Аляксандра Рыбку асудзілі на 15 сутак па справе, у якой напярэдадні прызналі невінаватым
13 жніўня Салігорскі суд адправіў на 15 сутак Аляксандра Рыбку за нібыта непадпарадкаванне законным патрабаванням міліцыі. Цікава, што напярэдадні той жа суд прызнаў, што непадпарадкавання не было.
13 жніўня ў Салігорску паўторна разглядалася справа Аляксандра Рыбкі аб непадпарадкаванні законным дзеянням супрацоўнікаў міліцыі. Судовы працэс пачаўся 12 жніўня. Тады па выніках судовай разборкі суддзя Салігорскага народнага суда Серадзенка спыніла справу па непадпарадкаванні супрацоўніку Салігорскага РАУС Акуловічу, які 9 жніўня прысутнічаў пры затрыманні Аляксандра супрацоўнікамі ГУБАЗіКа і адмыслова напісаў заяву ў суд.
Нагадаем, нягледзячы на тое, што Аляксандр Рыбка ўжо адбыў адміністрацыйныя пакаранні ў сувязі з удзелам у восеньскіх мірных пратэстах, 9 жніўня супрацоўнікі ГУБАЗіКа прыйшлі з ператрусам на яго лецішча ў сувязі з тым, што хлопца могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці за «ўдзел у масавых беспарадках» паводле артыкулаў 342 і 293 КК.
Паўторна справа разглядалася ўжо ў закрытым рэжыме. Родзічаў і сяброў, якія з’явіліся ў суд Салігорскага раёна ў 9:00, на судовым стэндзе чакала непрыемная навіна. Паўторны адміністрацыйны працэс па арт. 24.3 у дачыненні да Аляксандра Рыбкі з удзелам суддзі Пракаповіч быў перанесены ў будынак Салігорскага РАУС.
Зразумела, што ніхто з жадаючых папрысутнічаць на разгляд справы так і не патрапіў.
Такую-сякую інфармацыю пра лёс сына маці здолела атрымаць толькі пасля абеду.
Згодна з інфармацыяй з Салігорскага РАУС, паводле слоў маці, на паўторным судзе Аляксандра прызналі вінаватым у тым, што ён не адразу адрэагаваў на грукат у дзверы, не падпарадкаваўся законным патрабаванням міліцыі.
Прысуд (пакуль): 15 сутак.