Рубель памрэ, суверэнітэт таксама

Яшчэ ў красавіку кіраўнік краіны заяўляў, што ўвядзенне расійскага рубля ў якасці адзінай плацежнай валюты — «абсурд», месяц таму ён гаварыў, што як кіраўнік Беларусі не гатовы да такога кроку, а 19 лістапада паведаміў: «усё магчыма». Адзіная валюта на тэрыторыі Еўразійскага саюза для Беларусі свеціць здачай эканамічнага суверэнітэту, пасля чаго палітычная самастойнасць застаецца намінальнай.

Учора — не, сёння — так

Яшчэ ў красавіку кіраўнік краіны заяўляў, што ўвядзенне расійскага рубля ў якасці адзінай плацежнай валюты — «абсурд», месяц таму ён гаварыў, што як кіраўнік Беларусі не гатовы да такога кроку, а 19 лістапада паведаміў: «усё магчыма». Адзіная валюта на тэрыторыі Еўразійскага саюза для Беларусі свеціць здачай эканамічнага суверэнітэту, пасля чаго палітычная самастойнасць застаецца намінальнай.
Учора — не, сёння — так
Выказваючы меркаванне наконт магчымасці ўвядзення адзінай валюты ўнутры Еўразійскай эканамічнай прасторы, Лукашэнка адзначыў: «Усё магчыма, але спешка, непралічаныя варыянты могуць прывесці да таго, што сёння адбываецца ў Еўропе».
Лукашэнка сказаў, што ўжо даўно прапаноўвае перайсці ў разліках на расійскі рубель. «Давайце на расійскі рубель. Чаму разлічваючыся з вамі за сыравіну, за энерганосьбіты атрымліваем расійскі рубель, купляем долар і аддаём. Давайце пяройдзем на расійскую валюту, і сёння ваш прэзідэнт (Мядзведзеў) адназначна гэта падтрымаў. І прэзідэнт Назарбаеў таксама сказаў, што давайце хоць гандляваць у нацыянальных валютах і менш выкарыстоўваць амерыканскую валюту ў разліках, — адзначыў Лукашэнка, дадаўшы, што пасля можна будзе ўвесці разліковую адзінку. — Мы можам і да расійскага рубля прыйсці, калі ён будзе для ўсіх цікавы, у яго вельмі шмат складнікаў, каб мець цікаўнасць».
Паказальна, што яшчэ 4 лістапада, адказваючы на пытанні журналістаў, Лукашэнка заяўляў адваротнае. «Вы асабіста як грамадзянін гатовыя да таго, каб заўтра зрабілі адзіную валюту? Я як прэзідэнт не гатовы», — зазначаў Лукашэнка. Ён нагадаў, што гэтае пытанне ўжо абмяркоўвалася ў рамках Саюза Беларусі і Расіі. Паводле яго слоў, шмат было невыразнасцяў, на якія ніхто не мог адказаць. «Будуць роўныя ўмовы, мы будзем бачыць, да чаго гэта прывядзе, дык чаму б не стварыць на роўных умовах і адзіную валюту!» — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Аднак ён падкрэсліў, што гэтае пытанне яшчэ падлягае абмеркаванню на ўзроўні экспертаў. «І потым, мы павінны быць перакананыя, што гэта не прывядзе да страты палітычнага суверэнітэту, што гэта не размажа, не размые нашу рэспубліку, — выказваўся Аляксандр Лукашэнка. — У гэтым не толькі мы зацікаўленыя, але і нашы партнёры».
Нас чакае паглынанне
Што змянілася цягам менш чым аднаго месяца, і ці азначаюць апошнія выказванні, што кіраўнік Беларусі цяпер гатовы здаць частку эканамічнага суверэнітэту? Былы старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч даволі сур’ёзна ставіцца да апошняй заявы Лукашэнкі. «Галоўная прычына ў тым, што цалкам знішчаныя масты палітычных і эканамічных адносінаў з Захадам, таму Лукашэнка здаецца на міласць Расіі, — разважае былы кіраўнік Нацыянальнага банка. — Раней ён балансаваў паміж Усходам і Захадам, а цяпер ідзе адкрыта пад сцягам Расійскай імперыі, гатовы здаць эканамічны суверэнітэт Беларусі, каб захаваць толькі свой фармальны суверэнітэт. І эканамічная палітыка аддаецца на водкуп Расіі.
