Прыгадзіўся дзе не нарадзіўся
За 11 гадоў з вёскі ў горад з’ехала паўмільёна маладых беларусаў.
У асноўным з’язджалі жанчыны. У выніку цяпер у беларускай вёсцы на 10 юнакоў прыпадае 8 дзяўчат, падлічыў Нацыянальны статыстычны камітэт. У гарадах пражывае 82% моладзі краіны і толькі
18% — у сельскай мясцовасці. Колькасць сельскай моладзі за апошнія 12 гадоў скарацілася на 174,6 тысяч чалавек (на 30%). Паводле прынятых у Беларусі нормаў, кожны чацвёрты жыхар краіны
належыць да моладзі (катэгорыя насельніцтва ва ўзросце ад 14 да 31 года).
На пачатак гэтага года ў рэспубліцы налічвалася 2 мільёна 291 тысяч маладых людзей. Амаль 38% з іх — жыхары Мінска і Мінскай вобласці (865,4 тысячы чалавек). І толькі кожны дзявяты малады
чалавек ва ўзросце ад 14 да 31 года пражывае ў Гродзенскай ці Магілёўскай абласцях.
Памяншэнне колькасці сельскай моладзі звязана, перш за ўсё, з міграцыйным адтокам у гарады, растлумачылі ў Белстаце. Так, з 2000 па 2011 год з вёскі ў горад з’ехала больш за 500 тысяч
чалавек ва ўзросце ад 14 да 31 года, а прыехала ў вёску на пастаяннае месца жыхарства з горада больш за 300 тысяч чалавек.
Большасць тых, хто выязджае з сельскай мясцовасці, — маладыя людзі, якія пераехалі ў горад для працягу адукацыі або працаўладкавання. У мінулым годзе ўдзельная вага асоб ва ўзросце
16–30 гадоў у агульнай колькасці тых, хто выехаў з сельскай мясцовасці ў гарады, склала 55,8%.
Сярод мігрантаў «вёска-горад» пераважаюць жанчыны (55,9%), і гэтая тэндэнцыя захоўваецца на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў. Яе вынікам стаў дысбаланс колькасці мужчын і жанчын,
што выяўляецца ў недахопе нявест на вёсцы. Так, на пачатак гэтага года на 1000 сельскіх мужчын ва ўзросце 20–29 гадоў, калі найбольш актыўна ствараюцца сям’і, было толькі 794
жанчыны гэтага ж узросту.
У Беларусі на ўзроўні вышэйшага кіраўніцтва не першы год спрабуюць рэанімаваць вёску ды зрабіць яе прывабнай для моладзі. Справа гэта нятанная. Праграма развіцця вёскі ў 2005–2010 гадах
пацягнула на 53 мільярда долараў. Гэты буйны інвестыцыйны праект мусіў істотна палепшыць жыццё ў беларускай вёсцы, зрабіць вёску прыкметным экспарцёрам прадуктаў харчавання, стварыць умовы для
харчовай бяспекі і г. д. «Але шэраг найважнейшых мэтавых задач не дасягнуты, эканоміка АПК знаходзіцца ў няпростым стане. Патрабуюць дасканаласці падыходы да эксплуатацыі жылля і
інфраструктуры аграгарадкоў, у наяўнасці абыякавае стаўленне да гэтых фондаў многіх грамадзян, якія пражываюць у пабудаваных дзяржавай і гаспадаркамі дамах», — падводзіў вынікі
пяцігодкі прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч. Праграма на наступныя пяць гадоў мае ярка акрэсленую экспартную накіраванасць.
Тым часам з вёскі, як і ў савецкі час, масава выязджаюць маладыя людзі, бо міграцыя застаецца сацыяльным ліфтам, які дазваляе атрымаць няцяжкую фізічную працу з прыстойным заробкам, мінімум
сацыяльных і культурных дабротаў. Лідзіруе па прытоку моладзі Мінск.
«За кошт унутрырэспубліканскай міграцыі сталіца пастаянна папаўняецца маладымі працоўнымі рэсурсамі. Больш за 80% міграцыйнага прыросту насельніцтва Мінска прыпадае на групу 15–19
гадоў. У гэтым узросце моладзь, якая скончыла школу, з усіх куткоў нашай краіны паступае ў сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы, а паколькі найбольшая іх колькасць размешчана ў
сталіцы, то і асноўная плынь мігрантаў накіроўваецца ў Мінск. На гэту ўзроставую групу прыпадае каля паловы ўсіх мігрантаў, што прыбываюць у сталіцу, — цытуе рэсурсны цэнтр ЮНФПА
даследаванне па міграцыі ўнутры Беларусі. — У абласных цэнтрах таксама прасочваецца тэндэнцыя высокай міграцыйнай актыўнасці жанчын ва ўзросце 15–24 гадоў. Аднак калі для Мінску
характэрныя прырост насельніцтва ва ўзроставай групе 15–19 гадоў і адток у 20–24 гады, то ў абласных цэнтрах назіраецца супрацьлеглая сітуацыя. Нягледзячы на прыток моладзі на
вучобу з раённых цэнтраў і сельскай мясцовасці, усе абласныя цэнтры губляюць сваё насельніцтва ва ўзросце 15–19 гадоў пры абмене насельніцтвам з Мінскам».
«Праблема беларускай вёскі складаная, комплексная. Але ёсць некалькі падставовых рэчаў, на якія найперш варта было б звярнуць увагу», — гаворыць Зміцер Бабіцкі, эксперт
CASE-Belarus, адзін з аўтараў выдання «Рэйтынг гарадоў Беларусі: умовы развіцця чалавечага капіталу». Ён мяркуе, што цэнтралізаваная форма дзяржаўнага кіравання не спрыяе адэкватным
заробкам у сельскагаспадарчай сферы: «Дзяржава пераразмяркоўвае прыбыткі і вырашае, хто колькі заробіць на малацэ, — колькі атрымае даярка, колькі малочны завод, а колькі крама.
Калі б цэнаўтварэнне было свабодным, то рынак сам бы пераразмеркаваў прыбыткі. Не факт, што на карысць вёскі, але тым не менш, магчыма, і вёска атрымлівала б за сваё малако больш, чым
цяпер».
Яшчэ адна прычына нежадання людзей жыць на вёсцы, на думку эксперта Бабіцкага, — немагчымасць разбагацець.
«У нас на вёсцы няма магчымасцяў для канцэнтрацыі капіталу. У сельскай гаспадарцы немагчыма канцэнтраваць, назапашваць капітал, бо там фактычна няма прыватнай уласнасці. Ты працуеш-працуеш,
але ўсяго толькі як наёмны рабочы. У нас толькі адзінкавыя прыклады прыватных фермерскіх гаспадарак. Калі б калгасы былі расфармаваныя, былі ўведзеныя прыватныя землі, то дзеці заможных сялян
перасталі б імкнуцца ў горад, бо даброты ў іх былі б і дома. Вось таму аграгарадкі, вясковыя клубы — гэта не вырашэнне сітуацыі», — падкрэслівае Зміцер Бабіцкі.