Што будзе з закінутым помнікам дойлідства, які пацярпеў ад узвядзення гмаху «Ля Траецкага»?
У Траецкім прадмесці Мінску, насупраць сувораўскай вучэльні, па вуліцы імя акадэміка Георгія Заборскага, 3 месціцца закінуты трохпавярховы дом — помнік шараговай гарадской забудовы другой паловы XIX стагоддзя.
На пачатку узвядзення гмаху «Ля Траецкага» — калі
сталі капаць катлаван і ўганяць у зямлю буранабіўныя сваі, помнік архітэктуры моцна пацярпеў — ягоныя канструкцыі пачалі трэскацца і па сценах пайшлі расколіны. Каб не дапусціць поўнага разбурэння
будынку, яго па перыметры ўзялі ў абойму з стальных швелераў. З-за аварыйнага стану прыкладна год таму гэты помнік архітэктуры, які знаходзіцца на балансе камунальных службаў Цэнтральнага
раёна сталіцы, быў выведзены з эксплуатацыі.
У інтэрвью карэспандэнту НЧ старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры (далей — таварыства) Антон Астаповіч патлумачыў, што ў сталіцы склалася шкодная практыка, калі новае будаўніцтва
вядзецца побач з помнікамі дойлідства і наносіць ім непапраўную шкоду. Здараецца так таму, што не прадугледжваюцца неабходныя мерапрыемствы для захавання помнікаў дойлідства: Міністэрства архітэктуры
і будаўніцтва нават і не патрабуе адпаведную праектную дакументацыю, а Міністэрства культуры яе не ўзгадняе. Прычым, чыноўнікі ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі
Мінкультуры спасылаюцца на тое, што паколькі непасрэдна на помніку работы не вядуцца, узгадненне нейкіх дапаўняльных дакументаў па гэтаму аб’екту будзе залішнім.
Разам з тым, артыкулы 27 і 28 закона аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны забараняюць любыя дзеянні, якія могуць нанесці шкоду гісторыка-культурным каштоўнасцям. Аднак на практыцы адбываецца
інакш. Вось чаму ў аварыйным стане знаходзіцца шэраг помнікаў архітэктуры па сталічнай вуліцы Рэвалюцыйнай. Падобная сітуацыя склалася ў гістарычным цэнтры Брэста, дзе шырока вядзецца новае
будаўніцтва.
Каб пазбавіцца ад гэтага сістэмнага парушэння заканадаўства аб ахове помнікаў, яно патрабуе належнага развіцця — распрацоўкі падзаконных нарматыўных актаў і адпаведнай тэхнічнай дакументацыі. Паколькі
дзяржаўныя структуры гэтым не займаюцца, таварыства распрацавала два праекты тэхнічных дакументаў па ахове помнікаў у зоне новага будаўніцтва.
Для узнаўлення занядбанага помніка архітэктуры па вуліцы Забродскага,3 неабходна правесці інжынерна-тэхнічныя даследаванні, прымаць рашэнне пра ўмацаванне канструкцый гэтага будынку з далейшай
яго рэканструкцыяй і рэстаўрацыяй, лічыць Антон Астаповіч. Пры гэтым ён падкрэсліў, што трэба захаваць аўтэнтычныя канструкцыі помніка дойлідства, не дапусціць ягонага дэмантажу і ўзвядзення муляжа
гістарычнага будынку.