Рада беларускай інтэлігенцыі падтрымала зварот па правядзенні Года памяці ахвяраў таталітарызму ў Беларусі 

27 студзеня грамадская ініцыятыва Рада беларускай інтэлігенцыі падтрымала зварот грамадскага аргкамітэта па правядзенні Года памяці ахвяраў таталітарызму ў Беларусі да грамадзян краіны і беларусаў дыяспары.

Затым рада абмеркавала сітуацыю ў краіне.

27 студзеня грамадская ініцыятыва Рада беларускай інтэлігенцыі падтрымала зварот грамадскага аргкамітэта па правядзенні Года памяці ахвяраў таталітарызму ў Беларусі да грамадзян краіны і беларусаў дыяспары.
Затым рада абмеркавала сітуацыю ў краіне.
Госць рады, палітык Віктар Івашкевіч выказаў меркаванне, што вызваліць палітвязняў можна праз актыўны байкот парламенцкіх выбараў. Паводле яго слоў, байкот выбараў павінен стаць першай прыступкай кампаніі грамадзянскага непадпарадкавання. Гаворка ідзе і пра іншыя магчымыя захады супраць таго, чаго чакае ад людзей улада. На яго меркаванне, грамадскі дыялог ў краіне магчымы толькі пасля таго, як ўлады вызваляць ўсіх палітвязняў.
Госць рады, культуролаг Вацлаў Арэшка адзначыў, што пад час байкоту выбараў пратэстная энергія грамадзян можа быць накіраваная на падлік яўкі людзей на выбары. Паводле яго слоў, такое назіранне становіцца больш простым і выніковым, чым назіранне за галасаваннем і падлікам галасоў выбаршчыкаў.   
На думку кінарэжысёра Юрыя Хашчавацкага, зыходзячы з нормаў агульначалавечай маралі, дзеля вызвалення палітвязняў рада павінна падтрымаць ідэю байкоту выбараў і грамадзянскага непадпарадкавання. Ён звярнуў увагу прысутных на тое, што без уліку меркаванняў грамадства і насуперак сваім ранейшым заявам ўлады вядуць распродаж асноўных багаццяў краіны.    
Кінадраматург Уладзімір Халіп падтрымаў ідэю байкоту выбараў і адзначыў, што ўлады будуць ўсё рабіць дзеля таго, каб апазіцыя пайшла на выбары. “А мы павінны даводзіць да людзей, што тыя, хто пойдзе на выбары – гэта згоднікі і здраднікі, – падкрэсліў Халіп. Паводле яго слоў, Андрэй Саннікаў “не зламаўся, нікога не здаў і нікому не здрадзіў. Кінадраматург назваў прашэнне аб памілаванні Саннікава “юрыдычным ходам. “Калі б маёй сям’і пагражалі так, як пагражаюць Андрэю, я б сто паперак падпісаў і ні на ёту не здрадзіў бы сваім перакананням, – сказаў Халіп. Ён заклікаў раду зрабіць усе магчымыя захады, каб дамагчыся вызвалення палітвязняў, якім пагражае смерць.     
Паводле слоў госця рады, былога прэсавага сакратара штабу Андрэя Саннікава на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года Аляксандра Атрошчанкава, Вольга Бандарэнка прасіла ўсім перадаць словы яе мужа, каардынатара грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь, палітвязня Дзмітрыя Банадарэнкі: згодныя ісці на выбары далучаюцца да тых, хто катуе палітзняволеных.  
На думку паэта Анатоля Вярцінскага, трэба зыходзіць з таго, што пакуль у краіне няма справядлівых дэмакратычных і свабодных выбараў. Менавіта гэтая ісціна павінна ляжаць ў адносінах рады да парламенцкіх выбараў, сказаў Вярцінскі.
Старшыня рады, педагог і кінарэжысёр Уладзімір Колас падкрэсліў, што рада павінна стаяць на прынцыпах маралі і не дапускаць ніякага гандлю палітвязнямі. На яго думку, толькі пры ўмове кансалідацыі дэмакратычных сілаў і належнай арганізацыі іх дзейнасці байкот выбараў можа стаць выніковым. “Неабходна памятаць аб раней прынятых рашэннях і сфармуляваных умовах (у тым ліку – аб удзеле прадстаўнікоў дэмакратычнага актыву ў выбарчых камісіях усіх узроўняў, магчымасці сапраўднага назірання за падлікам галасоў і адмене датэрміновага галасавання), без выканання якіх немагчыма браць удзел у выбарах. Дасягнуць выканання гэтых патрабаванняў можна толькі аб’яднанымі намаганнямі ўсяго грамадства, а прыклад такой кансалідацыі павінны паказаць прадстаўнікі дэмакратычных партый, – адзначыў Колас.