Што скажа пра Беларусь Святлана Алексіевіч у сваёй «банкетнай прамове»?

10 снежня ў сталіцы Швецыі Стакгольме беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч атрымае Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры з рук шведскага караля Карла Густава ХVI. 



al.jpg

AFP

Нобелеўская прэмія — гэта ганаровы дыплом, залаты медаль вагою 175 грамаў і з выявай Нобеля і дакумент, што пацвярджае грашовую частку прэміі (сёлета гэта каля 970 тысяч долараў).

Узнагароджанне адбудзецца ў Стакгольмскай канцэртнай зале, пачатак у 18:30 паводле беларускага часу. Спачатку выступіць старшыня Нобелеўскага камітэта Касі Кулман Файв, а потым кароль Швецыі Карл Густаў ХVI уручыць кожнаму лаўрэату адмысловы медаль з выявай Альфрэда Нобеля і дыплом.

Лаўрэаты мусяць трымацца строгага дрэс-коду: для мужчын: чорны фрак, белая камізэлька, манішка, белы гальштук-мятлік, запанкі, шаўковыя шкарпэткі. Для жанчын абавязковых умоваў менш — доўгая вечаровая сукенка да падлогі любога колеру. Вядома, што Святлана Алексіевіч будзе ў складаным строі светла-бэзавага колеру.

А 21:00 паводле беларускага часу — банкет у Блакітнай зале Стакгольмскай ратушы. У залу па лесвіцы кароль Швецыі будзе весці менавіта Святлану Алексіевіч (калі няма жанчыны-лаўрэаткі, па традыцыі кароль вядзе жонку лаўрэата Нобеля па фізіцы). На банкет запрошана 88 ганаровых гасцей — сёлетнія лаўрэаты, лаўрэаты мінулых гадоў, выбітныя навукоўцы, міністры, дыпламаты, каралеўская сям’я — Карл Густаў XVI, каралева Сільвія, прынцэса Сафія... На афіцыйным сайце Нобелеўскага камітэту ўжо пазначаны і парадак рассаджвання ганаровых гасцей.

Першы тост на банкеце традыцыйна за каралеўскую сям’ю, другі — за Нобеля. Чакаюцца і кароткія банкетныя прамовы кожнага з сёлетніх лаўрэатаў (па 2 хвіліны). «У банкетнай прамове будзе пра Беларусь», сказала пісьменніца журналістам напярэдадні, 9 снежня, адказваючы на папрокі крытыкаў яе Нобелеўскай лекцыі.

Усяго на банкеце за святочнымі сталамі будзе прыкладна 1300 запрошаных, бальшыня аплачвае банкет самастойна (кошт каля 270 еўра). Але на банкеце заўсёды прысутнічаюць і студэнты шведскіх ВНУ, якія могуць выйграць «шчаслівы квіток» у адмысловай латарэі. Ужо распісаныя месцы за святочнымі сталамі — у Святланы нумар 60, яна будзе сядзець паміж цяперашнім рыксмаршалам прафесарам Свантэ Ліндквістам і колішнім выканаўчым дырэктарам фонду Нобеля Мікаэлем Сульманам, непадалёк ад прынцэсы.

Меню кожны год мяняецца і да пачатку банкету трымаецца ў строгай таямніцы. Гатуюць лепшыя швэдскія кухары. Але ў меню абавязкова павінны быць уключаныя стравы скандынаўскай кухні з ласосем, морапрадуктамі і дзічынай.

Нобелеўскі банкет — не проста вячэра, а цэлы рытуал, дзе ўсё разлічана да хвіліны. Да прыкладу, страву трэба адначасова падаць 1300 гасцям за 2 хвіліны. Адмысловы посуд, абрусы, кветкі...

На заканчэнне абавязкова падаецца дэсерт — марозіва, упрыгожанае літарай N, што нагадвае карону. На падачу марозіва даецца больш, чым на прамову — 3 хвіліны.

На сайце Нобелеўскага камітэта прыведзены ўсе меню банкетаў, пачынаючы з 1901 году ўключна з 2014-м. А ў шведаў і турыстаў ёсць магчымасць пакаштаваць стравы, што падавалі на Нобелеўскіх банкетах у розныя гады — у стакгольмскай рэстарацыі Stadshuskällaren, якая знаходзіцца ў самой ратушы.

Пасля банкету ў Залатой зале адбудзецца баль. Пачатак а 00:15. І на першы танец па традыцыі кароль Швецыі запрашае жанчыну-лаўрэатку. То бок, Святлана Алексіевіч будзе танцаваць з каралём.

У інтэрв’ю Радыё Свабода тыдзень таму яна прызналася: «Там ёсць такі адзін складаны момант, калі кароль бярэ кагосьці і танцуе. Танцы для мяне — самае складанае. Там будзе баль, але не думаю, што такі, як раней у каралеўскіх палацах. Будзе кароль, забытыя сімвалы — гэта цікава...»

Пасля афіцыйнай імпрэзы свята ў Ратушы працягваецца. Nobel Night Cap — гэта вечарынка, якая арганізоўваецца студэнтамі. Студэнты, афіцыянты, арганізатары банкета гуляюць да раніцы.