З улікам падзей у ЕС цяпер яшчэ больш зразумела, што трэба захоўваць уласную валюту, пакуль не будзе цалкам нармалізаваная эканамічная палітыка. Аднак беларускія ўлады робяць адваротнае. Магчыма, гэтыя намеры звязаныя з тым, што ўрад Беларусі, Нацбанк, відаць, асэнсавана разбурылі беларускую грашовую сістэму, рубель беларускі абясцэніўся ў разы. І цяпер ім застаецца здацца больш моцнай эканоміцы Расіі».
Для дзяржавы пераход на супольную грашовую адзінку — справа не аднаго моманту, тым больш што эканомікі Беларусі і Расіі істотна адрозніваюцца. Цяпер жа і стабільнасць валют мае вялікі разрыў. У такіх умовах Расія атрымлівае проста стратную эканоміку, якую яна мусіць выцягнуць, каб увесці на тэрыторыі Беларусі расійскі рубель.
«Цяжка сказаць, колькі часу спатрэбіцца для пераходу на іншую валюту. Калі разважаць сыходзячы са здаровага сэнсу, то спачатку трэба дабіцца ўмацавання нацыянальнай валюты і толькі пасля гэтага тэхнічна можна перайсці на іншую валюту, у адваротным выпадку гэта невыгодна Расіі. Але, магчыма, дзеля паглынання Беларусі, яна гатовая пайсці на такія крок, затраціць пэўны рэсурс», — гаворыць Станіслаў Багданкевіч. Ён падкрэслівае, што ў цяперашніх умовах ніякай размовы аб парытэце быць не можа: «Пераход на расійскі рубель дазволіў бы паглынуць эканоміку Беларусі без перашкодаў. Увогуле, праблемы Беларусі не ў валюце, а ў адсталых тэхналогіях, нізкай канкурэнтаздольнасці, нізкай вытворчасці працы. Гэтыя глабальныя прычыны ніяк не вырашаюцца названым эканамічным саюзам».
Не ўсё так гладка
Меркаванне аб тым, што Еўразійскі саюз нясе Беларусі эканамічныя выгоды, пакуль мала чым пацвярджаецца. Хіба што за саступкі ініцыятывам Крамля бліжэйшым часам паабяцалі даваць газ па танных коштах.
Расійскія «Ведомости» напісалі, што ў 2012 годзе расійскі газ можа патаннець для Беларусі амаль удвая, а з 2013 года яго кошт будзе прывязаны да ўнутрырасійскага. Кошт сыравіны будзе лічыцца па формуле, што ўлічвае кошт у адным з рэгіёнаў Расіі. Усё гэта плануецца да падпісання на ўзроўні міжурадавых пагадненняў і кантрактаў з «Газпрамам», заявілі «Ведомостям» чыноўнікі ва ўрадзе РФ і «Газпраме», знаёмыя з ходам перамоў. Цана на 2012 год абмяркоўваецца на ўзроўні крыху больш за 150 долараў за тысячу кубаметраў.
Фінансавы аналітык Сяргей Чалы да гэтых добрых намераў не раіць ставіцца як да канстанты. «Думаю, гэта ўсё ідзе пад расійскія выбары. І за нашу падтрымку Расія гатовая плаціць. Паглядзіце, нам паабяцалі рэвалюцыйную зніжку на газ на наступны год. А ў 2013 годзе быццам бы будзем разлічвацца па новаму тарыфу. Але не зразумела, чаму ў межах адзінай эканамічнай прасторы дзейнічаюць нейкія зніжкі, рознае цэнаўтварэнне для сябраў-краін гэтай АЭП», — падкрэслівае незавершанасць формы новаўтварэння Чалы.
Увогуле, атрымліваецца, што газ не такі ўжо і танны. «Зніжэнне коштаў на газ для Беларусі прывядзе да недаатрымання «Газпрамам» некалькіх мільярдаў долараў у год. «Газпрам» выкупляе рэшту акцый «Белтрасгаза» за 2,5 мільярда долараў. Узнікае пытанне: навошта? Варта памятаць, што «Газпрам» з моманту свайго стварэння з’яўляецца інструментам правядзення знешняй палітыкі Расіі, — адзначыў у часе анлайн-канферэнцыі на сайце finam.ru беларускі палітолаг і эканаміст Дзмітрый Балкунец.
