Сацыяльны кантракт дойдзе і да беспрацоўных
Адным — бізун за палітычныя акцыі, другім — сацыяльны пернік у выглядзе тых ці іншых эканамічных прэферэнцый. І тое, і другое — праяўленні палітыкі ўладаў на падтрыманне свайго аўтарытэта напярэдадні выбараў ва ўмовах эканамічнага крызісу. Іншая справа, наколькі абгрунтаваная і рэалістычная гэта палітыка.
Адным — бізун за палітычныя акцыі, другім — сацыяльны пернік у выглядзе тых ці іншых эканамічных прэферэнцый. І тое, і другое — праяўленні палітыкі ўладаў на
падтрыманне свайго аўтарытэта напярэдадні выбараў ва ўмовах эканамічнага крызісу. Іншая справа, наколькі абгрунтаваная і рэалістычная гэта палітыка.
Тэмп росту вытворчасці прамысловай прадукцыі ў Беларусі ў 2009 годзе склаў 97,2 працэнта да 2008 года. Такія вынікі працы эканомікі Беларусі за мінулы год агучыў прэм’ер-міністр Сяргей
Сідорскі кіраўніку краіны Аляксандру Лукашэнку. Урад рыхтуецца да «захавання высокіх тэмпаў эканамічнага развіцця» краіны і паралельна прымае меры па павелічэнню колькасці месцаў
часовых падпрацовак для тых, хто акажацца ва ўмовах няпоўнай занятасці ці ўвогуле без пастаяннага месца працы.
Па выніках 2009 года тэмп прыросту валавога ўнутранага прадукту склаў 0,2 працэнта. Паводле справаздачы прэм’ер-міністра, «урад вырашыў усе пытанні з улікам дзеяння антыкрызіснай
праграмы, цалкам апраўдала сябе прынятая сістэма мер, і ўзровень ВУП выйшаў на паказчыкі дакрызіснага года». Афіцыйная статыстыка гаворыць, што найлепш спрацавала перапрацоўчая галіна,
прадпрыемствы «Белнафтахіма» і «Белдзяржхарчпрама». Прадпрыемствы Міністэрства прамысловасці дасягнулі толькі 77,3 працэнта ад узроўню 2008 года. У параўнанні з
2008 годам моцна пагоршылася сітуацыя з экспартам: летась быў дасягнуты толькі ўзровень 60 працэнтаў.
У афіцыйных паведамленнях, дзе на першым плане цытуюцца паказчыкі з плюсам, гаворыцца, што на 2010 год першаснай задачай ставіцца «захаванне высокіх тэмпаў эканамічнага развіцця».
Аднак нагадаю, што бюджэт на 2010 год быў прыняты з дэфіцытам у памеры 2,7 трыльёна рублёў. Даходы рэспубліканскага бюджэту сёлета прадугледжаныя ў суме 35,5 трыльёна рублёў. Такое планаванне
паказвае, што насамрэч урад рыхтуецца не да «высокіх тэмпаў развіцця», а да іх скарачэння.
Аднак праблемы з дэфіцытам сродкаў не пазбаўляюць улады абавязку выконваць сацыяльны кантракт, пра які перыядычна ўзгадваюць эксперты, асабліва ў час выбарчых кампаній. У новы, папярэдні прэзідэнцкім
выбарам год дзяржава ўступіла з клопатам пра беспрацоўных. Для даведкі, афіцыйны ўзровень зарэгістраванага беспрацоўя на 1 студзеня 2010 года склаў 1,2 працэнта. Сярэдні памер дапамогі па беспрацоўі
— 42 тысячы рублёў (14,6 долара ЗША). Кошты на прадукты харчавання і аплату камунальных паслуг ведаюць усе. За гэтыя грошы можна набыць прыкладна 14 пакункаў малака і столькі ж боханаў
хлеба. Астатняе беспрацоўным не прадугледжана.
Намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валянціна Каралёва паведаміла журналістам, што сёлета плануецца прывязаць памер дапамогі ў працэнтных суадносінах да бюджэту пражыткавага мінімуму (БПМ).
Велічыню гэтага працэнта чыноўніца не назвала, але падкрэсліла, што «гэта не павінна быць сума, якая б не стымулявала беспрацоўнага да пошуку працы». Сыходзячы з гэтых слоў, можна
прагназаваць, што дапамогу падымуць роўна на столькі, каб можна было адрапартаваць пра сацыяльны клопат дзяржавы, але не настолькі, каб страта працы перастала пагражаць жыхарам краіны галечай. Для
параўнання, памер дапамогі па беспрацоўі ў суседняй Літве складае ад 350 літаў (каля 100 еўра) да 1 041 літа (каля 300 еўра). Сума вылічваецца для кожнага індывідуальна ў залежнасці ад стажу працы і
памеру папярэдніх заробкаў. У Польшчы, калі страціш працу, можна разлічваць у сярэднім на 140 еўра штомесяц. «Вілка» дапаможных выплат: 440 злотых (111 еўра) — 690 злотых
(166 еўра).
Рыхтуючыся да павелічэння колькасці людзей, якія працуюць у няпоўным працоўным рэжыме, кіраўніцтва Беларусі выдзеліла на рэалізацыю праграм занятасці насельніцтва на 2010 год 154 мільярдаў рублёў
(без уліку ўласных сродкаў наймальнікаў). Павялічваць колькасць працоўных месцаў плануецца і за кошт арганізацыі аплачваемых грамадскіх прац, у тым ліку для грамадзян, якія знаходзяцца ў змушаных
адпачынках па ініцыятыве наймальнікаў без захавання заработнай платы. Колькасць тых, каму могуць адправіць месці вуліцу ці перабіраць бульбу, павялічаная да 90,5 тысячы чалавек, у тым ліку для
беспрацоўных — да 49,2 тысячы чалавек.
З улікам усіх мераў прагнозны паказчык па ўзроўні беспрацоўя да канца 2010 года павінен скласці 1,2–1,5 працэнта. Масавых звальненняў у Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны сёлета не
абяцаюць, як і залатых гор.