На лецішчы затрыманы аматар-раварыст Аляксандр Рыбка

Імя раварыста Аляксандра Рыбкі, бухгалтара па спецыяльнасці, стала вядомае многім беларусам пасля таго, як ён 18 кастрычніка 2020 года на ровары праехаў з Слуцка 100 кіламетраў для ўдзелу ў Партызанскім маршы ў Мінску.

img_20201219_220541_501_logo_1.jpg


Пасля 10 жніўня 2020 года Аляксандр адседзеў тры дні ў Жодзіна без афармлення папер. Другі раз быў затрыманы 20 жніўня каля прахадной МАЗ і пакараны штрафам у 20 базавых велічынь па артыкуле 23.34.

21 кастрычніка Аляксандр Рыбка ўдзельнічаў у мерапрыемстве каля помніка ахвярам гета, і за гэта таксама быў пакараны 15 соднямі арышту. Пасля былі дададзены яшчэ 15 содняў за ўдзел у мінскіх акцыях. 


Апошнія месяцы Аляксандр жыве ў Слуцку з бацькамі. Раніцай 9 жніўня яго затрымалі на бацькоўскім лецішчы ў вёсцы Мецявічы Салігорскага раёна.



Аб затрыманні сына бацькі даведаліся толькі вечарам ад сваіх сваякоў па тэлефоне.

Каля 7 гадзін раніцы Саша прыгатаваў сабе ежу, але не паспеў пад'есці, — дзеліцца атрыманай інфармацыяй маці, Валянціна Уладзіміраўна. — Суседзі бачылі, што пад’ехалі два бусы з мігалкамі, выскачылі амапаўцы ў чорных масках, атачылі дом. Дзеля вобыску пачалі шукаць панятых, шмат хто з суседзяў катэгарычна адмовіўся.

Пасля зрабілі ператрус і перавярнулі ўвесь дом. Па якім артыкуле яго затрымалі — невядома. Яшчэ будзем даведвацца. Вывелі яго з дому толькі а дзясятай — у кайданках, майцы і шортах.

Ужо ў абед слуцкія міліцыянты пераскочылі праз плот (варотцы былі зачынены на ключ) і ўвайшлі ў дом бацькоў у Слуцку. Дома быў толькі глухі бацька, якога напалохала такая спецаперацыя. Нічога крамольнага міліцыянты ў доме не знайшлі.

 — Муж чысціў бульбу, уключыў ТБ, каб паглядзець выступ Лукашэнкі, як раптам убачыў побач з сабой постаці 5 міліцыянтаў, — распавядае Валянціна Уладзіміраўна. — Нічога не патлумачылі. Але пасля агляду дома патэлефанавалі некаму і сказалі, што нічога не знайшлі. Сышлі з дома. Я на той час адсутнічала ў хаце, а муж мне не патэлефанаваў, бо не хацеў трывожыць. Я ўжо ў гадах і маю слабае здароўе.

Пасля атрымання інфармацыі ад сваякоў (з Салігорскага РАУС ніхто так і не патэлефанаваў), бацька тэрмінова выехаў на лецішча, знявечанае ператрусам.

Маці ж паехала ў Салігорск у пошуках інфармацыі пра сына раніцай 10 жніўня.