Журналістку «Новага Часу» будуць судзіць 22 снежня

Журналістку «Новага Часу» Дзіяну Серадзюк будуць судзіць у суботу, 22 снежня, за акцыю, якую яна асвятляла.

42870002_2266929726712899_9118050075728150528_n.jpg

Сёння журналістка атрымала позву, у якой яе выклікаюць у суд Цэнтральнага раёна Мінска (Кірава, 21) у бліжэйшую суботу, 22 снежня, а 10.00.
Нагадаем, раней Дзіяна Серадзюкатрымала па пошце пратакол з Цэнтральнага РАУС, з якога даведалася, што яна нібыта ўдзельнічала ў пікетаванні без дазволу Мінгарвыканкама.
Пад пікетаваннем маецца на ўвазе акцыя салідарнасці з украінскімі маракамі, захопленымі ў палон Расіяй, падчас якой 26 лістапада актывісты прынеслі да Расійскай амбасады ў Мінску папяровыя караблікі. Аднак журналістка ніяк не магла быць удзельніцай акцыі, паколькі асвятляла яе, у выніку чаго на сайце НЧ з'явіўся матэрыял пра падзею.
Нагадаем, гэта не адзіны судовы працэс у дачыненні да «Новага Часу». 27 снежня адбудзецца другое пасяджэнне па іску бізнесмена Леаніда Зайдэса аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі. Зайдэс патрабуе спагнаць з газеты і журналіста Дзяніса Івашына 8 000 рублёў.
Таксама на журналіста Мікалая Дзядка завялі адміністрацыўную справу за допіс у Фэйсбуку.