«Прыплылі»: як у судзе змагаліся з «папяровай флатыліяй» (фота)
Суддзя Цэнтральнага раёна Мінска Іван Касцян, нягледзячы на спрэчныя довады міліцыянтаў і відавочныя доказы невінаватасці журналісткі «Новага Часу» Дзіяны Серадзюк, усіх абвінавачаных па адміністратыўнай справе пакараў штрафамі.
Сёння ў Цэнтральным судзе Мінска разглядалі адміністратыўную справу, заведзеную ў адносінах да актывістаў Святланы Каваленкі, Яўгена Батуры і журналісткі «Новага Часу» Дзіяны Серадзюк паводле артыкула 23.34 КоАП («неаснкцыяванае пікетаванне»). Яны знаходзіліся 26 лістапада каля амбасады Расійскай Федэрацыі, дзе маладзёны ў знак пратэсту супраць захопу ўкраінскіх катараў і буксіра расійскімі ВМС усклалі на парапет агароджы амбасады папяровыя караблікі.
Сама па сабе трактоўка ўскладання караблікаў як пікетавання выглядае сумнеўнай. Каб падкрэсліць гэты абсурд, людзі, што прыйшлі падтрымаць абвінавачаных, паклалі папяровыя караблікі на парэнчы ў зале суда. Праз некалькі хвілін маёр міліцыі Мікалай Ярмалінскі незаўважна прыбраў караблікі, чым выклікаў недаўменне і ўсмешку прысутных. «Папяровая флатылія» намаганнямі прысутных праз пару хвілін адрадзілася. Суд усё не пачынаўся. Нарэшце міліцыянт заявіў, што суддзя адмаўляецца весці працэс, пакуль не будуць прыбраныя папяровыя караблікі. На словы міліцыянта: «Спыніце гэты цырк», Святлана Каваленка парыравала: «Цырк – гэта вось тут!», дэманструючы пратакол праваахоўніку, на што той не знайшоў што адказаць, але ўсё-ткі зноў пазабіраў папяровыя фігуркі караблёў.
Цягам разгляду справы суддзя дэманстраваў досыць добразычлівае стаўленне да ўдзельнікаў працэсу. Практычна ўсе хадайніцтвы абвінавачаных (вядзенне працэсу на беларускай мове, далучэнне да справы доказаў невінаватасці Дзіяны Серадзюк, заслухоўванне новых сведак, заслухоўванне Святланы Каваленкі пасля допыту сведкаў з боку міліцыі) былі задаволеныя. Гэта давала надзею, што разбіральніцтва будзе больш-менш аб’ектыўным.
Сведкі з боку міліцыі Антон Зубцоў і Андрэй Лазарчык заяўлялі, што ўсе трое абвінавачаных ставілі караблікі на парапет. Пры гэтым яны не адмаўлялі, што былі карэспандэнты СМІ, у тым ліку «Новага Часу», нават не адмаўлялі, што бачылі Дзіяну і яе пасведчанне. Яны прызналі, што не папярэджвалі прысутных ля амбасады пра тое, што тыя здзяйсняюць супрацьпраўныя дзеянні, бо самі не былі перакананыя ў гэтым.
Суд паводле хадайніцтва Дзіяны Серадзюк далучыў да справы і разгледзеў копіі рэдакцыйнага задання, пасведчання журналісткі і раздрукоўкі матэрыяла пра ўскладанне папяровых караблікаў каля расійскай амбасады, які для «Новага часу» падрыхатавала Дзіяна Серадзюк як журналістка. Былі заслуханы сведкі галоўная рэдактарка Аксана Колб і журналіст БелаПАН Сяргей Балай, якія пацвердзілі невінаватасць Дзіяны Серадзюк.
Раптам здарылася нешта абсалютна нечаканае. Пасля перапынку, нягледзячы на прадстаўленыя суду бясспрэчныя доказы невінаватасці журналісткі і на сумнеўнасць, калі не сказаць абсурднасць кваліфікацыі мерапрыемства каля расійскай амбасады як пікета, суд пастанавіў прызнаць Святлану Каваленка, Яўгена Батуру і Дзіяну Серадзюк вінаватымі паводле артыкула 23.34 КоАП і пакараць кожнага штрафам памерам у 490 рублёў.
Таксама ў гэты ж дзень за акцыю каля расійскай амбасады штрафы ў 40 базавых велічынь прысудзілі Дзянісу Урбановічу і Сяргею Тарасенку.
Выглядае на тое, што адбыўся сумны прэцэдэнт, калі доказы невінаватасці па нейкіх прычынах папросту ігнаруюцца і журналіст за выкананне сваіх прафесійных абавязкаў караецца штрафам, а гэта вельмі трывожны званочак і для судовай сістэмы і для грамадства цалкам.
Фота аўтара