Што такое «духоўнасць»?

На мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка заклапаціўся духоўнасцю і маральным абліччам беларусаў.

Звяртаючыся да пісьменнікаў, 25 кастрычніка на сустрэчы з членамі грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі», ён папрасіў іх смела ўзнімаць у сваіх кнігах сацыяльныя, светапоглядныя і маральныя праблемы сучаснасці. «Але не апускайцеся да вульгарнага ачарнення і пошласці», — прыводзіць словы Лукашэнкі прэс-служба прэзідэнта.



6e923226e43cd6fac7cfe1e13ad000ac.jpg

На мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка заклапаціўся духоўнасцю і маральным абліччам беларусаў.
Звяртаючыся да пісьменнікаў, 25 кастрычніка на сустрэчы з членамі грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі», ён папрасіў іх смела ўзнімаць у сваіх кнігах сацыяльныя, светапоглядныя і маральныя праблемы сучаснасці. «Але не апускайцеся да вульгарнага ачарнення і пошласці», — прыводзіць словы Лукашэнкі прэс-служба прэзідэнта.
Пры гэтым ён дадаў, што шэсць гадоў таму была падтрымана ініцыятыва стварэння Саюза пісьменнікаў Беларусі для аб’яднання здаровых творчых сіл.
Прэзідэнт адзначыў, што дзяржава імкнецца стварыць усе ўмовы для пісьменніцкай працы. Так, за 5 гадоў з бюджэту выдзелена больш за 16 мільярдаў рублёў на выпуск звыш 500 твораў агульным накладам 2 мільёна асобнікаў.
«Ваша грамадскае аб’яднанне карыстаецца беспрэцэдэнтнай падтрымкай дзяржавы. У адказ мы чакаем ад вас толькі аднаго — яркіх і таленавітых твораў. Гэта наша агульная зацікаўленасць», — сказаў прэзідэнт.
Паводле яго меркавання, чытач чакае сур’ёзных, маштабных твораў, якія б зламалі стэрэатыпнае ўяўленне пра беларусаў як пра вечна прыгнечаны, пасіўны і цёмны народ. «Насамрэч беларускі народ выстаяў перад тварам шматлікіх трагедый, войнаў і катастроф. Менавіта характар чалавека, яго духоўныя сілы заўсёды былі ў цэнтры самых значных мастацкіх твораў. І сёння востра стаіць праблема героя-сучасніка», — лічыць кіраўнік дзяржавы.
Што важна адзначыць са звароту Лукашэнкі да пісьменнікаў? Па-першае, «ініцыятыва стварэння Саюза пісьменнікаў Беларусі» была падтрымана дзяржавай. То бок, Лукашэнка фактычна прызнаў, што менавіта дзяржава раскалола саюз пісьменнікаў на «правільных» і «няправільных». У «няправільных» забралі Дом літаратара.
Па-другое, што «ваша грамадскае аб’яднанне карыстаецца беспрэцэдэнтнай падтрымкай дзяржавы». То бок, мы цалкам можам называць Саюз пісьменнікаў праўладнай арганізацыяй, якая дзейнічае з прынцыпу «хто дзяўчынку корміць, той яе і танчыць».
І трэцяе: «дзяржаўныя» пісьменнікі не здольныя зацікавіць чытача. «Так, за 5 гадоў з бюджэту выдзелена больш за 16 мільярдаў рублёў на выпуск звыш 500 твораў агульным накладам 2 мільёна асобнікаў», — сказаў Лукашэнка. Але, паводле дадзеных кіраўніка дзяржавы, да канца 2010 года нерэалізаваныя рэшткі сацыяльна значных кніг выдавецтва «Мастацкая літаратура» складалі амаль 50% ад усіх выпушчаных найменняў і 30% ад іх накладу.
У прынцыпе, калі я чую такія рэчы, мне адразу ўзгадваюцца браты Стругацкія і іх «Брыдкія лебедзі». А канкрэтней — размова пісьменніка Віктара Банева з былым філосафам, а на момант сустрэчы «макрацом» Зурзмансорам. «Маральныя каштоўнасці не прадаюцца, Банеў. Іх можна разбурыць, купіць іх нельга. Кожная дадзеная маральная каштоўнасць патрэбна толькі аднаму боку, красці або купляць яе не мае сэнсу. Спадар прэзідэнт уяўляе, што купіў жывапісца Р. Квадрыгу. Гэта памылка. Ён купіў халтуршчыка Р. Квадрыгу, а жывапісец працёк у яго паміж пальцамі і памёр», — казаў Зурзмансор Баневу.
