Салігорск. Адну і тую ж адміністрацыйную справу закрылі, а пасля зноў распачалі…

11 жніўня ў судзе Салігорскага раёна разглядалася адміністрацыйная справа паводле артыкула 24.3 (непадпарадкаванне законным патрабаванням міліцыі) супраць Аляксандра Рыбкі.

img_20210812_090628_logo.jpg

Аляксандр Рыбка быў затрыманы на сваім лецішчы ў Салігорскім раёне 9 жніўня супрацоўнікамі ГУБАЗіК. Нягледзячы на тое, што Аляксандр ужо быў адміністрацыйна пакараны за ўдзел у мінскіх акцыях падчас мірных пратэстаў, цяпер пра яго зноў успомнілі. На гэты раз — каб прад’явіць ужо больш сурьёзныя артыкулы Крымінальнага кодэксу — 342 і 293, якія прадугледжваюць пакаранне турэмным зняволеннем. Пакуль што супраць яго была распачата адміністрацыйная справа.


Аляксандра Рыбку абвінавачваюць у тым, што не адразу адчыніў дзверы лецішча, калі туды пагрукаліся супрацоўнікі міліцыі, якія мелі ордэр на ажыццяўленне ператрусу.

img_20210812_084743_1_logo.jpg

 У судзе Аляксандр патлумачыў, што ў той дзень каля 9-00 раніцы знаходзіўся непадалёку ад дзвярэй, калі ў іх моцна пагрукалі і пракрычалі: "Адчыніце дзверы, міліцыя!"

 — Я не аказваў ніякага супраціву і не хацеў, каб паламалі дзверы. Я адразу адчыніў, а ў пратаколе затрымання чамусьці запісалі інакш, з чым я не пагадзіўся ў пісьмовым выглядзе, — распавёў Аляксандр Рыбка ў судзе. Пасля таго, як міліцыянты зайшлі ў дом, мне паказалі пастанову на вобшук, дзе гаварылася аб пачатай супраць мяне крымінальнай справе па артыкулах 293, 342 Следчым камітэтам Заводскага раёна Мінска. Усе супрацоўнікі міліцыі былі ў чорных масках. Пасля таго, як я адчыніў дзверы, супраць мяне быў ужыты фізічны гвалт.

11 жніўня галоўным сведкам па абвінавачванні Аляксандра Рыбкі ў непадпарадкаванні законным патрабаванням міліцыі выступіў супрацоўнік Салігорскага РАУС Акуловіч. Па яго словах, ён суправаджаў супрацоўнікаў ГУБАЗіК да месца знаходжання падазраванага і пасля склаў пратакол аб непадпарадкаванні.

Аднак з паказанняў сведкі высветлілася, што ён нават не памятае, колькі разоў міліцыянты стукаліся ў дзверы, з якога матэрыялу былі зроблены дзверы, дый сам ён “знаходзіўся крыху ўбаку ад месца дзеяння”.

Па выніках судовай разборкі суддзя спыніла справу за непадпарадкаванне канкрэтнаму супрацоўніку міліцыі, паколькі асабіста ён нічога і не патрабаваў. Якое ж было расчараванне і маці, і ўсіх прысутных, калі канваіры падхапілі Аляксандра пад рукі і кудысьці павялі.

Высветлілася, што адміністрацыйная справа закрытая толькі па абвінавачванні ў непадпарадкаванні супрацоўніку Салігорскага РАУС, але не закрытая па яшчэ аднаму такому ж абвінавачванню з боку супрацоўнікаў ГУБАЗ на адной і той жа аснове затрымання: артыкул 8.2 Працэсуальна-выканаўчага кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Чаму нельга было заслухаць усіх сведкаў і абвінаваўцаў у рамках адной адміністрацыйнай справы, агаломшаныя прысутныя так і не зразумелі.

Сам жа затрыманы ў перапынку паспеў падзяліцца з маці інфармацыяй, што перад судом з ім усю ноч вялі “душэўныя размовы”, што ён не спаў усю ноч і лічыць, што адміністрацыйную справу адмыслова зацягваюць…

img_20210812_110554_logo.jpg


Калі ўлічыць, што супрацоўнікаў ГУБАЗа было шмат і калі кожны з іх таксама падасць па адной заяве аб непадпарадкаванні яму асабіста, то можна ўявіць, наколькі можа зацягнуцца адміністрацыйны працэс.

Зрэшты, звычайна там, дзе супрацоўнікам міліцыі не адчыняюць, ад дзвярэй нічога не застаецца. Уваходныя дзверы ў дом на лецішчы Аляксандра Рыбкі ў поўным парадку. Толькі крышку аблупленая фарба, якая сведчыць пра адсутнасць рамонту і рэдкае знаходжанне там гаспадароў. Гэты факт хутчэй ускосна сведчыць на карысць словаў менавіта Аляксандра Рыбкі, што ён адразу ж адчыніў дзверы на стук міліцыі і “падпарадкаваўся яе законным патрабаванням”.