Распачалася новая ініцыятыва ў падтрымку беларускіх палітвязняў — міжкантынентальная

Стартавала міжкантынентальная эстафета салідарнасці ў падтрымку рэпрэсаваных беларусаў «Voices Across Borders».

Ірына МакЛейн

Ірына МакЛейн

Мерапрыемства працягнецца да 18 снежня. «Гэта ўнікальная ініцыятыва, таму што акцыі такога фармату яшчэ ніхто ніколі не зладжваў», — гаворыць адна з ініцыятарак праекту, каардынатарка Народнага Консульства Беларусі ў Шатландыі, сябра апякунскай рады фонду «Краіна для жыцця» Ірына МакЛейн.

— Ідэя правядзення эстафеты ўзнікла ў мяне летась падчас трансляцыі Марафону салідарнасці з палітвязнямі «Нам не ўсё адно». Мерапрыемства тады прыцягнула шмат увагі, беларусы паказалі неверагодную салідарнасць, мы ўсе разам сабралі даволі вялікую суму для падтрымкі палітвязняў.

Я зразумела, што цяпер нам трэба выходзіць на сусветную аўдыторыю. З гэтай мэтай мы, прадстаўнікі дыяспар, аб’ядналіся з класнай камандай — службай Хуткай гуманітарнай дапамогі, BYSOL, ByHelp, фондам «Краіна для жыцця» i Dissidentby — і такой кааліцыяй вырашылі арганізаваць міжкантынентальную эстафету, — апавядае Ірына. 

— Імідж нашай краіны ў замежнікаў асацыюецца ў першую чаргу з прозвішчам Лукашэнкі, дыктатурай і рэпрэсіямі. Што мы можам прапанаваць міжнароднай супольнасці апроч гэтых негатыўных брэндаў? Прыкра, але нічога — і не таму, што ў нас нічога няма, а таму што трыццаць гадоў Беларусь фактычна знаходзіцца за кратамі. І ўся нашая самабытная культура, неверагодныя народныя традыцыі, уся нашая спадчына таксама знаходзяцца за кратамі. Нам трэба ламаць негатыўныя брэнды і будаваць свае, паказваць тую Беларусь, якой яна ёсць без Лукашэнкі, — тлумачыць ідэю акцыі Ірына.

Адметнасць эстафеты палягае ў тым, што беларусы замежжа будуць распавядаць іншаземцам пра нашу краіну ў шырокім сэнсе гэтага слова.

— Пра класную, прыгожую, разумную, інавацыйную Беларусь — тую Беларусь, якую мы ўсе любім, — дадае Ірына МакЛейн. — Гэта будзе цікава іншаземцам, гэта будзе іх прыцягваць, яны будуць даведвацца, што мы ўвогуле за краіна, адкрываць для сябе, што гэта не проста кавалачак зямлі паміж Расіяй, Польшчай і Украінай, а цудоўны, цікавы, прыцягальны і самабытны край.

А пасля гэтага мы будзем казаць, што такая вось неверагодная краіна ў цэнтры Еўропы сёння пад пагрозай   знікнення з мапы — з–за таго, што там ужо трыццаць гадоў пануе дыктатура…

Адна з галоўных фішак эстафеты — мерапрыемства «Даведайся пра Беларусь» («Get to know Belarus»). Гэта будзе ўмоўны пакет мерапрыемстваў, якія можна разабраць на часткі і выбраць сабе тое, што ты хочаш, тлумачыць суразмоўца:

— Дыяспара, любая арганізацыя, суполка, альбо ты, можа, адзін гэта хочаш зрабіць — умоўна кажучы, у сябе на кухні правесці гэтае мерапрыемства — калі ласка. Ты можаш паклікаць гасцей, сваіх суседзяў–іншаземцаў і распавесці ім пра Беларусь, пра якую ў цябе баліць, а пасля распавесці, што сёння адбываецца ў нашай краіне і потым прапанаваць гасцям заданаціць на нашую эстафету. 

Мы прапануем сцэнар, плэй–ліст, дапамагаем з парадамі па арганізацыі мерапрыемства. Калі ў кагосьці няма магчымасці  раздрукаваць флаеры і афішы, іх можна выкарыстоўваць у онлайн–фармаце.

Мы таксама прапаноўваем беларусам зняцца ў відэа — адказаць на некалькі пытанняў, адказы на якія, на нашую думку, будуць вельмі цікавыя для іншаземцаў. Напрыклад: «Што б вы хацелі распавесці іншаземцам пра беларускую прыроду, культуру, пра нашую краіну ў цэлым, і што для вас, для цябе Беларусь?»

З гэтага відэа мы плануем нарэзаць кампазіцыю і перакласці ўсё гэта на замежныя мовы. Дыяспары па ўсім свеце змогуць паказаць яго ў рамках сваіх мерапрыемстваў.

Ірына МакЛейн адзначае, што ў планах арганізатараў эстафеты — праводзіць яе штогод.

— Сёлета галоўны акцэнт — гэта збор сродкаў для падтрымкі рэпрэсаваных суайчыннікаў. Але калі сітуацыя на Радзіме зменіцца і калі нават Лукашэнкі ўжо не будзе, мы ўсё роўна плануем кожны год ладзіць міжкантынентальную эстафету. Ужо ў іншым фармаце, і гэта будзе прыемная місія — распавядаць свету пра Беларусь без рэпрэсій, — падсумоўвае Ірына МакЛейн.

Збор у рамках эстафеты можна падтрымаць тут