Падчас Мінскага Міжнароднага кніжнага кірмашу адбылася прэзентацыя першых чатырох тамоў поўнага збору твораў вядомай беларускай пісьменніцы Святланы Алексіевіч, якая з’яўляецца, бадай, самай выдаваемай беларускай літаратаркай у свеце.
На сустрэчу з пісьменніцай у імправізаваную канферэнц-залу маскоўскага выдавецтва «Время», якое займаецца выданнем твораў Васіля Быкава і Святланы Алексіевіч, прыйшло столькі людзей, што месца хапіла далёка не ўсім жадаючым папрысутнічаць на імпрэзе.
Зараз Святлана Аляксандраўна стала жыве ў нямецкай сталіцы. Аўтарка такіх вядомых у свеце твораў, як «Чарнобыльская малітва», «У вайны не жаночы твар», «Цынкавыя хлопчыкі», дагэтуль не выдаецца ў сябе на радзіме, хаця яе творы перакладзены на сто моваў свету, а па накладах выданняў яна не саступае найвыбітным замежным літаратарам.
Як адзначыў кіраўнік расійскага выдавецтва «Время» Барыс Пастарнак, у яго нават не было сумневу, ці брацца за выданне твораў Алексіевіч. «Яна — адна з самых выдаваемых у свеце рускамоўных літаратарак, творы якой у перакладах выдаюцца ў Францыі, Германіі, США, яна — грамадзянка Свету, пісьменнік Свету, чалавек Свету», — сказаў поўны цёзка расійскага класіка.
Даўняя сяброўка Святланы Алексіевіч, намесніца галоўнага рэдактара «Российской газеты», былая жыхарка Мінска Ядзвіга Юферава адзначыла: «Калі Святлана прыязджае ў Маскву, ці даводзіцца з ёй сустракацца на Франкфурцкім кніжным кірмашы, яна часта вядзе дыялогі з інтэлектуаламі і пачуваецца з імі нароўна. Ёсць гонар за Беларусь, што мы годныя людзьмі звацца ў гэтым свеце, за мужнасць думкі Святланы, за тое, што яна ўваходзіць у кола еўрапейскіх інтэлектуалаў, за тое, што яна асэнсоўвае ўсе нялёгкія праблемы чалавецтва і чалавечнасці».
«Я рада, што амаль праз 15 год я дома і магу гаварыць са сваімі людзьмі. Я вельмі засумавалася, — сказала Святлана Алексіевіч, звяртаючыся да прысутных. — Зараз я пішу новую кнігу «Час сэканд-хэнд. Канец «чырвонага» чалавека». Гэта кніга пра час, які мы з вамі пражылі за апошнія дваццаць год. Для мяне гэта былі складаныя гады, і не таму, што канфлікт з уладай, часам і канфлікты з маімі героямі, якія таксама ва ўладзе свайго часу, ва ўладзе нейкіх маніпуляцый, што робяць над імі. Мы ўсе безабаронныя перад сваім часам, перад краінай, у якой мы аказваемся, перад уладай, якая тут ёсць. З аднаго боку, ёсць наша адзінае жыццё, а з іншага боку — мы вельмі залежым ад таго, што ёсць сёння і зараз».
На думку Святланы Алексіевіч, ствараць лепшую будучыню для чалавека можа толькі ён сам, і пачынаць любыя змяненні трэба з самога сябе: «Што я бачу са свайго акна ў Берліне? Прыходзяць немцы — адзін за адным — і пачынаюць будаваць дзяржаву. Што гэта такое? Стаяць пяць кантэйнераў, у адным — пластыкавыя бутэлькі, у другім — шкляныя, у трэцім — жывая арганіка. То бок, немец стаіць і будуе сваю дзяржаву, ён не кідае ўсё гэта разам, маўляў, гэта не яго праблема, а справа дзяржавы. Немцы ідуць на працу, і калі парушаюць іх інтарэсы, яна самаарганізуюцца — два, тры чалавекі, сто, тысяча… То бок, улада будзе такой, якой будзем мы».
На думку пісьменніцы, сёння галоўнае ў жыцці — выхаванне ў сабе пачуцця свабоды, але, у першую чаргу, пачуцця адказнасці. «Калі мы не будзем свабоднымі людзьмі, калі мы не будзем дастойна гаварыць з тым жа начальнікам, калі мы не будзем дастойна гаварыць з тым жа прадаўцом і з усімі астатнімі, калі нашу апазіцыю будзе клапаціць толькі тое, што пра яе думае нехта там далёка, а не тое, што пра яе думаюць у Стоўбцах, то і праз пяцьдзесят год для нас галоўнымі будуць «чарка і шкварка». Нам кожнаму патрэбна пачуццё адказнасці, і ўсе мае кнігі пра гэта», — падкрэсліла Святлана Алексіевіч.
Па аўтографы вялікай пісьменніцы людзі ішлі яшчэ некалькі гадзін пасля завяршэння прэзентацыі.