Мы павіншавалі Алексіевіч тэлеграмай — вы лічыце, сціпла?
Міністр культуры Барыс Святлоў не лічыць, што дзяржава павіншавала Святлану Алексіевіч з атрыманнем Нобелеўскай прэміі вельмі сціпла.
Барыс Святлоў, govorim.by
Пра гэта ён заявіў журналістам 10 снежня ў Палаце прадстаўнікоў.
"Міністэрства культуры павіншавала. Вы лічыце, сціпла павіншавалі? Што мы павінны былі зрабіць? Тэлеграмай павіншавалі, звычайнай — ад усёй душы... Ведаеце, мы ганарымся, безумоўна, тым, што ў нас ёсць лаўрэат гэтай прэміі. Святкаваць? Я падумаю, як можна яшчэ ў рамках Міністэрства культуры адзначыць, калі чалавек ужо атрымае прэмію", — цытуе СвятловаЕўрарадыё.
Пры гэтым міністр падкрэсліў, што чакае ініцыятывы з боку самой Алексіевіч. "Калі ў яе не будзе жадання, мне незразумела, як святкаваць", — паведаміў чыноўнік. Пры гэтым ён дадаў, што ў самой пісьменніцы пра гэта не пытаўся.
Сёння ў Стакгольме пройдзе цырымонія ўручэння Нобелеўскай прэміі Святлане Алексіевіч. Ніводзін беларускі дзяржаўны тэлеканал не будзе весці прамую трансляцыю з мерапрыемства.
А напярэдадні цырымоніі намеснік міністра культуры Ірына Дрыга аб’явіла, што Святлана Алексіевіч фактычна не лічыцца дзяячкай культуры Беларусі.