Дзяніс Івашын распавёў пра сваё расследаванне наконт забудовы Курапатаў
Журналіст Дзяніс Івашын прэзентаваў у Горадні вынікі свайго расследавання наконт таго, хто і як забудоўваў Курапаты.
Дзяніс Івашын распавёў, што ва Украіне супраць бізнесоўцаў Сурыса і Зайдзеса вядзецца крымінальная справа за траты, а ў Беларусі бізнес ідзе добра, бо з вялікай доляй імавернасці, іх інтарэсы лабіруе набліжаны да Аляксандра Лукашэнкі чалавек.
Такім чалавекам можа быць Вадзім Бекбулатаў — вядомы беларускі хакеіст, удзельнік Алімпійскіх гульняў у Нагана і Солт-Лэйк-Сіці. Па заканчэнні спартовай кар’еры ў 2005 годзе быў запрошаны ў прэзідэнцкую хакейную зборную. Да таго ж ён гуляе ў камандзе «Рубеж» памежных войскаў Беларусі разам з сынамі Аляксандра Лукашэнкі Віктарам і Дзмітрыем.
«Толькі ўявіце сабе, пачынаючы з 2005 году Вадзім Бекбулатаў гуляе ў адной камандзе з першай асобай у краіне. Увесь час яны знаходзяцца ў нефармальнай абстаноўцы. І вядома, што прасунуць інтарэсы, звязаныя з яго бізнесам, бізнесам яго сына, яго жонкі, яго сяброў, вельмі лёгка. А ўсе яны ў той ці іншай ступені звязаныя з забаўляльным комплексам у Курапатах», – кажа Івашын.
На меркаванне журналіста менавіта праз Вадзіма Бекбулатава здзяйсняецца прасоўванне ўсіх пытанняў, звязаных з дзейнасцю гэтага комплексу і таксама з замоўчваннем, адсутнасцю рэакцыі на загад дзяржаўных органаў, перадусім Генеральнай пракуратуры і Міністэрства культуры, выдадзены ў 2012 годзе, спыніць будаўніцтва і пакараць вінаватых.
Аўтар расследавання адзначыў, што сутыкнуўся з вялікай колькасцю «фірмаў-пракладак». На яго думку, такія фірмы ствараюцца дзеля таго, каб цяжка было даведацца пра сапраўдных уласнікаў, каб размеркаваць адказнасць паміж многімі і каб зменшыць рызыкі для кожнага асобнага бізнесу.
Знаёмцеся: гэта яны забудоўваюць Курапаты
Хто і як дазволіў будаваць у Курапатах?
Расійскі след у Курапатах: працяг расследавання
Паводле svaboda.org, racyja.com, belsat.eu