Rzeczpospolita: Трыбунал для Лукашэнкі трэба рыхтаваць ужо зараз

Людзей, якія абслугоўваюць рэжым, рэдка прыцягваюць да адказнасці, але шанец заўсёды ёсць.

1481606876_0_234_4701_2878_1920x0_80_0_0_5f8e0586ffa06002866ec4ffd166b5a9.jpg

Прыкладаў судовага пераследу дыктатур, злачынных сістэм, катаў і фанатыкаў не шмат. Але калі справа даходзіць да суда, усё адбываецца пераважна сімвалічна. Калі дыктатура зрынутая, дамінуе перакананне, што трэба наганяць страчаны час, кінуць усе сілы на будаўніцтва новай сістэмы. А вопыт ёсць у асноўным у тых, хто быў на баку старой. Усе астатнія змагаліся, бедавалі, не мелі шанцу развівацца або сядзелі па турмах, піша польскае выданне Rzeczpospolita.

Дэкамунізацыя так і не адбылася. А дэнацыфікацыя тычылася толькі невялікай групы нацыстаў. Эра Садама Хусейна ў Іраку скончылася крывавай вайной і тэрарызмам на Блізкім Усходзе і за яго межамі. Дыктатары, а таксама генералы, дырэктары, сакратары, прапагандысты, пракуроры, суддзі, злодзеі і каты, якія ім служаць — усе яны ведаюць, што расплата, як правіла, не надыходзіць. Яны ведаюць гісторыю, ведаюць свет і ведаюць жыццё. Яны разумеюць, што рукі справядлівасці наўрад ці калісьці да іх дацягнуцца. І думаць пра гэта не варта. Таму яны пераступаюць зноў чырвоныя лініі, здзяйсняючы новыя злачынствы.

Напэўна, яны больш баяцца паразы ў духу Муамара Кадафі ў Лівіі, якога забілі раз’юшаныя мяцежнікі, чым лёсу Слабадана Мілошавіча. Апошні паўстаў перад Міжнародным трыбуналам, дзе ў яго быў адвакат. У дадатак, у дыктатара было шмат часу ў камеры, каб абдумаць свае ўчынкі.

У выпадку людзей, якія служаць рэжыму з ядзернай зброяй, шанцы ўстанаўлення справядлівасці блізкія да нуля. Але ўсё ж яны хоць і мізэрныя, але ёсць. Калі не сёння, то хоць бы да канца жыцця злачынцы. Таму трэба цярпліва збіраць доказы, выслухоўваць сведчанні ахвяр, рыхтаваць дакументы. Трэба рыхтаваць працэсы і фармаваць спецыяльныя трыбуналы.

«Такая падрыхтоўка павінна тычыцца і рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, яго супрацоўнікаў і прыхільнікаў. Кароткія спісы такіх дзеячаў ужо ёсць і ў ЕС, і ў ЗША. Яны будуць пашыраныя, таму што рэжым ідзе на новыя злачынствы і адкрыта лічыць, што нішто яго не спыніць і ён здольны на ўсё», — гаворыцца ў артыкуле.

Ідэя стварэння спецыяльнага міжнароднага трыбуналу для Беларусі слушная. Але д’ябал хаваецца ў дэталях. Адной з іх з’яўляецца геаграфія. Польшча з аднаго боку магла б стаць месцам для такога трыбуналу, паколькі яна больш адчувальная да падзеяў у Беларусі, чым любая іншая краіна. Але з іншага боку, яе судовая ўлада цяпер не мае добрага іміджу ў свеце. Таму Міжнародны трыбунал для Беларусі мог бы з-за гэтага сутыкнуцца з нападамі. І Масква не пашкадуе на гэта ніякай падтрымкі.

Таксама Варшаве трэба памятаць аб польскай меншасці ў Беларусі. Нельга даваць Лукашэнку апраўданняў для яшчэ большага пераследу беларускіх палякаў. А ён ужо іх пераследуе. Таму месца, дзе будзе створаны трыбунал для рэжыму Лукашэнкі — гэта пытанне для міжнароднай дыскусіі.

Паводле УНІАН, пераклад НЧ