Таму я не веру ні ў падтрымку «дзяржаўных пісьменнікаў», ні ў тое, што ў свеце ёсць «сацыяльна значныя кнігі». Ёсць кнігі, якія чытаюць, якія, як у савецкія часы, прадаюць «з-пад палы», якія ў Беларусі забароненыя для продажу. І ёсць халтура.
Да прыкладу, паспрабуйце ў дзяржаўных крамах набыць «Сьцяну» Васіля Быкава, «Паранойю» Віктара Марціновіча, альбо «Аляксандр Лукашэнка. Палітычны партрэт» Валера Карбалевіча. Паспрабуйце знайсці творы Алеся Адамовіча, Святланы Алексіевіч… Нездарма ж першай ініцыятывай старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі было закрыццё выдавецтва «ЛогвінаЎ», якое якраз і аддае перавагу якасным кнігам. Тым, «якія б зламалі стэрэатыпнае ўяўленне пра беларусаў як пра вечна прыгнечаны, пасіўны і цёмны народ». Значна прасцей пісаць порна-раманы пра замежнае жыццё, кампенсуючы свае сэксуальныя комплексы, чым стварыць нешта накшталт «Рыбінага горада» Наталкі Бабінай, які трапіў у шорт-ліст самай прэстыжнай літаратурнай прэміі Цэнтральнай Еўропы — прэмію «Ангелус», якую заснаваў горад Уроцлаў.
І твор Бабінай жа выйшаў не ў «Мастацкай літаратуры», а ў серыі кнігарняў «Нашай нівы»!
Раман «Сцюдзёны вырай» Віктара Марціновіча выйшаў толькі ў электронным выглядзе на сайце 34mag.net. Як кажа аўтар, гэтая кніга не магла з’явіцца ў традыцыйным выглядзе з-за цэнзуры. Але, здаецца, і з гэтай з’явай Аляксандр Лукашэнка мае намер змагацца.
Беларусь навучылася змагацца з «рэвалюцыямі праз сацыяльныя сеткі», заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з удзельнікамі пасяджэння Савета Парламенцкай асамблеі АДКБ, якое праходзіла 26 кастрычніка ў Мінску. «Мы навучыліся змагацца з гэтым злом, і мы дамовіліся пра тое, што павінны каардынаваць нашы намаганні. Тут няма ніякага страху, тут няма ніякіх забаронаў. Мы ні ў якім выпадку не закрываем інтэрнэт, блогі, старонкі ў сацыяльных сетках. Мы нікому не супрацьдзейнічаем — калі ласка, гаварыце, абмяркоўвайце. Але калі гэта супрацьзаконнае дзеянне, мы адпаведныя меры прымаем», — падкрэсліў Лукашэнка.
А тым часам на Нацыянальным прававым партале з’явіўся законапраект, які ўводзіць штраф за доступ да забароненых сайтаў. Магчымыя змены датычацца не толькі абмежавання доступу да забароненых сайтаў, але таксама рэкламы на замежных сайтах і ўвядзення штрафу за адсутнасць базы дадзеных карыстальнікаў паслуг.
«Ажыццяўленне дзейнасці па рэалізацыі тавараў, выкананню работ, аказанню паслуг на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з выкарыстаннем інфармацыйных сетак, сістэм і рэсурсаў, якія маюць падключэнне да сеткі інтэрнэт, не размешчаных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і (або) не зарэгістраваных ва ўстаноўленым парадку, цягне накладанне штрафу на індывідуальнага прадпрымальніка або юрыдычную асобу ў памеры ад дзесяці да трыццаці базавых велічынь. Парушэнне патрабаванняў заканадаўства аб абмежаванні доступу карыстальнікаў інтэрнэт-паслуг да інфармацыі, забароненай да распаўсюджвання ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі цягне накладанне штрафу на індывідуальнага прадпрымальніка або юрыдычную асобу ў памеры ад дзесяці да трыццаці базавых велічынь».
Рабіце высновы, спадары пісьменнікі.