Рада беларускай інтэлігенцыі заклікае грамадства да актыўнага байкоту выбараў

У сваім звароце да грамадства грамадзянская ініцыятыва Рада беларускай інтэлігенцыі заклікае да актыўнага байкоту выбараў.

У сваім звароце да грамадства грамадзянская ініцыятыва Рада беларускай інтэлігенцыі заклікае да актыўнага байкоту выбараў.

Сярод падпісантаў звароту — народная артыства Беларусі Зінаіда Бандарэнка, акадэмікі Аляксандр Вайтовіч і Радзім Гарэцкі, паэты Анатоль Вярцінскі і Сяргей Законнікаў, мастакі Генадзь Драздоў і Аляксей Марачкін, фотамастак Георгій Ліхтаровіч,  навукоўцы Валянцін Голубеў і Пётр Садоўскі, журналісты Анатоль Гуляеў і Аляксей Кароль, педагог Алесь Сідзяка, літаратуразнаўца Уладзімер Содаль, палітыкі Аляксандр Казулін і Юры Хадыка, кінадраматург Уладзімір Халіп, кінарэжысёры Уладзімер Колас і Юры Хашчавацкі.

Аўтары звароту адзначаюць: з 19 снежня 2010 года ўсім стала зразумела, што рэжым утрымлівае ўладу насуперак жаданню большасці беларускага народа.

“Мы жывем у краіне, дзе суды пакрываюць злачынцаў і караюць нявінных, дзе міліцыянты — не абаронцы, а карнікі, дзе пад шыльдай сацыяльна-арыентаванай дзяржавы людзей абкрадаюць і ператвараюць у жабракоў, дзе выкладчыкаў і настаўнікаў прымушаюць быць палітычнымі прапагандыстамі і фальсіфікатарамі выбараў, дзе творчыя, разумныя, ініцыятыўныя людзі разглядаюцца не як багацце краіны, не як яе залаты запас, а як пагроза для ўладаў. І ўсё гэта стала магчымым таму, што грамадзяне Беларусі пазбаўлены свайго галоўнага права: права выбіраць сабе ўладу. Сёння амаль  кожны ведае, што выбары фальсіфікуюцца рэжымам. Калі гэта не змяніць — ні ў краіны, ні ў кожнага з нас не будзе будучыні, — гаворыцца ў звароце.

На думку яго аўтараў, беларусы жадаюць, “каб дзяржава абараняла сваіх грамадзян — нашыя галасы, нашае здароўе, наш дабрабыт, нашую годнасць, а ў цяжкую хвіліну — і права кожнага з нас на жыццё. Людзі ўсё больш усведамляюць, што іх жыццё наўпрост залежыць ад таго, якія выбары адбудуцца ў краіне — звычайны фарс, ці нармальны празрысты працэс барацьбы кандыдатаў без ціску з боку дзяржавы. Выбары ў краіне могуць лічыцца свабоднымі і справядлівымі толькі пры абавязковым удзеле прадстаўнікоў партыяў і кандыдатаў ў выбарных камісіях усіх узроўняў і пры магчымасці сапраўднага назірання за падлікам галасоў, — адзначаецца ў звароце.

Сябры рады звяртаюць увагу на тое, што ва ўмовах, калі дзяржава пазбавіла сваіх грамадзян магчымасці ажыццявіць неад’емныя правы, у тым ліку і на свабодныя, дэмакратычныя і справядлівыя выбары, грамадзяне маюць права на пратэст. “Самая простая і дзейсная форма пратэсту — БАЙКОТ, як адпаведны адказ грамадства на стаўленне дзяржавы да сваіх грамадзян. Байкот — гэта спыненне супрацоўніцтва з рэжымам у любых законных і даступных кожнаму з нас формах. Кожны можа не прымаць удзел у выбарчым фарсе, пакуль не будуць вызваленыя і не адноўленыя ў грамадзянскіх правах усе палітвязні і да таго часу, пакуль не будзе забяспечаны празрысты падлік галасоў, — падкрэсліваецца ў звароце.

Яго аўтары напамінаюць, што “менавіта з гэтым патрабаваннем падчас мінулых выбараў на вуліцы выйшлі дзесяткі тысячаў людзей, і за гэта апынуліся за кратамі нашыя лідэры і проста сумленныя людзі, якія зараз падвяргаюцца катаванням. “Мы ведаем, што існуе рэальная пагроза іх жыццю. Мы павінны прызнаць, што ва ўсім ёсць і частка нашай віны. Нашая пасіўнасць, цярплівасць і абыякавасць да чужых пакутаў прывяла да таго, што, у той час, як мы спрабуем выжыць і займаемся палітычнымі інтрыгамі, у палоне рэжыму працягваюць знаходзіцца людзі, якія выйшлі на вуліцы абараняць і нас з вамі, нашыя правы, нашую свабоду і будучыню. Заўтра на іхнім месцы можа апынуцца кожны з нас.  Мы не маем права чакаць і адседжвацца да вераснёўскіх выбараў. Мы павінны пачынаць актыўны байкот рэжыму ўжо сёння!, — гаворыцца ў звароце.

Сябры рады лічаць, што “кожны з нас можа паразмаўляць са сваімі родзічамі, сябрамі, суседзямі, калегамі аб тым, як нас падманваюць, рабуюць, як лепшыя спецыялісты з’язджаюць з краіны на заробкі, як з дапамогай кантрактнай сістэмы нас пераўтвараюць у рабоў.

“Сапраўдны рух, сапраўдны подых пераменаў мы адчуем толькі тады, калі мы самі гэтага захочам. Давайце разам вызначаць будучыню нашай краіны, — адзначаецца ў звароце.