«Беларусь — удзельнік інтэграцыйных пагадненняў з Расіяй і Казахстанам. Але Расія ў рамках Мытнага саюза зрабіла шэраг выключэнняў, у тым ліку па энергарэсурсах. Відавочна, калі размова ідзе пра фармаванне адзінай эканамічнай прасторы, то краіны павінны ахвяраваць нейкімі сваімі прынцыпамі і ствараць роўныя ўмовы для працы для краін-партнёраў. Напрыклад, Беларусь ахвяравала ўвазнымі пошлінамі на аўтамабілі, нягледзячы на тое, што дадзеная мера была выгодная толькі Расіі. Лічу, што калі размова ідзе аб працы краін-удзельніц у рамках адзінай эканамічнай прасторы, то краіны павінны пераходзіць на роўнадаходны прынцып цэнаўтварэння на энергарэсурсы», — патлумачыў Балкунец.
Паводле яго меркавання, магчыма, што зніжэннем коштаў на газ Расія спрабуе выратаваць беларускую эканоміку ад дэфолту. Калі кошты на газ для Беларусі будуць зніжаныя, то павелічэння коштаў на газ для насельніцтва не адбудзецца. Зніжаць кошты ўнутры краіны для насельніцтва ўрад наўрад ці будзе ў беларускіх умовах. Але ў мяне ёсць вельмі вялікія сумневы, што Расія проста так, нават нягледзячы на ўсю інтэграцыйную рыторыку і сяброўства народаў, істотна знізіць цану на газ для Беларусі і пазбавіць «Газпрам» некалькіх мільярдаў долараў.
«Тут не ўсё так гладка. Беларусь цяпер у цяжкім эканамічным крызісе. Хварэючы, краіна можа пайсці на любыя здзелкі, толькі б паправіць сваё здароўе. Існуе варыянт, што ўзамен «Газпрам» можа атрымаць доступ да куплі некаторых беларускіх прадпрыемстваў. Хутка даведаемся, якая рэальная цана «зніжкі» і ў чым жа падвох», — падкрэслівае эканаміст.
Дырэктар Інстытута праблем глабалізацыі (Расія) Міхаіл Дзялягін гаворыць, што ў ствараемых эканамічных варунках «Расія атрымлівае магчымасць купіць многія беларускія прадпрыемствы (не толькі «Белтрансгаз») у ходзе прыватызацыі, у тым ліку і праз фармальна беларускія фірмы. Улічваючы працоўную і тэхналагічную культуру, не кажучы ўжо пра дыхтоўны менеджмент — гэта шмат, і плата адэкватная». Гэты ж момант — набыццё актываў прадпрыемстваў — Дзялягін называе ў шэрагу выгодаў, якія Расія атрымае ад арганізацыі АЭП. «Можам купіць карысныя актывы ў суседніх краінах і наладзіць вытворчасць сабе на выгаду. Грошай у Расіі шмат, а вытворчасць памерла. А ў Беларусі наадварот», — гаворыць эксперт.
На ўзроўні дэкларацый
Вяртаючыся да магчымых выгодаў для Беларусі, варта паглядзець на статыстку знешнегандлёвага балансу цягам апошніх двух гадоў. Яна паказвае, што тавараабарот за студзень-верасень 2011 года ў працэнтах да студзеня — верасня 2010 года з усімі краінамі істотна павялічыўся. Выключэнне толькі Казахстан. Краіны СНД — 145,9%, краіны Мытнага саюза — 142,5%, Расія — 143,9%, краіны па-за СНД — 164,1%, Казахстан — 98,3%.
Паляпшэнне паказчыкаў па знешнегандлёвым сальда не ў апошнюю чаргу звязана з сёлетняй дэвальвацыяй рубля. Гэтыя працэсы ў выніку паставілі беларускіх экспарцёраў у выгодную пазіцыю, да ўсяго ў 2009 годзе ў сувязі з сусветным эканамічным крызісам знешні гандаль Беларусі моцна абваліўся, і таму статыстыка апошніх двух гадоў выглядае такой прывабнай.
Ці паспрыяе знешнегандлёваму абароту ўступленне Беларусі ў Еўразійскі саюз? — фінансавы аналітык Сяргей Чалы мяркуе, што высновы рабіць пакуль рана. «Цяпер усё на ўзроўні дэкларацый. Як і што будзе працаваць у адзінай эканамічнай прасторы, пакуль не зразумела. Усё гэта на аддаленую перспектыву», — разважае эксперт.