Прэмію “З адкрытым забралам” атрымаў Уладзімір Барадач
Сёння адбылася юбілейная — дзясятая — цырымонія ўручэння прэміі імя Юрыя Захаранкі.
Алег Волчак і Аляксандр Камароўскі
Адзін з арганізатараў прэміі, кіраўнік арганізацыі “Прававая дапамога насельніцву” Алег Волчак распавёў, што разглядаліся тры кандыдатуры на прэмію старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, палкоўнік, ветэран вайны ў Афганістане Уладзімір Барадач і лідар прадпрымальніцкай ініцыятывы “Перспектыва” Анатоль Шумчанка.
Алег Волчак патлумачыў, чаму выбар прыпаў на Уладзіміра Барадача:
— У гэтым годзе сканчваецца следства па справе Юрыя Захаранкі. Уладзімір Барадач з самага першага дня знікнення Захаранкі заявіў, што спецслужбы выкралі і знішчылі генерала Захаранку. Агучыўшы гэта, Барадач ужо тады рызыкаваў, пайшоў супраць сістэмы. Па-другое, у мінулым годзе ён дзейнічаў вельмі актыўна — спрабаваў аб’яднаць апазіцыю, заяўляў пра карупцыю, ствараў шмат непрыемнасцяў Адміністрацыі прэзідэнта. Таксама мы памятаем, што была інфармацыя пра яго патэнцыйную ліквідацыю на тэрыторыі Нямеччыны (Барадач папрасіў там палітпрытулак — аўт.) — бачым, што і па-за межамі Беларусі можна патрапіць пад рэпрэсіі.
Сам Уладзімір Барадач з прычын бяспекі не змог прыехаць за прэміяй, таму яе ўручылі паплечніку Барадача, аднаму з лідараў руху ветэранаў вайны ў Афганістане Аляксандру Камароўскаму, які раней таксама атрымоўваў прэмію “Рыцар году. З адкрытым забралам”. Камароўскі абяцаўся ў хуткім часе перадаць яе непасрэдна лаўрэату.
На імпрэзе прысутнічалі і іншыя лаўрэаты прэміі за мінулыя гады — Раіса Міхайлоўская, Валер Фралоў, Аляксандр Тамковіч, Пётр Кавалёў .
— Я згодны са словамі Аляксандра Камароўскага, Уладзімір Барадач — мой добры таварыш, бачыў яго апошні раз за тры дні да яго ад’езду. Але я скажу трошку іншае: вайсковыя людзі, калі трапляюць у палітыку, гэта як мужык прыходзіць у публічны дом, прабачце калі каго пакрыўдзіў. Зусім іншы менталітэт, іншы падыход да ацэнкі сітуацыі. Але маю надзею, што Валодзя Барадач і многія вайскоўцы ў патрэбны час будуць у патрэбным месцы, — выказаў пажаданні генерал Валер Фралоў.
Праваабаронца Раіса Міхайлоўская, якая атрымала ўзнагароду ў мінулым годзе, зазначыла, што прэмія на працягу ўжо дзесяці гадоў выконвае сваю асноўную функцыю:
— Гэтая прэмія не толькі ўшаноўвае, але і абавязвае. З адчуваннем адказнасці і абавязанасці я жыла і працавала гэты год і, бясспрэчна, буду несці гэты цяжар і наступныя гады. Пятнаццаць гадоў таму знік Юры Захаранка. Усе гэтыя годы яго родныя, яго маці Ульяна Захаранка, якой цяпер 90 гадоў, з надзеяй глядзела ў вакно і чакала свайго Юру, сваю адзіную апору ў жыцці. Усе гэтыя пятнаццаць гадоў яна чакала, каб дзяржава абараніла свайго экс-міністра унутраных справаў, але дзяржава нават не расследавала яго знікненне і не знайшла вінаватых.
Паводле Раісы Міхайлоўскай, юрысты “Беларускага дакументацыйнага цэнтра” ад імя Ульяны Захаранкі напісалі скаргу Камітэт па правах чалавека ААН . Праваабаронцы спадзяюцца, што міжнародны разгляд скаргі дапаможа Ульяне Захаранцы яшчэ пры сваім жыцці даведацца, што здарылася з яе сынам і хто будзе за гэта адказваць.