РБІ: Сапраўдныя прычыны падзей на Украіне — імперскія памкненні Расіі

Падзеі, што разгортваюцца ва Украіне, сведчаць аб пачатку грамадзянскай вайны, гаворыцца з заяве грамадзянскай ініцыятывы “Рада беларускай інтэлігенцыі” (РБІ), прынятай на пасяджэнні, якое адбылося 17 красавіка ў Мінску.



02_1500img_3969.jpg

Прычыны, якія правакуюць гэтую вайну, знаходзяцца па-за Украінай. Улічваючы разбуральную моц сучасных відаў узбраення, у тым ліку ядзернага, далейшая эскалацыя гэтага канфлікту можа прывесці  да самых небяспечных наступстваў не толькі ў Еўропе, але і ва ўсім свеце. 

У сувязі з гэтым РБІ лічыць неабходным заявіць, што сапраўднымі прычынамі, якая справакавала хвалю антыўкраінскіх бунтаў у Крыму і ва ўсходніх рэгіёнах Украіны, з'яўляюцца імперскія памкненні расійскага кіраўніцтва. Рыторыка, якой імкнуцца апраўдаць правакацыйныя дзеянні, не адпавядае рэчаіснасці і грунтуецца  на сцвярджэннях аб "уціску" рускамоўнага насельніцтва.

Палітыка русіфікацыі, скіраваная на знішчэнне нацыянальных моў, тоеснасці, культуры і гістарычнай памяці народаў, якія ўваходзілі ў склад Расійскай імперыі, актыўна выкарыстоўвалася  яшчэ ў царскай Расіі. У гады існавання СССР русіфікацыя працягвалася пад лозунгам "стварэння новай гістарычнай фармацыі — савецкага народа". Менавіта "савецкія" людзі, пазбаўленыя гістарычнай памяці, выхаваныя ў пагардзе да роднай мовы, з'яўляюцца сёння прыдатным матэрыялам для імперскай прапаганды не толькі ва Украіне.

Сёння ў краінах былога СССР падтрымка і абарона патрэбныя не расійскай, а нацыянальным мовам. Гэтая праблема добра вядомая і ў Беларусі, дзе сучасныя манкурты на дзяржаўных пасадах працягваюць вынішчэнне беларускай мовы. Відавочна, што з такой сітуацыяй нельга мірыцца. Нацыянальным мовам у незалежных  краінах, што ўтварыліся пасля распаду СССР,  павінен быць вернуты адпаведны статус.

Трактаваць гэта як "уціск рускамоўнага насельніцтва" — несумленна і амаральна. Падобнымі метадамі кіравалася ў свой час гебельсаўская прапаганда, разлічаная, як вядома, не на інтэлектуальныя эліты, а, па прызнанні яе стваральнікаў, "на апошняга падонка ў краіне".

Ужыванне амаральных прапагандысцкіх метадаў, уласцівых гітлерызму і сталінізму, ніколі не дасць жаданых вынікаў. Доказам гэтаму можа служыць і лёс нацысцкай Германіі, дзе напачатку народ, ачмураны прапагандай, у эйфарыі вітаў захопніцкія авантуры правадыра фашыстаў.

РБІ патрабуе ад расійскага кіраўніцтва спыніць спробы захопу украінскіх тэрыторый.

РБІ  заклікае сваіх калегаў — прадстаўнікоў інтэлігенцыі  Расіі, якія захавалі ясны розум і сумленне, выкарыстаць усе свае сілы і магчымасці, каб давесці да народаў Расіі ўсведамленне небяспекі, якую нясуць імперскія авантуры крамлёўскага кіраўніцтва.

Сябры рады выказалі сваю салідарнасць з народам Украіны і заклікалі ўсіх сумленных людзей у свеце падтрымаць Украіну ў абароне яе незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці.

На пасяджэнне РБІ абмяркоўвалася і стаўленне да прэзідэнцкай кампаніі 2015 года.  

Як зазначылі сябры рады, за кансалідацыю і вылучэнне адзінага кандыдата ад дэмакратычных сіл сёння выказваюцца тыя палітыкі, якія нясуць адказнасць за тое, што такой кансалідацыі не адбылася падчас мінулай прэзідэнцкай кампаніі. Такі падыход  выклікае вялікія сумненні ў перспектывах самога працэсу кансалідацыі.

На пасяджэнні звярталася ўвага на тое, што выбары будуць адбывацца ў значна горшых умовах, калі Расійская Федэрацыя, ад якой залежыць падтрымка дзеючага рэжыму, узяла выразны курс на рэстаўрацыю імперскага ладу. Таму нельга спадзявацца, што зменіцца працэдура выбараў і яны будуць сумленнымі і празрыстымі.

Кінадраматург Уладзімір Халіп прапанаваў праігнараваць гэтыя выбары, каб не легітымізаваць іх сваім удзелам, бо афіцыйны вынік ужо перадвызначаны.

Разам з тым, ухіленне ад удзелу у выбарах без барацьбы і без прапановы народу дэмакратычнай беларускай альтэрнатывы можа забяспечыць аўтарытарнай уладзе міжнароднае прызнанне.  Таму большасць удзельнікаў пасяджэння схілілася да рашэння сфармуляваць асноўныя прынцыпы і задачы будучай прэзідэнцкай кампаніі і  абмеркаваць іх на наступнай сустрэчы, пасля чаго прапанаваць гэты дакумент для грамадскага абмеркавання.