Леанід Зайдэс свае гонар і годнасць асабіста абараняць не будзе
У судзе Савецкага раёна Мінска адбылося папярэдняе пасяджэнне па іску бізнесоўца Леаніда Зайдэса да рэдакцыі "Новага Часу" і журналіста Дзяніса Івашына. Справа тычыцца расследавання Івашына наконт будаўніцтва ў Курапатах.
Рэдактар «Новага Часу» Аксана Колб. Фота: Дзмітрый Брушко, TUT.BY
Падтрымаць выданне прыйшлі каля 30 чалавек. Сам Леанід Зайдэс у суд не з'явіўся. Яго прадстаўнік Яўгенія Патапава заявіла, што ён і далей не збіраецца ўдзельнічаць у пасяджэннях.
Спадар Зайдэс лічыць, што яго абразіла інфармацыя, змешчаная на сайце « Новага Часу» 13 чэрвеня 2018 года, дзе казалася: «Пазасталымі партнёрамі Аркадзя Ізраілевіча і Леаніда Зайдэса, датычнымі наўпрост да незаконнага будаўніцтва ў Курапатах, як было зазначана вышэй, з’яўляюцца кампаніі Lenthron Realty LLC i Bealcy Investments Ltd»
Акрамя таго, 19 ліпеня 2018 года на сайце НЧ быў апублікаваны «відэарэпартаж журналіста Івашына Дзяніса, у каментарах да якога газета «Новы Час» апублікавала наступныя не адпавядаючыя сапраўднасці звесткі пра Зайдэса: «Дзяніс Івашын распавёў, што ва Украіне супраць бізнесоўцаў Зайдэса і Сурыса вядзецца крымінальная справа за траты…».
Леанід Зайдэс лічыць, што гэтая інфармацыя дыскрэдытавала яго і нанесла шкоду дзелавой рэпутацыі. Таму ён патрабуе спагнаць з газеты 5000 рублёў і з Дзяніса Івашына 3000 рублёў.
Пасяджэнне вяла суддзя Абрамовіч, якая раней разглядала іск Аркадзя Ізраілевіча да НЧ і Івашына. Тады справа таксама тычылася расследвання ў Курапатах.
Прадстаўніца Зайдэса заявіла, што бізнесовец не мае дачынення да незаконнай забудовы ў Курапатах, усе яго дзеянні правамерны. Акрамя таго, ён не з'яўляецца супрацоўнікам ці кіраўніком рэстарацыі "Паедзем паядзім" ці ўласнікам памяшкання. Таксама ён абвяргае, што супраць яго ва Украіне вядзецца які-небудзь крымінальны пераслед.
У сваю чаргу, Дзяніс Івашын заявіў, што прыведзеныя ў іскавай заяве фразы вырваныя з кантэксту. Інфармацыя ў артыкулах тычыцца юрыдычных асоб. Адвакатка адказчыкаў Марыя Колесава-Гудзіліна таксама адзначыла адсутнасць доказаў таго, што менавіта праз артыкулы адбылася дыскрэдытацыя Зайдэса, а без гэтага будаваць абарону немагчыма.
Пасяджэнне паступова падыйшло да пытання законнасці забудовы ў Курапатах.
У выніку суддзя прызначыла наступнае паседжанне на 27 снежня ў 14:30. Падставаў абавязаць Леаніда Зайдэса прысутнічаць яна не ўбачыла.