Сяргей Навумчык: «Мы крыкам крычалі пра пагрозу Незалежнасці, а нам смяяліся ў твар»

Палітык і журналіст Сяргей Навумчык разважае, што ігнараванне Незалежнасці як найвышэйшай каштоўнасці дзяржавы — і прывяло да драматычных сённяшніх вынікаў: краіна страціла 30 гадоў!

hroniki_cihaha_pratestu___fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_27_kastrycznika__27__logo_logo.jpg

30 гадоў таму, у верасні 1993-га, на імперскім шабашы камуністаў з былых савецкіх рэспублік у Менску, дэпутат Лукашэнка заявіў, што СССР павінен быць адноўлены ў форме аб’яднання хаця б толькі Беларусі і Расіі, а Беларусь як незалежная дзяржава павінна спыніць сваё існаванне. Месяцам раней ён сказаў тое ж самае ў інтэрв’ю маскоўскай газеце «Правда».

Васіль Быкаў тады выступіў з гнеўнай водпаведдзю Лукашэнку ў «Народнай газеце», а мы, дэпутаты БНФ, запатрабавалі пазбавіць Лукашэнку і іншых праімперскіх дэпутатаў мандатаў у Вярхоўным Савеце.

Мы, як гаворыцца, крыкам крычалі пра пагрозу Незалежнасці, а нам смяяліся ў твар. Памятаю сваю размову з Віктарам Ганчаром, які, усміхаючыся, сказаў, што яны («маладыя ваўкі») усё роўна прыйдуць да ўлады. Вось жа, Віктар, лепш бы не рваліся вы ва ўладу — і для цябе было б лепш таксама...

Менавіта ігнараванне Незалежнасці як найвышэйшай каштоўнасці дзяржавы, не ўсведамленне гэтай ісціны найперш элітай — палітычнай, чынавенскай, бізнесовай, урэшце вайсковай — і прывяло да драматычных сённяшніх вынікаў.

Мы, 30 дэпутатаў БНФ сярод 345, як казаў той жа Быкаў, зрабілі больш, чым маглі. Чым можа зрабіць 10% супраць 90%. Але, калі ўжо працягваць пра лічбы, дык больш як 200 год акупацыі, стагоддзі жыцця пад Расійскай імперыяй (і яе рэінкарнацыі ў выглядзе СССР) не маглі не паўплываць на масавую свядомасць.

Таму і былі ўспрынятыя заклікі — спачатку кволыя ў Кебіча, а потым і агрэсіўныя ў Лукашэнкі, пра вяртанне ў СССР (тут нагадаю, што з восені 1993-га і па красавік 1994-га, калі Лукашэнка выступіў супраць Кебіча, — дзяржаўнае, падпарадкаванае Кебічу, радыё давала Лукашэнку эфір, у той ці іншай форме, практычна штодня (а радыёкропка была ў кожнай кватэры, у кожнай хаце. Нам, дэпутатам БНФ, атрымаць эфір удавалася з вялікай цяжкасцю — у Лукашэнкі было паўгады, каб «прамыць мазгі» людзям).

Дарэчы, вось адказ тым, хто выступаючы супраць Лукашэнкі, адначасна кажа — «неважно, на каком языке»: у Літве, Латвіі, Польшчы, ва Украіне, у Грузіі, ды дзе заўгодна аднаго толькі стаўлення да мовы тытульнай нацыі, якое выяўляў і выяўляе Лукашэнка, было б дастаткова, каб шанец абрацца на пасаду прэзідэнта раўняўся нулю.

30 год — нішто для Гісторыі, але гэта палова свядомага актыўнага чалавечага жыцця, якая ў лёсах дзевяці мільёнаў беларусаў вырваная. Гэтыя дзесяцігоддзі можна было пражыць зусім па-іншаму.

З гэтага вынікае просты, але самы важны ўрок.

Пакуль абсалютная большасць беларусаў не ўсвядоміць каштоўнасць незалежнай дзяржавы і вартасць нацыянальных каштоўнасцяў (найперш, беларускай мовы) — падзеі будуць пракручвацца па коле, яшчэ і яшчэ раз, і дзецям ды ўнукам будзе наканавана паўтарыць лёс бацькоў ды дзядоў.