Суд не задаволіў скаргу Алеся Чахольскага
У сераду, 19 снежня, у судзе Фрунзенскага раёна Мінска адбыўся разгляд скаргі Алеся Чахольскага – кіраўніка грамадскай дырэкцыі Народнага мемарыялу Курапаты і адказнага сакратара ўправы сойму КХП БНФ – на пастанову начальніка спецпадраздзялення забеспячэння бяспекі дарожнага руху УДАІ Мінаблвыканкама Яраслава Жука. Прадстаўніца судовай улады Алёна Бушава пакінула дзеянне пастановы ў сіле.
Яшчэ 17 чэрвеня на Алеся Чахольскага супрацоўнікамі УДАІ Мінскага аблвыканкама быў складзены пратакол пра адміністратыўнае правапарушэнне — нібыта ён парушыў правілы дарожнага руху ля сумнавядомага рэстарацыйна-забаўляльнага комплексу «Поедем, поедим» побач з Народным мемарыялам Курапаты.
З пратаколу вынікае, што Алесь Чахольскі нібыта 17.06.2018 г. а 16:45 рухаўся па праезнай частцы аўтадарогі ля пазначанага забаўляльнага комплексу, сваімі дзеяннямі перашкаджаў руху аўтамабіля, змусіў кіроўцу экстрана гальмаваць і змяняць напрамак руху, праз што стварыў аварыйную сітуацыю.
14 жніўня пастанову пра спагнанне штрафу паводле арт. 18.23 ч.3 КаАП РБ у памеры 3 базавых велічыняў ухваліў намеснік начальніка УДАІ УУС Мінаблвыканкама Віктар Ротчанкаў.
27 верасня Алесь Чахольскі абскардзіў гэтую пастанову ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска. Для падмацавання сваёй пазіцыі ён надаў суду факталагічны матэрыял з фотаздымкамі і тлумачэннямі. З іх аналізу адназначна вынікае: Алесь Чахольскі не мог парушыць правілы дарожнага руху, бо ў той час знаходзіўся ў памяшканні АЗС №75, што месціцца за 100 м ад рэстарацыі. Суд палічыў гэтыя доказы пераканаўчымі, у выніку пастанова была скасаваная і накіраваная на паўторны разгляд ва УДАІ УУС Мінаблвыканкама.
Аднак у выніку новага разгляду справы, які адбыўся 13 лістапада, начальнік спецпадраздзялення па забеспячэнні бяспекі дарожнага руху УДАІ Мінаблвыканкама падпалкоўнік міліцыі Яраслаў Жук наноў ухваліў пастанову пра спагнанне з Алеся Чахольскага штрафа ў памеры 3 базавых велічыняў.
19 снежня прадстаўніца судовай улады Алёна Бушава не задаволіла скаргу, пастанову пра спагнанне штрафу пакінула без зменаў. Алесь Чахольскі з гэтым катэгарычна не згодны, будзе абскарджваць рашэнне ў судзе ўжо другой інстанцыі:
«Гэта абсалютна палітычнае рашэнне, бо няма аніякага правапарушэння, адсутнічае сам прадмет адміністрацыйнага разбіральніцтва. Справа мае быць спыненая. Гэта ёсць пераследам мяне паводле палітычных матываў, бо я з’яўляюся не толькі адказным сакратаром управы сойму КХП БНФ, але і кіраўніком грамадскай дырэкцыі Народнага мемарыялу Курапаты — найвялікшага сведчання генацыду беларускага народу», — зазначыў Алесь Чахольскі.
Актывісты Варты абароны Курапатаў на працягу ўжо амаль сямі месяцаў намагаюцца спыніць дзейнасць забаўляльна-рэстарацыйнага комплексу «Поедем, поедим». На іх складзены безліч пратаколаў пра адміністратыўныя парушэнні. На гэты момант пакараныя звыш за 60 чалавек, агульная колькасць содняў адміністрацыйнага арышту, да якога былі асуджаныя абаронцы, складае 115, сума штрафаў перавышае 25 000 рублёў.
Гэтыя лічбы яскрава сведчаць пра стаўленне пануючага ў Беларусі рэжыму да грамадзянскай супольнасці Беларусі наогул і да грамадскай ініцыятывы Варты абароны ў прыватнасці. Пазіцыя ўладаў непасрэдным чынам спрыяе працягу наўпроставай дыскрэдытацыі і дэсакралізацыі Народнага мемарыялу Курапаты.