Што варта ведаць, каб быць гарадскім?

Горад, і не толькі сучасны, — гэта перш за ўсё публічная прастора, у якой разгортваецца наша жыццё. Самотнымі мы толькі нараджаемся і паміраем (дый тое незаўсёды), а ўсё астатняе адбываецца на вачах супольнасці. І ў яе патрапляюць не толькі сваякі і знаёмыя, як у вёсцы, а цалкам незнаёмыя асобы, з якімі мы мусім лічыцца.



gorad_0.jpg

Фота: Андрэй Аляксандраў

Калі горад расце, «глытаючы» суседнія маленькія вёскі і мястэчкі, як у свой час рос Берлін і як зараз расце Мінск, то кожны асобны раён мае непаўторны каларыт і прывабнасць. Зусім іншая справа, калі жыллё для работнікаў нейкага буйнога прадпрыемства будуецца вакол прамысловых будынкаў, а потым з цягам часу гэты гіпертрафіраваны рабочы пасёлак атрымоўвае статус горада, які мае «горадаўтвараючае прадпрыемства».

Але ж тут яшчэ пытанне: ці з'яўляецца гэтае новаўтварэнне горадам? Існуючы інстытут рэгістрацыі (былой прапіскі) вельмі фармальна падыходзіць да таго, хто з'яўляецца жыхаром горада, а хто не.

Пячатка ў пашпарце аб рэгістрацыі — гэта толькі фармальны доказ таго, што жывеш у горадзе. Акрамя паперкі патрэбны яшчэ і іншыя сведчанні пра прыналежнасць да гарадской супольнасці. Такімі сведчаннямі можа быць стыль жыцця, разуменне гісторыі і адказнасць за будучыню.

Усё тое, чаго няма ў турыстаў ці часовых наведвальнікаў. Гэта проста не іх клопаты.

Для жыхароў нават самых буйных гарадоў існуе панятак мой двор, мая школа, месца, дзе нарадзіўся, дзе ўпершыню закахаўся, пабіўся ды і шмат чаго іншага, што назаўсёды застаецца з намі. Але вельмі складана зразумець і ўявіць агульную ідэнтычнасць жыхароў усяго горада, якая б складалася не з такіх дробных, прыватных успамінаў, а са слоганаў накшталт: «Мінск — жыцця майго крыніца!»

journalby.com__files_rogachyov_b9add5d44d449bf96f35b100b9f50fb4.jpeg

Рагачоў. Помнік "Сгушчонцы". Фота: fotobel.by

Штучна створаны дзень горада не можа быць падставай для аб'яднання. Дарэчы, у адрозненне ад традыцыйнай вясковай супольнасці, дзе людзі самі былі адказнымі за тое, якім чынам у іх будзе арганізавана святкаванне з той ці іншай нагоды, у горадзе для гэтага ёсць адмысловая прастора і падрыхтаваныя прафесійныя забаўляльнікі.

Ці дзе вучаць быць «гарадcкімі»?

Напэўна, гэта пытанне да Піта Паўлава і аднаго з яго праектаў з адпаведнай назвай. Даўно вядомы жарт пра тое, што можна вывезці чалавека з вёскі, але ж немагчыма вывезці вёску з чалавека. І як у кожным жарце, у ім толькі частка смешная, а ўсё астатняе праўда. Існуючы факультатыўны курс «Мінсказнаўства» для мінскай пачатковай школы (1-4 класы) не ёсць панацэя. Ён безумоўна навучыць адрозніваць аўтобус ад трамвая ці тэатральную афішу ад анонсаў кінатэатра ды іншым нормам паводзін у публічнай прасторы.

Толькі культура ў шырокім сэнсе дапамагае нам зразумець чым горад Х адрозніваецца ад горада Y: архітэктура, паводзіны людзей, транспарт, прастора для машын ці людзей.

Для тых жыхароў горада, у якіх дастатковы фінансавы ўзровень, але ёсць пэўныя праблемы з узроўнем адукацыі, сучаснае грамадства спажывання прапаноўвае вельмі простую і прывабную мадэль: акт спажывання ёсць дасягненне.

Горад як прастора веды

Дзе месца для універсітэта і яго месца ў горадзе? Добрае пытанне. Ці можа быць універсітэт у вёсцы? Напэўна, не. Але ж, безумоўна, некаторыя кампусы знаходзяцца па-за межамі буйных гарадоў, аднак немагчыма назваць іх вясковымі. А ці можа быць універсітэт у аграгарадку? Таксама не, бо гэта не горад.

Таму што менавіта універсітэт робіць горад горадам. Універсітэт — гэта прынцыповае адрозненне ад традыцыйных метадаў адукацыі і перадачы ведаў, калі ў сям'і кавалёў сын без варыянтаў станавіўся кавалём, а дзеці бортнікаў не маглі займацца нічым іншым, акрамя пчалярства.

Універсітэт дазволіў выбіраць не вузкую спецыялізацыю, а імкнуцца да больш шырокай і незалежнай прафесіі. Універсітэт — гэта той асяродак культуры, які выцягвае на больш высокі ўзровень увесь горад.

journalby.com__files_national__3ca93a93e68de647bb289e0608cb648f.jpeg

Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Фота: Ірына Беразоўская

Бібліятэка

Напэўна, зараз, калі доступ да інтэрнэту стаў адным з складнікаў камфорту, складана ўявіць, наколькі істотнай была роля бібліятэк для фармавання горада. Безумоўна, прыватныя бібліятэкі, як і прыватныя калекцыі, існавалі і могуць існаваць у закрытым рэжыме рэзідэнцый і палацаў.

Аднак для фармавання адукацыйнай прасторы гэта неабходная рэч. Бібліятэка сёння — гэта больш не шафы з кнігамі, а перш за ўсё публічная прастора, дзе адбываюцца розныя імпрэзы і выставы, ёсць доступ да інтэрнэту. Такую grassroot актыўнасць як буккросінг ці свабодныя бібліятэкі можна успрымаць як новае жыццё бібліятэк ці проста бібліятэку 2.0.

journalby.com__files_img_7414__eab2517a3a313af585eaa3162cdf1903.jpeg

Фота: Юлія Янюк-Казлоўская

Адказнасць і ўдзел у кіраванні

Тут мы падыходзім да пытання актыўнага ўдзелу гараджан у жыцці горада. Становішча, калі кіраўнік горада адказны перад жыхарамі. На вялікі жаль, у Мінску няма мэра, а ёсць старшыня гарадскога выканаўчага камітэта. І тут пытанне не толькі ў пасадзе, якая пазначана на візітоўцы. Бо адна справа, калі дзейнасць кіраўніка гарадскіх улад ацэньвае насельніцтва, і зусім іншая, калі чыноўнік адказны перад асобай, якая прызначыла яго на гэту пасаду.

Такім чынам, веды, якія прапануюць гараджанам універсітэты, бібліятэкі, музеі, мусяць быць запатрабаваны ў тым ліку і для таго, каб больш эфектыўна і рацыянальна ацэньваць дзейнасць кіраўніцтва і імкнуцца прымаць непасрэдны ўдзел у кіраванні, дакладней, у самакіраванні і самаарганізацыі тых працэсаў, з якіх і складаецца гарадское жыццё.

journalby.com

Тэкст прадстаўлены рэдакцыяй альманаху Мінскай урбаністычнай платформы «Городские тактики». Прэзентацыя нумара адбудзецца 9 лістапада (панядзелак) у 18.30 у бізнэс-клубе Imaguru (вул. Фабрыцыуса, 4).