былі Валер Фралоў, Гары Паганяйла, Мікалай Аўтуховіч, Аляксандр Казулін, Аляксандр Тамковіч.
* * *
Адзін з лаўрэатаў прэміі імя Юрыя Захаранкі Мікалай Аўтуховіч ужо другі год знаходзіцца ў следчым ізалятары. Яго і Уладзіміра Асіпенку абвінавачваюць у падрыхтоўцы замаху на губернатара Гродзенскай вобласці. Справа цягнецца больш за год. Цягам гэтага часу Мікалай Аўтуховіч, які віны не прызнае, праводзіў галадоўку пратэсту, што доўжылася 91 дзень. Цяпер ідзе знаёмства суда з матэрыяламі справы. Бліжэйшым часам мусіць быць прызначаная дата суда, які генпракурор абяцаў зрабіць адкрытым. Шэраг беларускіх праваабаронцаў лічаць Аўтуховіча і Асіпенку вязнямі сумлення.