Някляеву ўручылі прэмію шведскага ПЭН-клубу

У Стакгольме увечары 25 лютага прайшла цырымонія ўзнагароджваньня беларускага паэта, былога палітвязьня Ўладзімера Някляева прэміяй, якая была прысуджаная яму ў 2011 годзе.  



niakliajeu1.jpg

Уладзімір Някляеў

 

 

На цырымоніі 15 лістапада 2011 года, у міжнародны дзень салідарнасьці зь літаратарамі, якія знаходзяцца за кратами, Някляеў прысутнічаць ня змог, бо быў пад падпіскай аб нявыезьдзе пасьля прысуду за Плошчу. Тады дыплём паклалі на пустое крэсла, што было вельмі сымбалічна.
 

Учора міністр культуры Швэцыі Лена Одэльсэн-Лільерт нарэшце змагла ўручыць дыплём Уладзімеру Някляеву асабіста. Яна выказала радасьць з гэтай нагоды і заявіла, што вельмі шануе творчасьць і дзейнасьць Някляева.
 

Прэмія носіць імя нямецкага літаратара, змагара з нацызмам Курта Тухольскага, якога перасьледавалі гітлераўскія ўлады, пазбавілі грамадзянства, і які знайшоў сабе прытулак у Швэцыі.
 

На цырымонію, якая прайшла ў Палацы культуры ў самым цэнтры швэдзкай сталіцы, прыйшло шмат людзей, многія стаялі, бо не хапіла крэслаў.
 

Уладзімер Някляеў дзякаваў за падтрымку калег па паэтычным цэху, іх салідарнасьць ён адчуваў і ў турме КДБ. Ён распавёў падрабязнасьці свайго турэмнага досьведу, а таксама згадаў сваю нядаўнюю паездку ў Кіеў на Майдан, у час, калі там хавалі беларуса Міхаіла Жызьнеўскага, прачытаў верш пра Ўкраіну.
У канцы вечарыны шмат гасьцей стала ў чаргу па аўтограф паэта.

www.svaboda.org


 

gdb.rferl.org__a41815bb_4db4_4_d71414e64562b68c8db5949b99634290.jpeg


gdb.rferl.org__ee545105_7e09_4_44e9e0b554b41ea214aec26af77d5621.jpeg