Перамовы ў Жэневе: узброеныя фарміраванні — раззброіць; будынкі — вызваліць
Па выніках чатырохбаковай сустрэчы па сітуацыі ва Украіне, якая прайшла 17 красавіка ў Жэневе, была дасягнута дамоўленасць наконт першачарговых канкрэтных захадаў, якія маюць на мэце дээскалацыю напружанасці і аднаўлення бяспекі ўсіх грамадзян.
Перамовы па ўрэгуляванні крызісу ва Украіне з удзелам прадстаўнікоў РФ, ЗША, ЕС і Украіны доўжыліся больш за сем гадзін. Расію прадстаўляў кіраўнік МЗС Сяргей Лаўроў, ЗША — дзяржсакратар
Джон Керы, ЕС — кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Кэтрын Эштан, Украіну — в.а. кіраўніка МЗС Андрэй Дзешчыца.
Як паведамляе МЗМ Украіны, усе бакі абавязаліся ўстрымацца ад любых форм насілля, запужвання або правакацыйных дзеянняў. Удзельнікі сустрэчы рашуча асудзілі і адхілілі ўсе праявы экстрэмізму,
расізму і рэлігійнай нецярпімасці, уключаючы праявы антысемітызму.
"Усе незаконныя ўзброеныя фарміраванні павінны быць раззброеныя; усе незаконна захопленыя будынкі павінны быць вернуты законным уладальнікам; усе незаконна захопленыя вуліцы, плошчы і
іншыя грамадскія месцы ва ўкраінскіх гарадах павінны быць вызвалены", — гаворыцца ў заяве, апублікаванай на сайце МЗС Украіны.
Усім удзельнікам пратэстаў і тым, хто вызваліць будынкі і іншыя грамадскія месцы і добраахвотна складзе зброю, будзе гарантавана амністыя, за выключэннем тых, хто будзе прызнаны вінаватым ва
ўчыненні цяжкіх злачынстваў.
Бакі дамовіліся, што спецыяльная маніторынгавая місія АБСЕ будзе адыгрываць вядучую ролю ў садзеянні ўкраінскай уладзе і мясцовым абшчынам у неадкладнай рэалізацыі гэтых мер, накіраваных на
дээскалацыю сітуацыі ўжо ў найбліжэйшыя дні там, дзе гэта найбольш неабходна. ЗША, ЕС і Расія абавязуюцца падтрымаць гэтую місію, у тым ліку шляхам прадастаўлення назіральнікаў.
"Анансаваны канстытуцыйны працэс будзе ўсёабдымным, празрыстым і адказным. Ён будзе ўключаць неадкладны пачатак шырокага нацыянальнага дыялогу, які будзе ўлічваць інтарэсы ўсіх рэгіёнаў і
палітычных колаў Украіны, а таксама дазволіць улічыць грамадскую думку і прапанаваныя змяненні", — адзначаецца ў заяве.
Удзельнікі сустрэчы падкрэслілі важнасць эканамічнай і фінансавай стабільнасці ва Украіне і выказалі гатоўнасць абмеркаваць дадатковую падтрымку па меры імплементацыі згаданых крокаў.
БелаПАН